Служба «Адно акно» працуе месяц – што зрабілі за гэты час, каму і як дапамаглі?


Месяц таму, 27 кастрычніка, прадстаўніцтва ў сферы сацыяльнай палітыкі Аб’яднанага пераходнага кабінету запусціла інфармацыйна-кансультацыйную платформу «Служба «Адно акно». Стваральнікі новага сэрвісу запрашалі звяртацца ўсіх, каму патрэбная дапамога, і абяцалі распавесці, як можна вырашыць шмат якія праблемы. Якія вынікі працы «Акна» за месяц? Колькі беларусаў звярнуліся і з якімі запытамі? У размове з «Белсатам» распавяла PR-менеджарка сацыяльнага праекту Наста Базар.

Сайт службы «Адно акно». Скрыншот: help.by.social

Пашпарты, легалізацыя, фінансавая дапамога: з якімі пытаннямі звяртаюцца ў «Адно акно»?

За месяц працы, на 27 лістапада, у «Службу «Адно акно» звярнуліся 193 беларусы. Пісалі і тэлефанавалі з 15 розных краінаў. 15 % запытаў – з Беларусі. Аднак насамрэч гэты адсотак можа быць большы, бо людзі ўнутры Беларусі выкарыстоўваюць VPN, кажа Наста Базар.

Пытанні, з якімі звяртаюцца ў «Адно акно», – вельмі розныя, зазначае PR-менеджарка:

«Калі мы кажам пра людзей унутры Беларусі, то ад іх часта запыты пра экстранную эвакуацыю, пра свае правы альбо пра фінансавую дапамогу сем’ям палітзняволеных. І гэта для нас вельмі важна, бо ў першую чаргу нашая мэтавая аўдыторыя –  палітзняволеныя і іхныя сем’і, бо на дадзены момант гэта самая ўразлівая група».

За межамі радзімы беларусаў найперш хвалююць пытанні легалізацыі, пацверджання дакументаў.

«Тут нам вельмі дапамагаюць народныя амбасады і дыяспары, з якімі мы ў шчыльным кантакце. Таксама людзей цікавіць фінансавая дапамога. Шмат людзей пытаюцца пра пашпарт Новай Беларусі, якога мы і самі вельмі чакаем», – распавядае Наста Базар.

Hавiны
«Падкажам, накіруем і выслухаем». Беларускія дэмакратычныя сілы ствараюць сваё «Адно акно» – што яно будзе рабіць?
2023.10.27 08:52

Запыты ў «Адно акно» прымаюць тры аператаркі. Пакуль яны спраўляцца з нагрузкай, але калі зваротаў пабольшае, каманду пашыраць, зазначае PR-менеджарка праекту. Распавесці пра сваю праблему і папрасіць дапамогі цяпер можна праз сайт ці сацыяльныя сеткі і мэсэнджары службы. З сайту можна патэлефанаваць. Першапачаткова на старонцы працаваў чат-бот, але яго адключылі праз ягоную «неэмпатычнасць» і адправілі «давучвацца», распавяла спадарыня Наста.

«Служба «Адно акно» гарантуе канфідэнцыйнасць усім, хто звяртаецца да яе, – як тым, хто просіць дапамогі, так і тым, хто дапамагае. Калі ёсць патрэба захаваць поўную ананімнасць, Наста Базар раіць звяртацца праз сайт, які не збірае і не захоўвае ніякіх асабістых звестак.

«Калі рашэння няма, шукаем варыянты, як змяніць сітуацыю да лепшага»

Мэта «Аднаго акна» – даць чалавеку інфармацыю, накіраваць да таго, хто дапаможа.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларуска Наста Базар у Галасееўскiм парку ў Кiеве, Украіна. 22 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

«Я не магу распавесці пра канкрэтныя прыклады, бо мы ахоўваем канфідэнцыйнасць людзей, але магу сказаць, што за гэты месяц шмат пытанняў было вырашана. Мэта, з якой стваралася служба, – інфармаваць, цалкам апраўдвае сябе. Мы бачым, як часта людзі бываюць дэзарыентаваныя, у стрэсе, паніцы, асабліва ва ўмовах вымушанай эміграцыі ці ўнутры Беларусі, дзе шмат страху, недаверу. Мы падказваем, куды ісці, і перадаем кантакты, у якіх самі ўпэўненыя».

«Служба «Адно акно» сабрала вялізную базу кантактаў асобаў і арганізацыяў, якія могуць дапамагчы ў вырашэнні розных пытанняў – цяпер іх каля 300, і база ўвесь час папаўняецца.

«Безумоўна, мы клапоцімся пра бяспеку не толькі тых, хто да нас звяртаецца, але і тых, хто дае дапамогу, таму калі гэта нейкія ініцыятывы ўнутры Беларусі, ці калі частка камандаў унутры Беларусі, то, канечне, тут мы намагаемся зрабіць максімальна бяспечна для ўсіх бакоў», – зазначае Наста Базар.

Сутыкаецца служба і з сітуацыямі, у якіх нічога не можа зрабіць.

«Напрыклад, калі ў чалавека сканчаецца пашпарт у краіне, дзе няма такой альтэрнатывы, як у Польшчы ці ў Літве, – падарожнага дакумента. У такой сітуацыі мы нічога не можам зрабіць. Але мы намагаемся знайсці варыянт, які дапаможа чалавеку. Напрыклад, можна пераехаць, і мы даем інфармацыю, як гэта зрабіць, – кажа прадстаўніца сацыяльнага праекту. – Таксама складаныя сітуацыі з пенсіямі ў іншых краінах, і дэмакратычныя сілы ўжо пачынаюць вывучаць гэтае пытанне. Але калі ніяк немагчыма вырашыць праблему, мы шукаем варыянты, як падтрымаць чалавека: ці зрабіць збор, ці звярнуцца ў арганізацыі, якія займаюцца людзьмі сталага веку ў той краіне, дзе цяпер чалавек. Калі рашэння няма, мы шукаем варыянты, як змяніць сітуацыю да лепшага».

Агляд
Намеснікі, прадстаўнікі, дарадцы: хто што робіць у Офісе Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінеце
2023.11.14 12:16

Цяперашняя версія платформы «Адно акно» – тэставая. Калі можна будзе сказаць, што тэставанне скончылася і распачалася паўнавартасная праца, пакуль цяжка, зазначае Наста Базар.

«Прадстаўніца АПК у сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова, з ініцыятывы якой і з’явілася гэтая служба, мае досвед у стварэнні гарачай лініі для ахвяраў гвалту, яна ведае, як працуюць такія сэрвісы, і кажа, што каб цалкам наладзіць працу, патрэбна ад года да двух. Аднак мы прыкладаем высілкі, каб платформа як мага хутчэй выйшла на паўнавартасную працу», – кажа прадстаўніца праекту.

Чаму прашэнне аб памілаванні можа быць варыянтам дапамогі палітвязню?

Тэставая версія службы – на расейскай мове, што выклікала нямала крытыкі. Якая, аднак, толькі парадавала стваральніка платформы.

«Нас усцешыла, як шмат людзей запыталіся, чаму не па-беларуску. Мы цяпер працуем над перакладам. І таксама мы збіраем усю зваротную сувязь і крытыку, каб палепшыць нашую працу», – кажа Наста Базар.

Яшчэ адну з крытычных заўваг на адрас «Службы «Адно акно» выказваў на сваёй старонцы ў Facebook муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк Андрэй Шарэнда – яна датычыла наяўнасці на старонцы службы тлумачэння, як пісаць прашэнне аб памілаванні. Наста Базар кажа, што гэта зусім не заклік пісаць такое прашэнне, а прадстаўленне палітзняволеным права самастойна абіраць шлях супраціву.

«Калі варыянт супраціву – да апошняга стаяць на сваім і не прасіць памілавання, мы не маем права крытыкаваць і штосьці даказваць, казаць чалавеку рэчы кшталту «жыццё важнейшае» і падобнае. Але я ведаю, што ёсць палітвязні, якія не пішуць прашэння аб памілаванні, бо баяцца, што іх ніхто не падтрымае, і што яны перастануць у вачах грамадства быць тымі героямі ці гераінямі, якімі ёсць цяпер. Мэта нашага мэсіджу была ў тым, каб падтрымаць любы выбар чалавека і любы варыянт супраціву», – кажа актывістка.

Паводле стваральнікаў «Аднаго акна», калі чалавек хоча напісаць прашэнне аб памілаванні, трэба даць яму на гэта права і не ацэньваць.

«Калі мы кажам пра гвалт, а зняволенне – гэта сітуацыя гвалту, часам немагчыма даказаць гвалтаўніку, што ён не мае рацыі, і зрабіць так, каб ён зразумеў, расчуліўся і г. д. І ўсё, што нам застаецца, – выкарыстоўваць усе магчымыя варыянты, каб уцячы ад гэтага гвалтаўніка. Таму гэта заклік не да таго, каб усе палітзняволеныя пісалі прашэнне аб памілаванні, а павага да любога выбару чалавека, які застаецца ў зняволенні», – зазначае Наста Базар.

PR-менеджарка «Аднаго акна» падкрэслівае, што Прадстаўніцтва ў сацыяльнай палітыцы сочыць і за лёсам Паліны Шарэнды-Панасюк, і астатніх палітвязняў, у тым ліку тых, чые імёны нікому не вядомыя. Асаблівая ўвага надаецца зняволеным, ад якіх ужо працяглы час няма ніякіх звестак.

«Кароткатэрміновая мэта – каб людзі ўнутры Беларусі зразумелі, што дапамога ёсць»

Праца з запытамі палітзняволеных і іхных сем’яў застаецца прыярытэтнай для «Аднаго акна». Сярод іншых кароткатэрміновых мэтаў – пераклад платформы на беларускую мову, яшчэ больш камунікацыі з тымі, хто можа дапамагаць, і выхад на людзей унутры Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

Апошнюю мэту Наста Базар называе вельмі важнай, бо пакуль што больш запытаў ідзе з-за мяжы, відавочна, праз слабую інфармаванасць людзей унутры Беларусі пра новы сэрвіс дэмакратычных сілаў.

«Таму цяпер мы хацелі б увайсці ўнутр Беларусі, каб людзі ўвогуле ведалі, што ёсць такая платформа, ды разумелі, што дапамога ёсць. Бо цяпер ёсць такое меркаванне, што ў Беларусі немагчыма знайсці дапамогі, – кажа прадстаўніца службы. – Так, 1441 недзяржаўная арганізацыя была зліквідаваная, сацыяльная галіна ў Беларусі вельмі моцна пацярпела ад гэтага. Але часта вырашэнне пытання ў тым, каб не толькі была нейкая канкрэтная дапамога, але ў веданні сваіх правоў, і тут мы можам дапамагчы. Напрыклад, калі немагчыма знайсці адваката – а ў Беларусі ёсць мястэчкі, дзе абаронцаў няма, – тады мы максімальна даем чалавеку інфармацыю, каб ён пачуваўся ўпэўнена, абараняючы сябе».

Калі ж у Беларусі адбудуцца перамены, мяркуецца, што «Служба «Адно акно» стане агульнанацыянальнай гарачай лініяй, на якую будуць звяртацца як беларусы ўнутры краіны, так і тыя, хто вяртаюцца ці застаюцца за мяжой, каб зарыентавацца ў новай рэчаіснасці.

«На дадзены момант у нас толькі пачатак. Але мы робім усё, каб «Служба «Адно акно» станавілася больш маштабнай і больш дапамагала людзям», – рэзюмуе Наста Базар.

Звярнуцца па дапамогу ў «Службу «Адно акно» можна праз сайт; мэсэнджары і сацыяльныя сеткі: ІнстаграмФэйсбукТэлеграм, Viber – odnooknobysocial; электронную пошту: contacts@by.social.

Таксама ёсць магчымасць напісаць звычайны папяровы ліст на адрас у Вільні: Lithuania, Vilnius, 59 postas, Kedru 4, P/D 2585, LT-03005.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў