Украінскі палітык Павел Жэбрыўскі: След у справе «Мотор Січы» можа весці ў Офіс прэзідэнта Украіны


Справа экс-прэзідэнта прадпрыемства «Мотор Січ», якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве, можа быць пачаткам новых справаў у дачыненні асобаў на пасадах ва ўкраінскіх спецслужбах, праваахоўных структурах і нават у Офісе прэзідэнта. Так лічыць украінскі палітык Павел Жэбрыўскі. Іншыя эксперты таксама прарочаць шэраг новых справаў з выкрываннем расейскіх калабарантаў ва Украіне. Ёсць тут і беларускі след. 

Прэзідэнт кампаніі «Мотор Січ» Вячаслаў Багуслаеў на адкрыцці Міжнароднага авіясалону «Фарнбара-2014». Вялікая Брытанія, 2014 год.
Фота: Марына Лысцева / ТАСС / Forum

Украінскія аналітыкі ставяць затрыманне Вячаслава Багуслаева ў адзін шэраг з затрыманнем Віктара Медведчука. Багуслаеў да затрымання лічыўся адным з самых багатых людзей краіны, Герой Украіны, чатыры разы дэпутат Вярхоўнай Рады, ганаровы прэзідэнт украінскага прадпрыемства «Мотор Січ». Цяпер ён пад арыштам паводле падазрэння ў здрадзе ўкраінскай дзяржаве. Украінскія спецслужбы сцвярджаюць, што алігарх прадаваў пасля 2014 года і нават падчас цяперашняй вайны камплектныя дэталі да баявых расейскіх верталётаў Ка-52, Мі-8 і Мі-28.

Размовы пра тое, што састарэлы алігарх (Багуслаеў нарадзіўся ў 1938 годзе) займаецца нейкімі забароненымі і небяспечнымі справамі з Расеяй, ва ўкраінскіх медыях вяліся некалькі гадоў, але справаю заняліся толькі цяпер.

Украінскія спецслужбы пазбаўляюцца калабарантаў?

Як лічыць Яўген Плінскі, адзін з журналістаў, што расследаваў цёмныя справы Багуслаева, гандляра верталётнымі рухавікамі не чапалі столькі часу, бо ўкраінскія сілавыя структуры былі поўныя прадстаўнікоў расейскіх спецслужбаў і людзей, якія адкрыта працавалі ў інтарэсах Крамля. Але сітуацыя кардынальна змянілася пасля абнаўлення ўкраінскіх Службы бяспекі і Дзяржаўнага бюро расследаванняў. Калабарантаў і таемных «сяброў Расеі» сталі выяўляць і выкрываць. Плінскі (і не толькі ён) прадракае, што неўзабаве Украіну чакае чарада падобных затрыманняў і арыштаў.

«Арышт Багуслаева, арышт Медведчука – гэта ўсё пацверджанне таго, што ўкраінскія спецслужбы наводзяць ўнутры ў сябе парадак», – такім меркаваннем эксперт падзяліўся ў эфіры каналу «Настоящее время». Паводле Яўгена Плінскага, такія расследаванні ўкраінскімі спецслужбамі праводзіліся, матэрыялы на Багуслаева збіраліся, а потым яны «традыцыйна ляжалі недзе ў доўгай скрыні і блакаваліся менавіта ў інтарэсах Крамля. На сённяшні дзень такія гісторыі пачынаюць разгортвацца ў супрацьлеглым кірунку».

Hавiны
Ва Украіне затрымалі прэзідэнта «Мотор Січ» – яго падазраюць у працы на Расею
2022.10.23 12:00

Далей Багуслаева, верагодней за ўсё, будуць судзіць. Абвінавачанні занадта сур’ёзныя і нават ідэалагізаваныя: імаверна, запчасткі і рухавікі вытворчасці «Мотор Січі» былі нават на тых баявых верталётах, што атакавалі Украіну з пачатку расейскай агрэсіі і працягваюць атакаваць цяпер. Як паведаміў дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк, доказаў сабрана багата, і яны пайшлі ў справу.

Пры гэтым Падаляк зусім не выключыў, што 84-гадовага Вячаслава Багуслаева могуць абмяняць на ўкраінскіх вайскоўцаў, якія цяпер у расейскім палоне, гэтак жа, як не так даўно абмянялі Віктара Медведчука. «Я спадзяюся, што мы будзем выкарыстоўваць любую магчымасць, любых людзей (асабліва грамадзянаў Расеі), каб забраць сваіх хлопцаў», – цытуе Падаляка УНІАН.

След у справе Багуслаева можа весці ў Офіс прэзідэнта Украіны

Украінскі палітык з досведам антыкарупцыйнай барацьбы Павел Жэбрыўскі ў размове з «Белсатам» адзначыў, што расследаванне справы Багуслаева прадэманструе, ці сапраўды адбыліся станоўчыя змены ва ўкраінскіх праваахоўных структурах і асабліва СБУ.

«У нас жа праблема не толькі Масковія і Пуцін, у нас праблема – пятая калона ва Украіне, на жаль», – заявіў Жэбрыўскі.

Багуслаева нехта пакрываў, бо ён не мог рабіць сваіх справаў незаўважна. Для гандлю таварамі падвойнага прызначэння ва Украіне існуе пэўны рэгламент, падобныя ўгоды павінны атрымліваць дазвол на высокім узроўні дзяржаўнага кіраўніцтва.

«Ёсць, на жаль, падазрэнні, што нехта ў Офісе прэзідэнта дапамагаў спадару Багуслаеву. І калі насамрэч будзе сурʼёзнае расследаванне, то на лаву падсудных павінны сесці прадстаўнікі Дзяржаўнай службы экспартнага кантролю, прадстаўнікі СБУ, якія павінны былі адсочваць увесь лагістычны ланцужок. Таму што без дазволу Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) такія ўгоды аб вырабах падвойнага прызначэнні не магчымыя», – заявіў Жэбрыўскі.

Павел Жэбрыеўскі. Фота
Павел Жэбрыўскі.
Фота: Facebook / zhebrivskyi

Палітык кажа, што паводле інфармацыі, якая цяпер адкрываецца, пра пастаўкі верталётных камплектных дэталяў у Расею «ведала нават прыбіральніца». «Не спыніць гэтых угодаў – гэта дзяржаўная здрада ўсіх чыноўнікаў, якія дазволілі вось гэтую справу, – дзеліцца меркаваннем  Жэбрыўскі. – Пабачым, наколькі эфектыўнае будзе ў прынцыпе расследаванне. І тады зробім высновы. Але пасля вайны мы, безумоўна, з гэтым разбярэмся, і панясуць пакаранне ўсе вінаватыя, незалежна ад таго, як пройдзе расследаванне цяпер».

Да СБУ шмат пытанняў. У час прэзідэнцтва Віктара Януковіча ў 2010–2014 гадах гэтую спецслужбу ўзначальваў генерал ФСБ Аляксандр Якіменка. «Зразумела, што нават і ў СБУ яму ўдалося кагосьці завербаваць», – кажа Жэбрыўскі пра наступствы такога ўзначальвання. Шмат генералаў СБУ, якія працавалі пры Якіменку, працуюць і сёння, хоць у кіраўніцтве адбыліся змены. З ліпеня 2022 года абавязкі старшыні СБУ выконвае Васіль Малюк, і Жэбрыўскі спадзяецца, што справа Багуслаева – адно з наступстваў гэтага прызначэння.

Эксперт лічыць, што памылкай прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага было ў свой час прызначыць на пасаду старшыні СБУ Івана Баканава. Жэбрыўскі характарызуе Баканава, які некалі быў юрыстам Зяленскага, як чалавека, не вельмі дасведчанага ў справах нацыянальнай бяспекі: «Я думаю, што ён і цяпер не разумее, што такое Служба бяспекі Украіны. Ён не разумее, што такое контрвыведка. Ён не разумее, што такое эканамічная бяспека. Ну а намеснікам у яго быў Навуменка, які сёння падазраецца ў дзяржаўнай здрадзе і застаецца ў Сербіі». Павел Жэбрыўскі кажа, што Андрэй Навуменка не дарма ўцёк з краіны ў лютым, за дзень да пачатку вайны, «гэта чалавек, які ведае ўсё». Навуменка ўзначальваў Упраўленне ўнутранай бяспекі Службы бяспекі Украіны з лета 2019 года да ліпеня 2021 года. Адна са справаў, у якіх яго вінавацяць, – гэта тое, што менавіта ён мог дапамагчы расейскім вайскоўцам захапіць Чарнобыльскую АЭС.

Перадумовы і сутнасць справы Багуслаева

Датычна сутнасці справы Вячаслава Багуслаева – трэба разумець, што гэта адзін з так званых чырвоных дырэктараў, якія некалі паспрыялі абранню прэзідэнтам выхадца з прамысловых колаў Украіны Леаніда Кучмы. Кучма ў свой час узначальваў «Южмаш» – буйное ўкраінскае прадпрыемства для вытворчасці ракетна-касмічнай тэхнікі.

Жэбрыўскі сцвярджае, што дзякуючы сувязям з Кучмам «чырвоныя дырэктары» здолелі прыватызаваць гіганты прамысловасці, шахты і іншую дзяржаўную маёмасць. Багуслаеў прыватызаваў «Мотор Січ». У час СССР гэта было прадпрыемства «саюзнага падначалення», і паводле Жэбрыўскага, праз гэта Багуслаеў ведаў Міхаіла Гарбачова, Барыса Ельцына, асабіста ведае Уладзіміра Пуціна і кантактаваў з ім.

Савецкай спадчынай украінскіх прадпрыемстваў ёсць іх залежнасць ад прамысловасці іншых былых савецкіх рэспублік. Для «Мотор Січі», якая вырабляла верталётныя рухавікі, залежнасцю былі даўнія сувязі з некалі савецкімі, а цяпер расейскімі прадпрыемствамі вытворчасці верталётаў у складзе холдынгу «Верталёты Расеі». Пастаўкі рухавікоў і запчастак туды з Украіны ішлі да 2014 года, да пачатку расейскай анексіі ўкраінскага Крыму і падтрымання сепаратысцкіх утварэнняў у Луганскай і Данецкай вобласцях Украіны. Затым кіраўніцтва Украіны такую ваенна-тэхнічную супрацу вырашыла спыніць.

Для «Мотор Січі» расейскі рынак быў асноўным, і таму з 2014 года ў Багуслаева пачаліся праблемы. Прадпрыемству было куды пастаўляць прадукцыю і апроч Расеі, бо ва ўсім свеце мноства верталётаў савецкай вытворчасці, якія трэба рамантаваць. Іх шмат у Афрыцы, Азіі. Верталёты рамантавалі ва Украіне на чатырох прадпрыемствах. Але расейскі рынак усё роўна заставаўся для «Мотор Січі» прывабным, толькі там выраблялі новыя верталёты, і замова на рухавікі магла быць вялікай і бясконцай.

Рухавікі «Мотор Січі» вельмі цікавыя Кітаю. Фото: wsj.com / focus.ua

«Тады яны прыдумалі такую штуку – продаж кітайскаму прадпрыемству гэтага заводу праз інвестыцыйную кампанію «Dragon Capital», якую ўзначальвае нейкі Томаш Фіяла, яны зрабілі гэтую ўгоду. Амерыканцы, нашыя партнёры, прасачылі, што канчатковым бенефіцыярам гэтай угоды ёсць маскоўцы», – распавёў Жэбрыўскі дэталі схемы продажу «Мотор Січі». Пасля таго, як угода была завершаная, ва Украіне ў 2018 годзе арыштавалі акцыі прадпрыемства.

«Кітайцы з намі судзіліся, з дзяржавай Украіна, але нічога ў іх не выйшла», – дадаў Павел Жэбрыўскі.

Ужо ў сакавіку 2022 года у межах следства ў справе Багуслаева быў накладзены арышт на маёмасць і 100 % акцыяў кампаніі «Мотор Січ».

Беларускі след Багуслаева

Некалі ў «Мотор Січі» быў праект у Беларусі – «Аршанскі авіярамонтны завод». Украінская кампанія планавала там наладзіць вытворчасць, стварыць сэрвісны цэнтр для рамонту і мадэрнізацыі верталётаў.

Верталёт Мі-8МСБ на Маскоўскім авіякасмічным салоне. 27 жніўня 2013 года, Раменскае.
Фота: Vitaly V. Kuzmin / wikipedia.org

Павел Жэбрыўскі кажа, што падобныя праекты былі звычайнаю справай для «Мотор Січі», прадпрыемства заўсёды шукала магчымасцяў пашыраць вытворчасць і геаграфію. «Сёння «Мотор Січ» гэта не толькі завод у Запарожжы, гэта каля дзесяці прадпрыемстваў ва Украіне, дзе выпускаюць камплектныя дэталі». Жэбрыўскі паведаміў таксама, што калі быў дэпутатам ад Бердычаўскай акругі, то хадайнічаў перад Вячаславам Багуслаевым, каб той набыў мясцовы інструментальны завод, які быў на мяжы банкруцтва: «Ён быў не супраць, але потым быў 2004 год, я ўдзельнічаў у рэвалюцыі, і мы болей з ім не размаўлялі».

Што датычыць аршанскага праекту, то са словаў Жэбрыўскага, гэта магла быць спроба стварэння пэўнага альтэрнатыўнага прадпрыемства для зборкі вырабаў для рынкаў па-за межамі Украіны. Эксперт лічыць, што заўпарціўся якраз беларускі бок, бо Аляксандр Лукашэнка не захацеў далей супрацоўнічаць з украінцамі ў гэтым праекце.

«Мотор Січ» гэта сёння комплекс прадпрыемстваў. Я не выключаю, што і ў Варонежскім заводзе ў Расеі, дзе робяць верталётныя рухавікі, ёсць акцыі Багуслаева. Бо каб зрабіць рухавікі, трэба мець дакументацыю», – кажа суразмоўца «Белсату».

У Воршы збіраліся вырабляць верталёты. Падмуркам для такіх амбітных планаў была праведзеная з удзелам «Мотор Січі» глыбокая мадэрнізацыя самага масавага ў свеце дэсантна-транспартнага верталёта Мі-8, які атрымаў афіцыйную назву Мі-8МСБ. На яго ставілі новыя рухавікі, больш магутныя, чым былі ў пачатковай версіі, у выніку чаго значна ўзрастала яго падʼёмная здольнасць і верхняя мяжа палёту. У 2011 годзе «Мотор Січ» вырашыла перанесці ў Воршу зборку мадэрнізаванай версіі Мі-8 і мадэрнізаванага Мі-2 – яшчэ аднаго масавага ва ўсім свеце верталёта. Першыя два верталёты Мі-8МСБ былі сабраныя ў Воршы ў 2013 годзе. Для іх з Запарожжа прывезлі рухавікі, а астатнія вузлы і дэталі былі вырабленыя ў Беларусі.

На «Аршанскім авіярамонтным заводзе» добра ведаюць запарожскія рухавікі.
Фота: Аляксандр Хітроў / БелТА / belta.by

Паводле інфармацыі «Громадське радіо», пасля ўстаноўкі больш магутных і пры гэтым больш эканамічных украінскіх рухавікоў мадэрнізаваныя верталёты выглядалі вельмі прывабна на міжнародным рынку і пагражалі выцесніць расейскія аналагі. Паводле той жа крыніцы, яшчэ адным амбітным праектам «Мотор Січі» былі планы стварэння ў Воршы вытворчасці крылатых ракет з уласным газатурбінавым рухавіком. У выніку праекты вытворчасці верталётаў і ракет вельмі не спадабаліся расейскаму кіраўніцтву. Пасля абвастрэння расейска-ўкраінскіх дачыненняў у 2014 годзе і паступовага абвастрэння беларуска-ўкраінскіх дачыненняў праекты згарнулі.

На сустрэчы з Вячаславам Багуслаевым ў кастрычніку 2014 года Лукашэнка не хаваў, што добра разумее мэты стварэння супольнага прадпрыемства з «Мотор Січчу»: «Прашу, каб вы не зыходзілі з цяперашняй сітуацыі, вось цяжкавата недзе ва Украіне, трэба праз Беларусь працаваць з Расеяй. Я гэтага нават не хаваю, гэта правільна. Я і прэзідэнту Расеі сказаў: «Буду запрашаць усіх украінцаў, якія да мяне прыедуць, жыць, працаваць з намі, праз нас з вамі. І вы павінны гэта разумець». І гэта было ўспрынята нармальна».

Тады ж ён адкрыта папярэдзіў, што можа адабраць завод ва ўкраінцаў, калі сітуацыя не палепшыцца: «Скажу больш: калі б вы прыйшлі на гэтае прадпрыемства перакантавацца, як у нас казалі, ці перажыць нейкія часы, ці зрабіць яшчэ нешта другараднае, і не было перспектывы – усё роўна, гэта акцыянернае таварыства ці не, набылі яго ці не набылі, – у нас ёсць цвёрды досвед паводзінаў з такімі акцыянерамі і такімі «прышэльцамі». Мы з імі разрывалі адносіны, нават з амерыканскімі кампаніямі. Шуму, гвалту было шмат, але ўсе разумелі, што мы маем рацыю».

У 2018 годзе фармальна беларускі бок абвінаваціў «Мотор Січ», якая ўжо мела кантрольны пакет акцыяў «Аршанскага авіярамонтнага заводу», у невыкананні інвестыцыйнай дамовы, паводле якой інвестар павінен быў укласці да $ 20 мільёнаў у сам завод і ў сацыяльную інфраструктуру пасёлку, дзе размешчанае прадпрыемства. Сцвярджалася, што ўкраінцы не выканалі якраз абавязкаў у фінансаванні сацыяльнай інфраструктуры. Дайшло нават да арышту асабістага самалёта Багуслаева. У самой «Мотор Січі» казалі іншае: што фінансаваць праект адмовіўся беларускі бок, якому належала 40 % супольнага прадпрыемства – ЗАТ «Сістэмы інвестыцый і інавацыяў».

«Мясцовы інвестар адмовіўся ад выканання сваёй часткі інвестыцыйных абавязкаў. З-за гэтага ўвесь шум, – сказаў тады Вячаслаў Багуслаеў. – Сваю частку інвестыцыйных абавязкаў, паводле стану на сённяшні дзень, «Мотор Січ» выканала на 110 %». «За гэтыя гады мы ўклалі ў завод у розных формах $ 20 млн, і фактычна, паднялі яго з руінаў», – дадаў ён.

Праз нейкі час Багуслаеў увогуле заявіў, што беларускі бок вельмі ціснуў на яго: «Са мной сустракаліся некалькі разоў. І ў Астане на выставе, і ў Кіеве. Гэта быў ціск, але не першай асобай. У іх ёсць шэры кардынал, але не будзем пра гэта. Дзякуй богу, мы выйшлі са складу акцыянераў. Гэта няўдалы досвед».

У 2018 годзе ў дачыненні былога генеральнага дырэктара заводу і службовых асобаў прадпрыемства «Мотор Січ» у Беларусі распачалі крымінальную справу за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, якія прывялі да цяжкіх наступстваў. А «Аршанскі авіярамонтны завод» нацыяналізавалі. Рашэнне прымаў асабіста Аляксандр Лукашэнка, абвінаваціўшы інвестара ў бяздзейнасці.

Hавiны
Ва Украіне затрымалі кіраўніка кампаніі «Мотор Січ», былога акцыянера Аршанскага авіярамонтнага заводу
2022.10.24 16:26

Некаторыя беларускія суразмоўцы «Белсату» выказваюць меркаванне, што справа правалілася з некалькіх прычынаў. Фармальная – інвестар сапраўды не выконваў частку абяцанняў, бо якраз пачаліся праблемы з забеспячэннем прадпрыемства некаторымі камплектнымі з Расеі. Таемная версія – вельмі імаверна, што «Мотор Січ» збіралася выкарыстоўваць прадпрыемства ў Воршы ў сваіх схемах паставак тавараў вайсковага прызначэння праз трэція краіны, абыходзячы такім чынам экспартныя абмежаванні ўладаў Украіны, але не здолелі ці не пажадалі дамовіцца з кіраўніцтвам Беларусі.

Дагэтуль дакладна не вядома, што стала для беларускага боку большай прычынаю для адмовы ад праекту – ціск Масквы або ціск Кіева. Верагодна, на Менск ціснуў і Пекін, які вельмі хацеў займець у сябе вытворчасць украінскіх рухавікоў, а з імі і верталётаў, і зрабіў для гэтага пэўныя крокі, якія згаданыя вышэй. На карысць апошняй версіі можна аднесці і абвешчаныя пазней планы стварыць ў Балбасава пад Воршаю, дзе на самай справе месціцца «Аршанскі авіярамонтны завод», беларуска-кітайскі транспартна-грузавы хаб, куды павінны былі дастаўляцца грузы паветрам і чыгункай.

У лістападзе 2020 года зрабілася банкрутам авіякампанія «Ворша Эйр». Эканамічны суд Віцебскай вобласці прызнаў прадпрыемства фінансава няздатным і пачаў яго ліквідацыю. У кампаніі былі запазычанасці сярод іншага і перад прадпрыемствам «Мотор Січ».

Тэрмін ліквідацыі быў устаноўлены да 1 траўня 2021 года. Перад антыкрызісным кіраўніком была пастаўленая задача задаволіць патрабаванні дзевяці крэдытораў на агульную суму амаль 600 тысяч рублёў. Пры гэтым 90 % запазычанасці прыпадала на «Аршанскі авіярамонтны завод» і «Мотор Січ».

Звесткі аб грамадзянстве ўкраінскага алігарха. Скрыншот. Крыніца: радыё «Свабода» / radiosvoboda.org

Багуслаеў меў расейскае грамядзянства

Ну і пры канцы сённяшняга расповеду адзін проста нечуваны факт: Вячаслаў Багуслаеў з 2000 года меў грамадзянства Расейскай Федэрацыі, расейскі пашпарт ён атрымаў замест пашпарта грамадзяніна СССР. Да таго ж ён яшчэ і падаткаплатнік РФ, што лёгка праверыць праз сайт расейскай падатковай службы. Пры гэтым «чырвоны дырэктар» чатыры разы абіраўся народным дэпутатам Украіны і ўваходзіў у Камітэт Вярхоўнай Рады ў пытаннях нацыянальнай бяспекі і абароны, меў допуск да дзяржаўных таямніцаў.

Аб’ектыў
Было вашае – стала нашае. Як украінскі завод стаў беларускім
2018.07.12 22:45

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў