Адказнай за пытанні амністыі стала Ганна Канапацкая. Яна «актыўна камунікуе» з заходнімі палітыкамі


Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў і кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі ў 2020 годзе Ганна Канапацкая стала адказнай па пытанням амністыі. На пытанне журналістаў «Нашай Нівы» пра гэта, Канапацкая запыталася: «Адкуль вы даведаліся?» і распавяла, што спадзяецца на вызваленне максімальнай колькасці асобаў.

Ганна Канапацкая.
Фота: ВЛ / Belsat.eu

Ганна Канапацкая на пытанне аб тым, ці чакаць вызвалення журналістаў, палітыкаў, прафсаюзных і грамадскіх актывістаў, удзельнікаў пратэсту, палітык адказала:

«Вельмі спадзяюся на вызваленне максімальнай колькасці пералічаных вамі асоб. Аднак кожны закон аб амністыі ўстанаўлівае пэўнае кола асоб, на якіх ён распаўсюджваецца, а таксама кола асоб, на якіх яно не распаўсюджваецца. Цяпер мы працуем над гэтым».

Паводле яе слоў, размова ідзе аб амністыі каля 8 тысяч чалавек. Пры гэтым прызнанне чалавека палітвязнем ці «пазіцыя заходніх краін» ніяк не паўплывае на тое, ці апынецца чалавек у спісе на амністыю.

Таксама яна расказала, што праводзіць вялікую колькасць сустрэч і кансультацый па гэтым пытанні з прадстаўнікамі заходняга дыпламатычнага корпуса і іх палітычных колаў. «Магу з упэўненасцю сказаць, што рэакцыя на будучую амністыю ў нашай краіне выключна станоўчая, што адкрывае дадатковыя магчымасці ў аднаўленні паўнацэнных адносін», – заявіла былая дэпутатка. Аднак, калі гэта адбудзецца, яна не ўдакладніла.

Таксама яна дадала, што яшчэ будучы дэпутаткай працавала над прасоўваннем амністыі для асуджаных за эканамічныя злачынствы і па так званым «наркатычным» артыкуле (328 КК).

«Выступаючы на ​​Усебеларускім народным сходзе, адразу па завяршэнні выбараў, я гаварыла не толькі аб амністыі, але і прасіла аб тым, што да прыняцця закона аб амністыі неабходна рэкамендаваць органам, якія ажыццяўляюць следства і нагляд, змяніць меру стрымання грамадзянам, якія знаходзяцца пад следствам за ўдзел у падзеях грамадзянскага супрацьстаяння лета-восені 2020 года, на не звязаную з утрыманнем пад вартай, – кажа Ганна Канапацкая. На жаль, на той момант рэакцыя ўлады, якая перамагла, была нервова-негатыўнай».

Аналітыка
Чаму завісла лукашэнкаўская амністыя і ці варта яе чакаць?
2022.09.29 13:49

На пытанне, ці па амніставанні спыняцца пераслед, арышты грамадзян і пачнецца «лібералізацыя», яна адказала:

«Лібералізацыі» у вашым разуменні гэтага тэрміна не будзе. Пабудаванае на першапачатковай перадвыбарнай хлусні пракрамлёўскіх паліттэхнолагаў пра 97% будзе знішчацца».

Паводле яе словаў, усе працэдуры па вызваленню вязняў пачнуцца толькі па прыняцці закону аб амністыі. У ім жа будуць прапісаны тэрміны. З практыкі – большасць амніставаных будзе вызваляцца адначасова, – мяркуе яна.

Нядаўняе вызваленне журналіста Алега Груздзіловіча і праваабаронцы з Гомля Таццяны Ласіцы, па словах Канапацкай, не звязаныя з амністыяй – яны апынуліся на волі праз «памілаванне».

Пра амністыю да так званага Дня народнага адзінства заявілі на нарадзе 6 верасня. Лукашэнка тады казаў, што «ёсць людзі, якіх мы свабодна можам вызваліць датэрмінова», але «бандыты і экстрэмісты» не з гэтай серыі. У сваю чаргу генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што пад амністыю могуць трапіць 8 тысячаў чалавек, а асуджаныя паводле палітычных справаў могуць выйсці на свабоду праз інстытут памілавання.

Аналітыка
Амністыя або новыя рэпрэсіі? Што рыхтуе Лукашэнка на 17 верасня
2022.09.02 20:02

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў