Наколькі рэальны ядравы ўдар па Беларусі?


Пагроза NATO для беларускага войска параўнальная з небяспекаю расейскай ядравай атакі супраць украінскіх сілаў. Удар па вайсковых цэлях у Беларусі будзе мець дадатковы плюс, бо пакажа саюзнікам Расеі яе слабасць. Гэта можа прывесці да падзення рэжыму ў Менску, лічыць ваенны эксперт Джульян Спэнсэр-Чэрчыл. Аналітык апублікаваў артыкул на ўплывовым партале, звязаным з Пентагонам. Што пра гэта думаюць амерыканскі генерал у адстаўцы Бэн Годжэз і польскі эксперт у пытаннях расейскай вайсковай стратэгіі Марэк Будзіш? Падрабязнасці – у сюжэце з праграмы «ПраСвет».

Ядравую зброю вывелі з Беларусі ў 1990-ыя. Аднак Лукашэнка даўно марыць пра яе вяртанне. Ніколі гэтая мара не была настолькі блізкай да ўвасаблення, як цяпер.

«Яны павінныя разумець, што ніякія верталёты, самалёты, калі яны пойдуць на абвастрэнне, іх не ўратуюць. Больш за тое, мы калісьці з Пуціным заявілі, што мы пераабсталюем і беларускія самалёты дзеля таго, каб яны маглі несці ядравую зброю. Вы што думаеце, мы языком мянцілі? Усё гатова», – заявіў нелегітымны кіраўнік Беларусі.

Пераабсталяваныя СУ-24 стаяць на беларускіх аэрадромах разам з расейскай тэхнікай. Ці ёсць там ядравыя боегалоўкі, і калі ўсё ж такі ёсць, ці выкарыстае іх Расея? Дзіўны адказ на гэта даў у Генасамблеі ААН беларускі міністр замежных справаў Уладзімір Макей:

«Неабходна выпрацаваць дзейныя, празрыстыя і ўніверсальныя гарантыі бяспекі. Менавіта пра гэта казаў у лісце генеральнаму сакратару ААН прэзідэнт Беларусі ў траўні гэтага года. Беларусь гатовая да далейшай супрацы з усімі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі дзеля дасягнення мэтаў ядравага раззбраення, дзеля агульнага міру, стабільнасці і бяспекі».

Куды больш упэўнена Макей адказаў на пытанне расейскага журналіста: «Гэтыя пытанні абмяркоўваліся на ўзроўні міністраў абароны. Калі спатрэбіцца, краіны пойдуць на рашучыя крокі».

Гэта можа азначаць, што рашэнне пакуль што не прынятае, а гэткімі заявамі агрэсіўны тандэм Лукашэнка – Пуцін толькі раздражняе і шантажуе Захад. Трэба ўлічваць, што ў той дзень, калі Пуцін абвесціў мабілізацыю, ён выказаўся і пра ядравы ўдар:

«Нашая краіна таксама мае розныя сродкі паразы, а паводле асобных кампанентаў, і больш сучасныя, чым у краінах NATO. І пры пагрозе тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны дзеля абароны Расеі ды нашага народу мы, безумоўна, выкарыстаем усе сродкі, што маем. Гэта не блеф. А тыя, хто шантажуе нас ядравай зброяй, павінныя ведаць, што ружа вятроў можа разгарнуцца і ў іхны бок».

ВІДЭА
Аляксандр Лукашэнка вельмі ўстрывожаны. Ці правядзе ён мабілізацыю беларусаў?
2022.09.22 18:46

Цягам некалькіх месяцаў Джо Байдэн папярэджваў Расею: калі тая выкарыстае ядравую зброю, наступствы будуць цяжкімі. Адміністрацыя Байдэна мэтанакіравана не выказваецца дакладна, ці будзе рэакцыя ад ЗША, і якой яна будзе. Гэткая нявызначанасць прымушае Крэмль добра паразважаць перад тым, як прыняць рашэнне. У палітыцы гэта завецца «стратэгічнай двухсэнсоўнасцю». Пра гэта таксама напісаў былы вайсковец Джульян Спэнсэр-Чэрчыл у сваім артыкуле на партале «Real Clear Defense», блізкім да дэпартаменту абароны ЗША.

У адрозненне ад яго генерал-лейтэнант арміі ЗША ў адстаўцы Бэн Годжэз кажа, што Вашынгтон можа ўдарыць у адказ, напрыклад, па Чарнаморскім флоце Расеі.

«Мой каментар датычна Чарнаморскага флоту меў выключна ілюстрацыйны характар, паказваў магчымы тып дзеянняў, але прэзідэнт будзе прымаць канчатковае рашэнне, – мяркуе Бэн Годжэз. – І ён будзе кіравацца вось чым: калі Крэмль зробіць гэтую жудасную памылку ў разліку, што выкарыстанне ядравай зброі любой магутнасці неяк ім дапаможа, то адказ прыйдзе хутка. Але ён будзе залежыць ад таго, што дакладна адбудзецца. Я б чакаў, што адным з важных аспектаў адказу будзе прапарцыйнасць, бо мы не зацікаўленыя ў далейшай эскалацыі, у надыходзе сітуацыі, калі Расея вырашыць, што ім варта працягваць гэта рабіць».

На думку Бэна Годжэза, ЗША наўрад ці будзе адказваць Расеі ўдарам па тэрыторыі Беларусі.

«Перадусім я лічу малаімаверным, што прэзідэнт РФ выкарыстае ядравую зброю, – мяркуе генерал. – Увесь свет спадзяецца, што гэтага не буде. Бо калі ён усё ж ударыць, прэзідэнт ЗША вельмі выразна заявіў, што гэта выкліча вельмі моцны адказ. Але я не ўяўляю сабе сцэнара нанясення ўдару па нейкіх аб’ектах у Беларусі, хіба што расейцы здзейснілі б ядравы ўдар з тэрыторыі Беларусі. Але няма ніякага добрага выніку ў выпадку, калі расейцы прымуць гэтае жудаснае рашэнне, ніякіх добрых наступстваў ні для каго».

Разбор
Ядравы ўдар па Беларусі не выключаны? Ці праўда ўсё так сур’ёзна і як з гэтым жыць
2022.09.29 07:30

Польскі даследнік расейскай вайсковай стратэгіі Марэк Будзіш выказвае іншую думку. Наўрад ці Амерыка адкажа ўдарам па Беларусі, а Расея наўрад ці ўдарыць ядравай зброяй па Украіне.

«У расейскіх публічных дэбатах, сярод экспертаў, а не прапагандыстаў, такіх, як хаця б Сяргей Караганаў або Дзмітрый Трэнін, нядаўна з’явіліся тэзы, што, па-першае, Расея мусіць падрыхтавацца да выкарыстання свайго ядравага патэнцыялу актыўным чынам, то бок праз атаку цэляў. Па-другое, гэта не павінна быць Украіна, толькі саюзнікі ЗША. Караганаў нават сказаў, што Познань магла б стаць такой цэллю атакі. Бо тады перад Амерыкай з’яўляецца дылема: рызыкаваць Бостанам або Лос-Анджэлесам, адказваючы Расеі, ці не», – упэўнены Марэк Будзіш.

Днямі Лукашэнка і Пуцін правялі чарговую сустрэчу ў духу «на зло ворагам». Пра яе вынікі – нідзе ні слова, што цалкам можа азначаць: рашэнні прынятыя.

Cюжэт для прграмы «ПраСвет» ад 29.09.2022

belsat.eu

Стужка навінаў