З Нагорнага Карабаху ў Арменію выехала амаль 100 тысяч чалавек


Па стане на вечар 29 верасня з Нагорнага Карабаху ў Арменію выехала больш за 98 тысячаў армянаў. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар прэм’ер-міністра Арменіі Назелі Багдасаран, перадае партал «1Lurer».

Перасяленцы з Нагорнага Карабаху. Крыніца: armradio.am

Па інфармацыі ўладаў Арменіі ў краіну прыехалі 98625 чалавек. Мост Хакары, з якога пачынаецца Лачынскі калідор, які злучае Арменію і Нагорны Карабах, перасеклі 20892 транспартных сродкі. Таксама каля Лачынскага калідора створаны гуманітарны цэнтр. Тым грамадзянам, якія не маюць вызначанага месца жыхарства, урад Арменіі забяспечвае жыллём.

Паводле афіцыйных дадзеных, у Нагорным Карабаху пражывалі прыкладна 120 тысяч армянаў. Цяпер улады Арменіі называюць жыхароў Нагорнага Карабаху, якія пераехалі, вымушанымі перасяленцамі.

Між тым прэм’ер Арменіі Нікол Пашынян паабяцаў кожнаму перасяленцу, незалежна ад узросту, выплаціць па 100 тысяч драмаў ($254). Раней ён заяўляў раней, што «зыход армянаў з Нагорнага Карабаху ў выніку палітыкі Азербайджану па этнічнай чыстцы працягваецца». «Аналіз сітуацыі паказвае, што ў бліжэйшыя дні ў Нагорным Карабаху не застанецца армянаў», – сказаў Пашынян.

Нагадаем: 19 верасня Азербайджан пачаў «антытэрарыстычную аперацыю» ў Нагорным Карабаху, на наступны дзень улады непрызнанай рэспублікі пагадзіліся раззброіць і расфармаваць сваё войска і зладзіць перамовы з Баку. Пасля гэтага жыхары рэгіёну пачалі масава эміграваць у Арменію.

Учора, 28 верасня, кіраўнік непрызнанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі Самвэл Шаграманьян пастанавіў зліквідаваць усе «дзяржаўныя ўстановы і арганізацыі». Рэспубліка спыніць сваё існаванне з 1 студзеня 2024 года.

Аналітыка
Якія наступствы будзе мець для постсавецкай прасторы перамога Азербайджану ў Карабаху?
2023.09.21 21:04

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў