Габрэйскае агенцтва паведаміла працаўнікам у Беларусі аб спыненні іміграцыйнай дзейнасці, а потым адклікала рашэнне


Габрэйскае агенцтва для Ізраілю («Сахнут») накіравала сваім працаўнікам у Беларусі просьбу спыніць прасоўванне аліі (рэпатрыяцыі ў Ізраіль), але пасля запыту журналістаў «The Jerusalem Post» аб падрабязнасцях просьбу «замарозілі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Еврейское агентство для Израиля («Сохнут»)/Facebook

Ізраільская газета «The Jerusalem Post» апублікавала гэтую інфармацыю са спасылкай на дзве крыніцы, якія бачылі перапіску агенцтва з яго прадстаўніком у Беларусі. У лістах было даручана замарозіць дзейнасць, звязаную з прасоўваннем аліі. Але пасля таго як журналісты выдання звярнуліся ў «Сахнут» па тлумачэнні, даручэнне аб спыненні дзейнасці было адкліканае.

«Незразумела, чаму агенцтва змяніла сваё рашэнне. Ні ў адным з лістоў таксама не было пазначана, чаму агенцтва папрасіла адмяніць або замарозіць дзейнасць, якая прызначалася для прасоўвання аліі», – каментуюць гэтую сітуацыю ў газеце.

Адной са здагадак могуць быць цесныя сувязі паміж Расеяй і Беларуссю і напружанасць паміж Габрэйскім агенцтвам і Расейскай Федэрацыяй, бо Міністэрства юстыцыі Расеі сцвярджае, што «Сахнут» ёсць замежным агентам і мае быць ліквідаваны.

Паводле Габрэйскага банку звестак, у Беларусі налічваецца 8500 прадстаўнікоў асноўнага габрэйскага насельніцтва і 33 000 чалавек, якія маюць права на іміграцыю ў адпаведнасці з ізраільскім Законам аб вяртанні. Габрэйскае агенцтва мае аднаго ізраільскага прадстаўніка ў Беларусі і каля 20 мясцовых работнікаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў