У Мінадукацыі прыгразілі бацькам дзяцей, якія будуць хадзіць у школу без формы


У Міністэрстве адукацыі прызналі, што настаўнікі не маюць права не пусціць на заняткі дзяцей без школьнай формы. Аднак бацькоў выклічуць на гутарку. Чыноўнікі называюць гэта «працаю з бацькамі», перадае БелТА.

Школьная форма. 28 ліпеня 2022 г.
Фота: Белсат

Кіраўніца ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Ірына Каржова запэўніла, што дзецям не могуць забараніць прыходзіць на ўрокі не ў школьнай форме. «Не маюць права не пусціць», – адзначыла чыноўніца.

Пры гэтым яна прыгразіла, што «педагогі будуць працаваць з бацькамі такога вучня, звяртаючы ўвагу на тое, як можа пачувацца дзіцяці ў калектыве», піша дзяржаўнае агенцтва БелТА. Калі бацькі будуць спасылацца на нястачу грошай на форму, ім прапануюць матэрыяльную дапамогу.

У школу мусяць пусціць і без зменнага абутку, «аднак зноў жа – будуць працаваць з бацькамі», сказала Каржова.

«Тут як і з харчаваннем: можна адмовіцца. Але ў той жа час трэба тлумачыць, што для здароўя дзіцяці з’есці гарачы суп лепш, чымся булачку з сокам», – падкрэсліла чыноўніца.

Hавiны
Школьная форма патрэбная, бо так вырашылі чыноўнікі, бацькі ў гэтым не бачаць сэнсу
2023.07.16 19:13

Тым часам у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю паведамілі, што сёлета цэны на шмат якія школьныя тавары сталі ніжэйшымі ў параўнанні з леташнімі. Адзенне для хлопчыкаў патаннела на 7 %, для дзяўчат – на 4 %, пахвалілася кіраўніца ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Наталля Мельнікава.

Яна прызнала, што «маюцца групы тавараў, на якія цана вышэйшая за леташнюю, пераважна гэта абутак». Як моцна гэтыя «групы тавараў» падаражэлі, чыноўніца не ўдакладніла.

Як паведамлялася, Менгарвыканкам запланаваў з 2024 года адзець усіх менскіх школьнікаў у аднолькавую форму з чырвона-зялёнай сімволікай.

Hавiны
Усіх менскіх школьнікаў з 2024 года прымусяць насіць уніформу з чырвона-зялёнай сімволікай
2023.08.27 15:25

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў