Намеснікі, прадстаўнікі, дарадцы: хто што робіць у Офісе Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінеце


Надоечы ў Аб’яднаным пераходным кабінеце з’явілася новая пасада – кіраўнік апарату Кабінету. Структуры беларускіх дэмакратычных сілаў пашыраюцца. Часам можна пачуць папрокі, што абрастаюць бюракратыяй. А ці ведаеце вы, з якіх пасадаў цяпер складаюцца Кабінет і Офіс, хто іх займае, хто быў звольнены і наадварот, прызначаны апошнім часам? Колькі дарадцаў у Ціханоўскай і за што яны адказваюць? Сабралі інфармацыю пра кожнага з іх у адным матэрыяле.

У Аб’яднаным кабінеце дзве вакантныя пасады

Офіс Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінет – два розныя органы беларускіх дэмакратычных сілаў, якія, аднак, шчыльна супрацоўнічаюць. Іх аб’ядноўвае адзін кіраўнік, дакладней, кіраўніца – абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская. Офіс узнік у 2020 годзе. Аб’яднаны пераходны кабінет быў створаны 9 жніўня 2022 года падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні.

Першапачаткова ў Кабінет ўвайшлі:

  • прадстаўнік па транзіце ўлады і намеснік кіраўніцы Кабінету – Павел Латушка;
  • прадстаўнік у міжнародных справах і намеснік кіраўніцы Кабінету – Валер Кавалеўскі;
  • прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык;
  • прадстаўнік па законнасці і правапарадку – Аляксандр Азараў. 6 жніўня 2023 года Ціханоўская звольніла яго пасля скандалу і расколу ў BYPOL. Гэтую пасаду дагэтуль ніхто не заняў. Аляксандр Азараў перастаў быць прадстаўніком Кабінету, аднак паабяцаў працягнуць працу над планам «Перамога».

Крыху пазней у складзе Кабінету з’явіліся яшчэ тры прадстаўнікі:

  • прадстаўніца па фінансах і эканоміцы Таццяна Зарэцкая. Займала пасаду з 9 верасня па 2 лістапада 2022 года. Сышла праз скандал з уласным стартапам Laava Tech. Гэтая пасада дагэтуль вакантная;
  • прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні – Аліна Коўшык;
  • прадстаўніца па сацыяльных пытаннях – Вольга Гарбунова.

Якія задачы сёння ўваходзяць у працу прадстаўнікоў?

Прадстаўнік па транзіце ўлады

На гэты пост Святлана Ціханоўская прызначыла дасведчанага дыпламата, былога амбасадара Беларусі ў Польшчы, Францыі, Іспаніі і Партугаліі, міністра культуры і дырэктара Нацыянальнага тэатру ім.Я.Купалы Паўла Латушку. Акрамя таго, Латушка – намеснік Ціханоўскай і кіраўнік уласнай структуры – Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

У рамках працы ў Кабінеце Латушка мае наступныя функцыі:

  • транзіт улады праз ціск на рэжым і такім чынам набліжэнне гэтага транзіту;
  • забеспячэнне стабільнасці ў дзяржаве ў пераходны перыяд да новых выбараў;
  • пашырэнне фармавання новых кадраў для новай Беларусі (у бяспецы, абароне, дзяржаўным і мясцовым кіраванні);
  • «раскол элітаў»: праца з «элітамі» у рэжыме Аляксандра Лукашэнкі, якія не ў стане выступіць супраць Лукашэнкі, хоць не падтрымліваюць яго.

Прадстаўнік у міжнародных справах

Гэтую пасаду з 2020 года займае Валер Кавалеўскі. Сваю кар’еру ён распачынаў у 1998 годзе ў Міністэрстве знешнеэканамічных сувязяў. У 2001 годзе распачаў працу ў амбасадзе Беларусі ў ЗША ў пытаннях палітычнай супрацы з ЗША. У 2004 годзе вярнуўся ў Беларусь і працаваў у кірунку правоў чалавека і барацьбы з гандлем людзьмі.

Падчас выбарчай кампаніі 2010 года ўваходзіў у каманду Андрэя Саннікава. Пасля выбараў быў арыштаваны, пасля чаго паехаў вучыцца ў ЗША ва ўніверсітэт Джорджтаўна. Атрымаў ступень магістра па спецыяльнасці «замежная палітыка і міжнародныя адносіны». Працаваў журналістам у «Голасе Амерыкі», з 2016 года – у Вашынгтоне ў Сусветным банку кансультантам у галіне навакольнага асяроддзя ў краінах Афрыкі.

У жніўні 2020 года перад выбарамі вярнуўся ў Менск, дзе заставаўся да лістапада 2020 года, калі быў арыштаваны на акцыі пратэсту. Пасля вызвалення атрымаў запрашэнне ад каманды Святланы Ціханоўскай.

Кавалеўскі выконвае ролю міністра замежных справаў пры Кабінеце і з’яўляецца намеснікам Ціханоўскай. Сярод іншага, цяпер займаецца распрацоўкай і прасоўваннем пашпарту Новай Беларусі. Адказвае за міжнародныя сувязі беларускіх дэмакратычных сілаў.

Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы

На гэтую пасаду быў прызначаны Валерый Сахашчык – падпалкоўнік запасу ПДВ, былы камандзір 38-й Берасцейскай дэсантна-штурмавой брыгады. У 2020 годзе Сахашчык далучыўся да пратэстаў у Берасці. Пасля нападу Расеі на Украіну прасіў беларускіх афіцэраў не прымаць удзел у вайне.

Каментар
Валерый Сахашчык на канферэнцыі «Новая Беларусь» – пра вайну ва Украіне: Трэба рыхтавацца да горшага
2023.08.06 16:40

Пасля прызначэння прадстаўніком Кабінету Сахашчык заявіў, што лічыць цалкам магчымым фармаванне альтэрнатыўнай беларускай арміі.

Сярод абавязкаў Сахашчыка як прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы:

  • дзейнасць, накіраваная на развіццё патэнцыялу перадухілення вонкавых і ўнутраных пагроз нацыянальнай бяспецы, уключна з перадухіленнем удзелу войска Беларусі ў ваенных дзеяннях і выкарыстання тэрыторыі нашай краіны для агрэсіі ў дачыненні да іншых дзяржаваў;
  • дзейнасць, накіраваная на фактычную дэакупацыю Беларусі;
  • распрацоўка і аптымізацыя ваенна-палітычнай стратэгіі;
  • пабудова арганізацыі, эфектыўнага ваенна-палітычнага цэнтру, здольнага заваяваць давер беларусаў, у тым ліку адстаўнікоў, чыноўнікаў, службоўцаў, вайскоўцаў, усталяваць партнёрскія адносіны з Украінай, а таксама на роўных супрацоўнічаць з Міністэрствамі абароны краінаў Еўропы і іншых падобных інстытутаў, якія займаюцца пытаннямі забеспячэння бяспекі ў Еўропе;
  • стратэгія ўзаемадачынення з беларускімі мілітарнымі арганізацыямі і вайсковымі падраздзяленнямі ў складзе ЗСУ.

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні

Гэтую пасаду з 16 верасня 2022 года займае былая журналістка «Белсату» Аліна Коўшык. Задачы Коўшык у межах працы ў Кабінеце:

  • стварэнне стратэгіі Нацыянальнага адраджэння Беларусі;
  • папулярызацыя ведаў па гісторыі, культуры і беларускай мове;
  • падрыхтоўка рэформаў у галіне культуры, адукацыі, СМІ;
  • каардынацыя працы інстытутаў і ініцыятываў у пытаннях адукацыі, гісторыі і культуры;
  • спрыянне супрацьдзеянню інфармацыйнай агрэсіі.
Інтэрв’ю
«Чаму б не ўвесці ў сям’і гадзіну роднай мовы?» Аліна Коўшык – пра захаванне беларускасці за мяжой і на радзіме
2023.10.12 12:02

Сярод стратэгічных задачаў – наладжванне працы з міжнароднымі партнёрамі, амбасадамі, міжнароднымі культурніцкімі арганізацыямі для павелічэння падтрымкі беларускай культуры, адукацыі, гісторыі. Таксама Аліна займаецца стварэннем працоўных камісіяў па адраджэнні беларускай мовы, гістарычнай памяці ды помнікаў, геральдыцы.

Прадстаўніца па сацыяльных пытаннях

Прадстаўніцтва па сацыяльных пытаннях з’явілася ў Аб’яднаным кабінеце 26 снежня 2022 года, яго ўзначаліла былая кіраўніца шэлтару для жанчын і дзяцей – ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» і палітзняволеная Вольга Гарбунова.

Інтэрв’ю
Вольга Гарбунова: «Маё прадстаўніцтва цікавіць пытанне, што рэжым хоча за вызваленне палітвязняў»
2023.05.21 07:09

Асноўны прыярытэт працы прадстаўніцтва пад кіраўніцтвам Вольгі – палітвязні, сістэматычная падтрымка іхных сем’яў, пошук рэсурсаў для ўмацавання працы НДА і фондаў, якія аказваюць дапамогу палітвязням і іхным сем’ям.

Надоечы прадстаўніцтва па сацыяльных пытаннях распрацавала і прэзентавала інфармацыйна-кансультацыйную службу «Адно акно».

Hавiны
«Падкажам, накіруем і выслухаем». Беларускія дэмакратычныя сілы ствараюць сваё «Адно акно» – што яно будзе рабіць?
2023.10.27 08:52

Таксама прадстаўніцтва занятае ў распрацоўцы канцэпцыі закону аб рэабілітацыі палітвязняў.

Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага Кабінету – гэта свайго роду міністры, якія складаюць «протаўрад». Іх прызначае і здымае Ціханоўская, аднак ёсць орган, які можа парэкамендаваць прызначыць ці адхіліць таго ці іншага «міністра» – Каардынацыйная рада.

Каардынацыйная рада – протапарламент – прадстаўнічы орган беларускага грамадства, створаны з ініцыятывы Святланы Ціханоўскай. Сярод мэтаў КР дэкларуе арганізацыю працэсу пераадолення палітычнага крызісу і забеспячэння згоды ў грамадстве, абарону суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Наступны склад Каардынацыйнай рады плануецца вызначыць шляхам выбараў.

Абноўлена
Каардынацыйная рада завяршыла слуханні Пераходнага кабінету. Выступіў Азараў
2023.08.05 13:03

Кіраўнік апарату Кабінета

Найноўшая пасада, якая з’явілася ў Аб’яднаным кабінеце ў кастрычніку 2023 года. Заняў яе палітык і грамадскі дзеяч Валер Мацкевіч. У палітыцы ён з 1999 года. У свой час з’яўляўся намеснікам старшыні моладзевай арганізацыі «Малады Фронт». Мае вопыт супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі і палітычнымі структурамі. Працаваў з амбасадамі ЕЗ і ЗША ў Менску. Быў каардынатарам мабілізацыйных кампаніяў падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001, 2006, 2010 гадоў. У 2007 годзе балатаваўся ў мясцовыя саветы дэпутатаў.

Падчас перадвыбарчай кампаніі 2020 года кіраваў адной са стратэгічна-аналітычных груп у аб’яднаным штабе Святланы Ціханоўскай. Адразу пасля выбараў прайшоў праз жодзінскую турму і ізалятар на Акрэсціна.

Чалец Каардынацыйнай Рады ад пачатку яе стварэння, з восені 2020 года. У складзе КР першага склікання займаў пасаду прадстаўніка па пытаннях узаемадзеяння з праграмай ЕЗ «Усходняе партнёрства». Быў адказным за стратэгічнае планаванне і каардынацыю ў Народным антыкрызісным упраўленні.

Сваю місію ў Кабінеце Мацкевіч акрэсліў так: арганізацыя працы Кабінета як зладжанага механізму, які мае супольныя прыярытэты і адзіную мэту – незалежную дэмакратычную Беларусь без палітзняволеных і з легітымнай уладай.

Мацкевіч акрэслівае апарат Кабінету як сакратарыят, які займаецца арганізацыйнай працай, рыхтуе аналітычныя, інфармацыйна-даведачныя матэрыялы, складае прапановы паводле рашэнняў Кабінету, забяспечвае яго камунікацыю з медыямі і каардынуе супрацу з партнёрскімі структурамі.

Апарат уключае ў сябе медыякаманду, прэс-сакратара, аддзел, які займаецца справаводствам, аддзел палітычнай аналітыкі. Пасада кіраўніка апарату стала неабходнай праз павелічэнне аб’ёму працы ў Кабінету. Задача кіраўніка – скаардынаваць узаемадзеянне аддзелаў ды кантраляваць выкананне прынятых рашэнняў.

4 аддзелы, 8 дарадцаў: Офіс Святланы Ціханоўскай

Паглядзім на структуру Офісу Святланы Ціханоўскай, у які цяпер уваходзяць:

  • Аляксандр Дабравольскі, старэйшы палітычны дарадца і кіраўнік аддзелу ўнутранай палітыкі
  • Ганна Красуліна, прэс-сакратарка
  • Данііл Гаркавы, кіраўнік аддзелу па вонкавых сувязях
  • Франак Вячорка, галоўны дарадца і кіраўнік аддзелу вонкавай палітыкі
  • Дзяніс Кучынскі, старшы спецыяліст па міжнародных адносінах
  • Аляксандр Шлык, спецыяльны дарадца па выбарах
  • Таццяна Шчытцова, дарадца па пытаннях адукацыі і навукі
  • Алесь Аляхновіч, дарадца па эканамічных рэформах
  • Крысціна Рыхтэр, дарадца па прававых пытаннях
  • Анатоль Лябедзька, дарадца па парламенцкім супрацоўніцтве і Канстытуцыйнай рэформе
  • Маргарыта Ворыхава, дарадца па справах моладзі і студэнтаў.

Усе гэтыя пасады падзеленыя паміж некалькі аддзеламі.

Старэйшы палітычны дарадца Аляксандр Дабравольскі ўзначальвае аддзел унутранай палітыкі.

Аляксандр Дабравольскі – дасведчаны беларускі палітык, сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Дырэктар Усходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў. У палітыцы з часоў СССР, калі на Першым З’ездзе Народных дэпутатаў СССР увайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы – першай дэмакратычнай парламенцкай апазіцыі ў СССР. Працаваў з Андрэем Сахаравым, Барысам Ельцыным, Анатолем Сабчаком, Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам.

У 1990 годзе быў адным з ініцыятараў стварэння Аб’яднанай дэмакратычнай партыі (АДПБ) – першай зарэгістраванай у Беларусі апазіцыйнай палітычнай партыі, якая пазней стала АГП. У 1995 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га склікання. У 1996 годзе быў прадстаўніком групы дэпутатаў Вярхоўнай Рады ў Канстытуцыйным Судзе па справе імпічменту Лукашэнкі.

Апошнія гады Дабравольскі кіраваў Усходнеерапейскай школай палітычных даследаванняў. Да каманды Ціханоўскай далучыўся ўлетку 2020 года.

Акрамя працы ў Офісе, Дабравольскі таксама ўваходзіць у фракцыю «Грамадзянскае дзеянне» Каардынацыйнай рады, якая бачыць сябе працягам аднайменнай фракцыі ў разагнаным Лукашэнкам Вярхоўным савеце 13-га склікання. Фракцыя выступае за еўраатлантычны выбар Беларусі, але супраць кантролю Беларусі іншымі дзяржавамі, за кансалідацыю пры праве на крытыку і супраць аспрэчвання лідарства Ціханоўскай.

Аддзелам вонкавай палітыкі кіруе старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Франак Вячорка – вядомая фігура беларускага апазіцыйнага палітычнага руху. Нарадзіўся ў 1988 годзе ў Менску. Бацька Франака – Вінцук Вячорка, старшыня Партыі БНФ у 1999-2007 гадах.

Франак быў сябрам «Маладога Фронту», Моладзі БНФ, Партыі БНФ. Падчас выбараў 2006 года быў у камандзе Аляксандра Мілінкевіча.

У 2014 годзе Вячорка скончыў Варшаўскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «Public Relations і медыямаркетынг». У 2018 годзе – Амерыканскі Універсітэт па спецыяльнасці «міжнародныя адносіны».

Hавiны
Дарадца Ціханоўскай злётаў у Аўстралію. Пра што былі перамовы
2023.10.20 14:46

Да каманды Ціханоўскай Вячорка далучыўся ў 2020 годзе. На пасадзе старэйшага дарадцы суправаджае абраную прэзідэнтку Беларусі ў міжнародных паездках, выступае ў беларускай і замежнай прэсе.

У аддзеле вонкавай палітыкі Офісу таксама працуе дарадца па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі. Дзяніс паходзіць з Ліды. Вучыўся ў ЕГУ ў Вільні, быў старшынём студэнцкага прадстаўніцтва. Магістрант праграмы дыпламатыі Універсітэту Вітаўта Вялікага.

Камунікацыйны аддзел Офісу ўзначальвае прэс-сакратарка Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

Ганна нарадзілася ў Расеі. Пасля сканчэння ўніверсітэту пераехала ў Менск да мужа. У 2019 годзе атрымала грамадзянства Беларусі, якую лічыць сваёй краінай.

Да каманды Святланы Ціханоўскай Красуліна далучылася адразу пасля таго, як скончылася кампанія па зборы подпісаў Мікалая Казлова, лідара АГП, намеснікам якога яна была і адначасова працавала прэс-сакратаркай АГП.

Пра сваю працу ў Офісе Ганна распавядала наступнае:

«Я забяспечваю яе (Святланы Ціханоўскай – рэд.) сувязь з прэсай, усё тое, што робіцца праз журналістаў. Усе запыты журналістаў паступаюць да мяне, мы рыхтуем інтэрв’ю, я прыярэтызую гэтыя інтэрв’ю – каму спачатку, калі. Дамаўляемся пра ўмовы і іншае».

Красуліна рыхтуе Ціханоўскую да інтэрв’ю, часам выступае ад імя беларускай лідаркі ці сама дае інтэрв’ю, удзельнічае ў распрацоўцы стратэгічных пытанняў у Офісе.

У складзе Офісу ёсць аддзел па вонкавых сувязях – яго ўзначальвае Данііл Гаркавы. Адначасова ён з’яўляецца каардынатарам па працы з дыяспарамі. На гэтай пасадзе Данііл нядаўна, з 1 чэрвеня 2023 года. Арганізоўваў другую канферэнцыю беларусаў свету. У жніўні 2020 года Гаркавы быў адным з каардынатараў у валанцёрскім лагеры каля Акрэсціна.

Дарадцы – штатныя і пазаштатныя, ды афіцыйныя прадстаўнікі ў краінах ЕЗ

А чым займаюцца дарадцы Святланы Ціханоўскай?

На пасадзе дарадцы па пытаннях адукацыі і навукі – Таццяна Шчытцова, доктар філасофіі, прафесарка факультэту філасофіі і палітычных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту, дырэктарка Цэнтру міждысцыплінарных гуманітарных даследаванняў (Менск). Галоўная рэдактарка філасофска-культуралагічнага часопісу «Topos», які выдаецца з 2000 г. Аўтарка шэрагу кніг.

Як дарадца Ціханоўскай Шчытцова мае тры кірункі працы:

  • дапамога рэпрэсаваным выкладчыкам, студэнтам, настаўнікам, якія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі;
  • камунікацыя са студэнтамі, настаўнікамі, навукоўцамі і выкладчыкамі ўнутры Беларусі і дапамога ім;
  • падрыхтоўка да рэформы адукацыі ў Беларусі.

Дарадца па эканамічных рэформах – Алесь Аляхновіч. Кіраўнік CASE Belarus Team, віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (АВВА). Скончыў Лонданскую школу эканомікі і Варшаўскую школу эканомікі. Працаваў у EY, McKinsey і Нацыянальным банку Польшчы.

Дарадца па прававых пытаннях – Крысціна Рыхтэр. Яна выконвае ўсю працу, якая тычыцца права, стварэння прававых пазіцый Офісу, міжнародных механізмаў прыцягнення да адказнасці, распрацоўкі новых дакументаў для транзітнага перыяду, рэабілітацыі.

«Таксама я дагэтуль займаюся адвакацыяй інтарэсаў беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо я па-ранейшаму ў працоўнай групе ў Міністэрстве ўнутраных спраў Польшчы», – распавядала Рыхтэр пра сваю працу.

Вядомы апазіцыйны палітык і колішні старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька стаў дарадцам па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы. Яшчэ адзін славуты беларускі палітык і грамадскі дзеяч, кандыдат у прэзідэнты Беларусі ў 2006 годзе Аляксандр Мілінкевіч сёлета стаў пазаштатным дарадцам Ціханоўскай па рэалізацыі еўрапейскага выбару Беларусі. У гэтай якасці Аляксандр Мілінкевіч будзе дапамагаць наладжваць сувязі паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўропай. Адна з галоўных мэтаў – узмацніць інтэграцыю беларускай культуры ў еўрапейскую, часткай якой яна заўсёды была.

Яшчэ адно новае прызначэнне 2023 года – Маргарыта Ворыхава, якая ў жніўні стала дарадцай па моладзевай палітыцы і студэнтах.

Інтэрв’ю
Дарадца Ціханоўскай у справах моладзі – пра тое, чым давядзецца заняцца ў першую чаргу
2023.08.17 13:35

Ворыхава – кіраўніца Нацыянальнай моладзевай рады «РАДА», якую ўзначальвае апошнія тры гады. «РАДА» аб’ядноўвае 38 арганізацыяў з розных сфераў – культурных, ЛГБТ, эка, адукацыйных ды іншых. Ворыхава таксама ўваходзіць у Кантактавую групу Рады Еўропы, структуру, сфармаваную, каб у беларусаў і беларусак была магчымасць даносіць свае патрэбы да Рады.

У Офісе Ворыхава плануе займацца каардынацыяй моладзевай палітыкі – як узаемадзейнічаць з моладдзю ў цэлым і са студэнцтвам у прыватнасці. Першай мэтай бачыць фармаванне гэтай палітыкі, бо яе дагэтуль няма ў выглядзе добра прапісанага дакументу, які б працаваў.

Акрамя дарадцаў, у Ціханоўскай ёсць афіцыйныя прадстаўнікі за мяжой: у Чэхіі – Крысціна Шыянок – дырэктарка Офісу дэмакратычных сілаў Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы, у Эстоніі і Латвіі – Віталь Малчанаў, у Бельгіі – Уладзімір Астапенка – кіраўнік прадстаўніцтва Аб’яднанага пераходнага кабінету ў Бруселі, намеснік прадстаўніка Кабінета па міжнародных адносінах, ва Украіне – Генадзь Манько – кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве.

Інтэрв’ю
«Каб хоць камандзірам заробкі плаціць». Чаму Паспалітае рушэнне пакуль што не стала народным рухам
2023.10.24 08:00

Беларускія дэмакратычныя сілы прадстаўленыя таксама такімі арганізацыямі, як Рада БНР, Нацыянальнае антыкрызіснае ўпраўленне, якое ўзначальвае Павел Латушка, BYPOL і цяпер яшчэ і BELPOL – аб’яднанні былых сілавікоў, Паспалітае рушанне, палітычныя амбіцыі выказвае таксама Полк імя Кастуся Каліноўскага. Кожная з іх – незалежная адзінка, ніяк не падпарадкаваная Аб’яднанаму пераходнаму кабінету ці Офісу Святланы Ціханоўскай.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў