У паветраную прастору Польшчы ўвайшоў невядомы аб'ект


Паветраная прастора Польшчы раніцаю 29 снежня была парушаная неапазнаным паветраным абʼектам.  

«Раніцаю неапазнаны паветраны абʼект увайшоў у паветраную прастору Рэспублікі Польшча з боку мяжы з Украінай і з моманту мінання мяжы да знікнення сігналу назіраўся радарамі сістэмы паветранай абароны краіны.

Згодна з дзейным парадкам аператыўны камандуючы Узброенымі сіламі мабілізаваў сілы і сродкі ў сваім распараджэнні», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні польскага боку.

Паводле RMF FM, аб’ект, які рухаўся на захад на вялізнай хуткасці, бачылі ў гміне Далгабычаў Люблінскага ваяводства паблізу Пшэводава. Пры гэтым звестак пра выбух няма. Цяпер шукаюць абʼект. Журналісты выдання мяркуюць, што гэта магло быць кароткатэрміновае парушэнне паветранай прасторы.

Выданне Onet.pl піша са спасылкаю на мясцовыя ўлады, што невядомы абʼект быў чорны, даўжынёй ад аднаго да двух метраў. Ён ляцеў даволі нізка, ніжэй за самалёт. Ніякіх прыкметаў таго, што нешта ўпала на зямлю, няма.

Міністр абароны Польшчы Владыслаў Касіняк-Камыш заявіў, што ў звязку са з’яўленнем у польскай паветранай прасторы неапазнанага абʼекта дзяржаўныя службы «адрэагавалі неадкладна». Міністр застаецца ў кантакце з прэзідэнтам, прэмʼер-міністрам, начальнікам Генеральнага штабу і аператыўным камандуючым узброенымі сіламі.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда склікаў нараду з вайсковым кіраўніцтвам краіны.

Абноўлена
Вынікі масаванай паветранай атакі на Украіну: загінулі мінімум 20 чалавек
2023.12.29 14:05

Нагадаем, што сёння ўначы і зранку Расея ўчыніла масаваную паветраную атаку на гарады Украіны: агулам былі запушчаныя каля 110 ракетаў, а таксама дзясяткі дронаў-камікадзэ.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў