309 дзён пры лініі фронту. Пра жыццё ў Харкаве і абстрэлы былымі суайчыннікамі


Як жывуць людзі ў гарадах, якія расейскія акупанты не здолелі захапіць у першыя дні вайны і дагэтуль абстрэльваюць, разбураюць інфраструктуру і жылыя дамы? Ці можна прызвычаіцца, што кожную хвіліну можна згубіць блізкага чалавека або самому страціць жыццё? Зʼехаць? Перачакаць усё гэта за мяжой? Не кожны можа на гэта наважыцца. І ў кожнага, хто застаўся, ёсць свае прычыны, і кожны мае сваю асабістую гісторыю. Як жа выжываюць людзі ў гэтым пекле ўжо больш за 300 дзён, не ведаючы, калі ўсё скончыцца? І як гэта – быць расейцам ці расейкай у горадзе, які абстрэльваюць твае былыя суайчыннікі?

Ніна Ярмак родам з Белгародскай вобласці, з паселішча Красная Яруга. Гэтую назву ведалі амаль усе савецкія людзі, якія хоць раз пілі гарбату ў цягніку, у падарожжы з пункту А ў пункт Б. Пасажырам да гарбаты прыносілі пакуначкі з кавалачкамі рафінаду, што вырабляўся менавіта на Краснаяружскім цукровым заводзе. Ніна, як і многія тагачасныя маладыя людзі, паехала вучыцца ў Харкаў. Гэта быў найбліжэйшы буйны горад, у якім было шмат навучальных установаў рознага профілю. Харкаўскія ВНУ лічыліся аднымі з найлепшых у СССР. Успомніць хаця б політэхнічны, горны або авіяцыйны інстытуты.

Таму туды зʼязджаліся на вучобу студэнты з Курскай, Белгародскай, Варонежскай ды іншых вобласцяў Расеі. Харкаў – шматнацыянальны горад, расейцаў там вельмі шмат.

Ніна скончыла хімічна-механічны тэхнікум, атрымала нафтагазаперапрацоўчую спецыялізацыю. Але ўсё жыццё адпрацавала ў бухгалтэрыі. Потым замужжа, сямейнае жыццё. З таго часу прайшло 45 гадоў. У яе ўжо двое ўнукаў. Сынава сямʼя жыве асобна ў Дэргачах. Гэты мікрараён Харкава ведаюць цяпер усе, хто сачыў за франтавымі зводкамі. Пад абстрэламі былі амаль штодня. У такой сітуацыі дзіцячы пакой, спальня, гасцёўня – усё перамясцілася ў падвал дому.

Разам з унукамі ў бамбасховішчы. Фота прадстаўлена рэдакцыі

– Ніна, у паветры лунала слова «вайна» ужо з самага пачатку лютага. Зразумела, што вайсковыя дзеянні былі на Данбасе ўжо 8 гадоў і, магчыма, таму чакалі, што там усё і будзе адбывацца. Але як гараджане ўспрынялі першыя дні вайны ў Харкаве?

– Не толькі я, але і, напэўна, 99 % харкаўчанаў не чакалі вайны. Да нас у горад прыязджалі з усіх канцоў былога Саюзу, ніхто не пачуваўся пакрыўджаным. Не было ўвогуле ніколі праблемаў этнічнага характару. У нас жа цудоўны горад. Ёсць куды схадзіць, што паглядзець. Але, каб такое адбылося… У галаве дагэтуль не ўкладваецца. Гэта быў шок.

– Гэтыя абстрэлы, першыя ахвяры сярод мірнага насельніцтва, увесь гэты жах… Як ратаваліся?

– Дзеці сядзелі з унукамі ў падвале, муж сядзеў у кватэры. Я спачатку бегала разам з жыхарамі ў метро, потым надакучыла. Проста сядзела ў кватэры. Надышоў момант, калі мне ўжо стала ўсё роўна. Метро адчынена было кругладзённа. Там людзі проста жылі. Іх там кармілі. Дзякуй гарадскім уладам, што ўсё было так добра зарганізаванае. Было шмат валанцёраў. Яны прыносілі ўсё неабходнае.

– Першыя людзі, якія вырваліся з Харкава ў Польшчу, распавядалі, як спрабавалі абʼязджаць драты паваленых тралейбусных лініяў. Як на дарогах ляжалі абломкі разбураных дамоў. Пажары. Выпаленыя дамы, якія выглядалі, як чорныя скрынкі… А мяне тады вельмі ўразілі фота працаўнікоў камунальных службаў. Яны звычайна прыбіралі вуліцы, як быццам і няма ніякай вайны.

– Так, ратавальнікі і валанцёры разбіралі завалы, а камунальныя службы прыбіралі ўсё смецце. Увесь час. У любое надворʼе, як толькі сканчалася паветраная трывога. Проста выходзілі і рабілі сваю працу. Я раней паняцця не мела, што ёсць Дзень камунальнага працаўніка. Сказала сабе, што пасля вайны заўжды буду яго адзначаць.

– Увесь свет скалануўся ад гэтай агрэсіі. Рэзка выраслі антырасейскія настроі. Загаварылі пра калектыўную адказнасць. Адчулі гэта неяк на сабе?

– Я за 45 гадоў свайго жыцця ў Харкаве ніколі не адчувала нейкага прыгнёту або падзелу паводле нацыянальнасці. Тут шматнацыянальны горад, расейцаў вельмі шмат. Дрэнныя людзі, вядома, ёсць усюды, але мне шанцавала, у маім жыцці побач са мной дрэнныя трапляліся вельмі рэдка. Даводзілася працаваць з людзьмі самых розных нацыянальнасцяў – і гэта ніколі не замінала добрым зносінам. Ніколі тут не стаяла пытання нацыянальнасці. І я не магу сказаць, што нешта змянілася з гэтым у нашым горадзе цяпер. Я гэтага на сабе не адчула, прынамсі.

– Вайна агаляе ўсе праблемы, нават тыя, што былі глыбока схаваныя. Мы назіраем перыядычна канфлікты паміж жыхарамі Усходняй Украіны і Заходняй у стаўленні да ўкраінскай мовы. Даводзілася чуць ад некаторых харкаўчанаў, што яны не збіраюцца засвойваць украінскую.

– Мая думка: украінскую мову як дзяржаўную трэба было ўводзіць з моманту ўтварэння незалежнасці Украіны. Трэба было рыхтаваць настаўнікаў і выхавальнікаў для дзіцячых садкоў. Я не бачу ў гэтым ніякай праблемы. Сама я выдатна па-ўкраінску і чытаю і пішу. Адзінае, чаго асабіста мне не стае, дык гэта размоўнай практыкі. Але гэта таксама пытанне, якое можна ўладкаваць. Дастаткова проста пару месяцаў пажыць у Палтаўскай вобласці – і ўсё ўвойдзе ў норму. Там мова чыстая і прыгожая.

– А як на гэта паглядзяць сваякі і ранейшыя прыяцелі на радзіме? Ці заўважны ўплыў прапаганды?

– Вядома. Тэлевізар ці, як яго яшчэ называюць, зомба-скрыню, даўно сама не гляджу. У нашай кватэры іх тры. Пасля вайны проста вынесу іх на сметнік. Нічога добрага там даўно не бачу. Што ж да маіх суайчыннікаў… Ну нельга ж меркаванне аднаго чалавека лічыць меркаваннем усіх людзей. Праз тэлевізар і праўда ідзе замбаванне. Калі з раніцы да вечара расказваць адно і тое ж, проста крапаць і крапаць на мазгі, то ў выніку людзі пачынаюць успрымаць усё за чыстую манету. А калі яшчэ не мець альтэрнатыўных крыніцаў інфармацыі…

– Літаральна днямі так званы прылёт быў у вашым родным паселішчы ў Расеі.

– Так. І прыляцела ў дом, дзе жыве сямʼя майго брата. Пашанцавала, што ў той момант яго не было ўдома. Ён гасцяваў у цешчы пад Валгаградам. Выбіла ўсе вокны. Разваліла два гаражы. І гэта на вуліцы, недалёка ад бацькоўскага дому. Усё гэта жахліва. Тут ва Украіне былі цэлыя паселішчы сцёртыя з зямлі. Столькі нявінных людзей загінулі. Безадказныя людзі ўсё гэта задумалі і нават не падумалі пра наступствы. Думалі, што будуць бамбаваць украінскія гарады – і нічога адтуль ім не прыляціць?

– Але тым не менш вайна, а жыццё працягваецца. Як змагацца са стрэсам?

– Я для сябе знайшла выйсце. Вось сядзела пад гэтымі бамбаваннямі – і вышывала. Можа, гэта супакойвае нервы. Некалькі працаў скончыла. Вышывала крыжыкам. Для мяне гэта адтуліна.

Працы Ніны Ярмак. Фота прадстаўлена рэдакцыі

– Была вясна, лета… Ведаю, што многія харкаўчане зʼяжджалі на лецішчы. Гэта таксама барацьба са стрэсам?

– Я ў нейкі момант таксама з ятроўкай і ўнукамі паехала на дачу. Па-першае, свежае паветра. Па-другое, трэба дзецям пабыць на сонцы і хоць нейкі час пажыць нармальным дзіцячым жыццём. Колькі можна сядзець у падвале і не бачыць сонца? Вядома, увесь час сачылі за франтавымі зводкамі. Вядома ж, страшна. Але варэнне мы зварылі. Так што вайна вайной, а закатак ніхто не адмяняў.

– Закаткі гэта добра, але ва ўмовах вайны ці стае прадуктаў? Гуманітарная дапамога даходзіць? Ці сапраўды гэта адчувальная дапамога?

– Вось днямі атрымала пакет гуманітарнай дапамогі. Там была гарбата, макарона, алей, малако згушчанае, рыбныя і мясныя кансервы, пладовыя кансервы, пернікі, некалькі пакетаў крупаў, галеты. Гэта добрая дапамога. Дзякуй Богу, працуем з мужам. Так што мы не галадаем. Хутчэй бы толькі вайна скончылася.

Ніна Ярмак. Фота прадстаўлена рэдакцыі

– Калі выказаць здагадку, што вайна скончыцца праз пару месяцаў, чаго б больш за ўсё хацелася ў мірны час? Што хочацца зрабіць перш за ўсё?

– Калі шчыра, вось асабіста мне вельмі хочацца пабываць у Дрэздэнскай галерэі. Усё жыццё марыла – і так туды і не трапіла. Можа, усё ж такі ўдасца здзейсніць мару? А пакуль жа трэба неяк выжыць, застацца годнымі людзьмі і дачакацца перамогі, якая прынясе нам усім мір і супакой.

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў