Кампанія з беларускімі каранямі PandaDoc купіла нямецкую фінтэхкампанію Denario


IT-кампанія PandaDoc, заснаваная беларусамі, купіла берлінскую фінтэхкампанію Denario. Угода была завершаная ў жніўні, аднак яе фінансавыя параметры не выдаюцца, паведамляе «Officelife».

PandaDoc. Крыніца: pandadoc.com

PandaDoc – беларускі стартап, што стварае прадукт, які дапамагае аўтаматызаваць дакументаабарачэнне і адсочваць гандлёвую дакументацыю. У кампаніі разлічваюць, што набыццё Denаrio дазволіць палепшыць уласную платформу для апрацоўвання дакументаў і плацяжоў і пашырыць магчымасці PandaDoc у кіраванні грашовымі патокамі.

Цяпер 100 супрацоўнікаў Denario працуюць у новым, шостым паводле ліку, офісе PandaDoc у свеце. Іншыя офісы кампаніі месцяцца ў ЗША (два), Украіне, Польшчы і Партугаліі. Менскае падраздзяленне было ліквідаванае на пачатку 2022 года.

Кампанія PandaDoc была заснаваная ў 2013 годзе ў Менску Мікітам Мікадам і Сяргеем Барысюком. У канцы 2021-га яна была ацэненая на $ 1 млрд і стала першым у гісторыі Беларусі стартапам-«адзінарогам». Таксама кампанія на працягу апошніх трох гадоў трапляе ў топ-500 самых хуткарослых тэхналагічных кампаніяў Паўночнай Амерыкі.

Нагадаем: у верасні 2020 года ў менскім офісе PandaDoc прайшлі ператрусы. Чатырох працаўнікоў кампаніі затрымалі – дырэктара Дзмітрыя Рабцэвіча, менеджара Віктара Куўшынава, бухгалтарку Юлію Шардыку і HR Уладзіслава Міхалапа. Іх падазравалі ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры – нібыта яны завалодалі сумай, больш як 107 тысяч рублёў, чым нанеслі шкоду дзяржаве. Была распачатая крымінальная справа паводле ч. 4 арт. 210 КК РБ. Пазней артыкул змянілі на «махлярства» (ч. 4, арт. 209 КК). Працаўнікі кампаніі тады казалі пра сваю невінаватасць.

У жніўні 2021 года СК закрыў крымінальную справу ў дачыненні чатырох працаўнікоў PandaDoc, бо яе работнікі Зміцер Рабцэвіч і Віктар Куўшынаў добраахвотна кампенсавалі страты.

Аб’ектыў
«PandaDoc» – у спісе тэхналагічных кампаній ЗША і Канады, якія найбольш дынамічна развіваюцца
2021.11.18 22:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў