БАЖ: 2022 год прайшоў пад знакам рэпрэсіяў супраць журналістаў, 33 з іх – за кратамі


У краіне амаль не засталося незалежных медыяў, бо ўлады іх крыміналізавалі, за кратамі застаюцца 33 журналісты, заявіў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Барыс Гарэцкі.

«Рэпрэсіўны апарат не спыняецца, ён патрабуе новых і новых ахвяр. Калі ў краіне не застаецца людзей, якія актыўна супрацоўнічаюць з незалежнымі СМІ, сілавікі прыходзяць да тых, хто некалі там працаваў», – зазначыў Барыс Гарэцкі.

Паводле БАЖ, за кратамі на канец снежня заставаліся 33 прадстаўнікі СМІ. У 2022 годзе супрацоўнікі МУС больш за 40 разоў затрымлівалі журналістаў, у іхных дамах прайшло 55 ператрусаў, 20 чалавек адбывалі адміністратыўны арышт, агульная сума штрафаў склала не менш за 110 000 рублёў.

У той жа час, на думку Барыса Гарэцкага, медыясектар адчувае сябе лепш, чым напрыканцы 2021 года.

«Рэдакцыі вярнуліся на добрыя аўдыторныя паказнікі, у СМІ зноў з’явіўся ўвесь спектр жанраў, палепшылася якасць матэрыялаў», – заявіў прадстаўнік БАЖ.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў