Аўтар бота для беларусаў у Польшчы задумаў новы праект: дапаможа з пошукам працы


@BelPolska_bot дае парады пра легалізацыю, медыцыну, транспарт і іншыя аспекты жыцця ў Польшчы. Наступны праект аўтара гэтага бота будзе звязаны з працай і пенсіяй – і магчыма, нават звяжа шукальнікаў працы з надзейнымі працадаўцамі.

Бот «Сто работ» Змітра Ягорава.
Бот «Сто работ» Змітра Ягорава.
Фота: Белсат

Былы журналіст «Белсату» Зміцер Ягораў жыве ў Польшчы з 2007 года. У 2022 годзе ён запусціў у Telegram бясплатны бот з парадамі для беларусаў, якія прыехалі ў Польшчу: дзе атрымаць PESEL, ці варта карыстацца NFZ, як зэканоміць на PKP… Нядаўна ў @BelPolska_bot ён паведаміў, што «ізноў прыдумаў, як наносіць дабро» і хоча запусціць яшчэ адзін бот.

Стары бот ён не збіраецца закрываць. Ягораў расказвае «Белсату», што стары бот па-ранейшаму патрэбны: са статыстыкі ён бачыць, што ёсць запыты на інфармацыю адтуль, а часам атрымлівае ахвяраванні на працу бота. На піку карыстання старым ботам той меў 7-8 тысяч падпісантаў, але бываюць новыя пікі – як то пасля адмовы Беларусі выдаваць пашпарты за мяжой у боце чыталі, як атрымаць польскі падарожны дакумент.

Разбор
FAQ. Выдача пашпартоў за мяжою, даверанасці, шлюб і дзеці – шукаем адказы паміж радкоў указу
2023.09.08 16:47

Што за новы бот

У новым боце ён абяцае сабраць афіцыйную інфармацыю пра правы працаўніка, працоўнае заканадаўства, пенсійныя назапашванні і іншае. Сам ён не юрыст, юрыдычных парадаў не дае, а збірае афіцыйную інфармацыю і перакладае яе з «юрыдычнай на зразумелую» і з польскай на беларускую мову. А ў будучыні ён хоча дадаць у новы бот магчымасць знайсці вакансію «з прыстойнымі ўмовамі і нармальным працадаўцам».

Ягораў расказвае «Белсату»: ідэя з новым ботам звязаная з зацікаўленасцю польскіх працадаўцаў у беларускіх працаўніках. Так склалася, што беларускія працаўнікі маюць добры імідж, аб іх склаўся пазітыўны стэрэатып як аб працавітых, сумленных і часта кваліфікаваных працаўніках. Ягораў кажа, што размаўляў з двума бізнесоўцамі, якія хацелі выйсці на беларускую дыяспару і шукаць працаўнікоў менавіта з Беларусі.

Паводле Ягорава, праца для замежнікаў у Польшчы – гэта часта праца для людзей без кваліфікацыі ці з нізкай кваліфікацыяй, як то праца на складах, і нярэдка праца нізкааплатная. Ён лічыць, што праца бывае нават амаль рабскай, калі заробак дазваляе хіба харчавацца, а не дае нават купіць адзенне.

«Я б не хацеў, і не планую, і ніколі не буду змяшчаць такія вакансіі, якія фактычна ўганяюць чалавека ў гэтае рабства – там, дзе няма годнай аплаты», – абяцае Ягораў.

Як дакладна ён будзе правяраць працадаўцаў, Ягораў пакуль не ведае, але ўяўляе прыблізны алгарытм. Можна, кажа ён, не толькі глядзець водгукі на кампаніі, але яшчэ распытваць дзейных і былых працаўнікоў, рабіць «кантрольныя закупкі» – прасіць кагосьці пад выглядам патэнцыйнага працаўніка распытваць працадаўцу пра ўмовы. Часта ўжо на самым першым этапе можна пабачыць «трывожныя званочкі», а бывае, адразу прапануюць нелегальную працу, «na czarno».

Пакуль бот не гатовы, запусціць яго напоўніцу Ягораў хоча ў лістападзе (ці атрымаецца, не ўпэўнены, бо ён адзін працуе над ботам у вольны час). Але падпісацца на бот можна ўжо цяпер, каб найхутчэй атрымаць паведамленне аб запуску. Адрас – @storabot_bot.

Парады
Як беларусам не трапіць на махляроў, працуючы ў Польшчы
2022.08.30 19:35

Што беларусы думаюць пра працу ў Польшчы

Перад запускам новага бота Ягораў ладзіў анкетаванне карыстальнікаў у старым боце: пытаў, ці ведаюць людзі пра свае правы і як ацэньваюць працу ў Польшчы. На момант размовы ў апытанні ўзялі ўдзел 311 карыстальнікаў. Апытаных найбольш цікавіла інфармацыя пра ашчаджэнне пенсію і пра правераных працадаўцаў.

Большая частка апытаных адказала, што знайсці працу ў Польшчы не цяжка і не лёгка – ацанілі цяжкасць пошуку працы ў 3 з 5 балаў, «праца на дарозе не валяецца». Польскім працадаўцам хутчэй давяраюць, чым не давяраюць; толькі 3,2 % апытаных назвала польскіх працадаўцаў зусім несумленнымі, 5 % – вельмі сумленнымі.

Палова апытаных гатовая адстойваць свае працоўныя правы, палова не гатовая. Тыя, хто не гатовыя, дзеляцца на тых, хто проста не хоча канфліктаваць, і на тых, хто не ведае, якія мае равы і як іх адстойваць. Больш за палову нават не ведае, якія ў Польшчы бываць тыпы працоўных дамоваў і чым адрозніваюцца. Шмат хто не ведае, якія падаткі плаціць і ад чаго залежаць адлічэнні.

Разбор
Як з Беларусі з’ехаць працаваць у Польшчу: што трэба ведаць і колькі заплаціць
2023.03.07 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў