Эканаміст Настасся Лузгіна: Падатковая правярае патокі грошай, якія ідуць ад беларусаў за мяжу


Стала вядома, што беларускае Міністэрства па падатках і зборах накіравала ў банкі краіны ліст, у якім патрабуе ад іх звесткі аб плацяжах беларусаў за мяжу. Мяркуецца, што найперш гэта накіравана на выяўленне інтэрнэт-плацяжоў за тавары, набытыя ў замежных онлайн-крамах. Пра што яшчэ гаворыць такі крок і чым ён можа абярнуцца для беларусаў? Паразмаўлялі з эксперткай цэнтра эканамічных даследаванняў «BEROC» Настассяй Лузгіной.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: drobotdeana / Freepik

Праверка патокаў

«Напэўна, у цэлым ідзе збор інфармацыі, каб паглядзець, якія патокі ідуць за мяжу ад беларусаў. Але, хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што выконваецца пастанова, паводле якой усе замежныя інтэрнэт-пляцоўкі павінны плаціць у бюджэт Беларусі», – адзначыла Настасся Лузгіна, маючы на ўвазе закон № 141-3 ад 31 снежня 2021 года, згодна з якім замежныя кампаніі і ІП, якія рэалізуюць тавары беларускім арганізацыям і фізічным асобам, павінны стаць на ўлік у беларускіх падатковых органах для выплаты падатку.

Звязана гэта, на думку эканамісткі, з праблемай напаўнення бюджэту дзяржавы. І тое, што робіць зараз беларуская падатковая – гэта адна з мераў, якая дазволіць праверыць, якія аб’ёмы гэтых рэсурсаў могуць заставацца па-за падаткаабкладаннем, лічыць эканамістка.

Ці залезуць у кішэнь да беларусаў у пошуках падатку?

Мы спыталі ў нашай суразмоўніцы, ці ёсць для беларусаў падставы хвалявацца аб тым, што падатковая захоча спаганяць падатак за тавары, купленыя ў замежных інтэрнэт-крамах, з іх саміх, раз замежныя кампаніі пакуль не спяшаюцца выплочваць грошы ў беларускі бюджэт? На думку Настассі Лузгіной, наўрад ці гэта адбудзецца. Але ў той жа час яна адзначыла, што казаць дакладна пра тое, што вырашыць беларуская падатковая і якія меры меры будуць ёй ужытыя, складана.

«Тое, што ў асноўным робіцца зараз датычна фізічных асоб – гэта ідуць размовы пра скарачэнне бяспошліннага ўвозу тавараў альбо перасылку бяспошлінную тавараў з-за мяжы. Гэта тое, што могуць сапраўды ўвесці», – адзначыла Настасся Лузгіна.

Што ж датычна ўздзеяння на замежныя інтэрнэт-крамы, то яна больш схільная верыць у тое, што беларускія ўлады могуць папросту заблакаваць іхныя сайты на тэрыторыі Беларусі, калі тыя адмовяцца выплочваць у беларускую казну падаткі.

Можна чакаць сыходу кампаній

Мы пацікавіліся ў эканамісткі таксама тым, да чаго можа прывесці жаданне беларускіх уладаў абкласці падаткамі замежныя кампаніі і ці можа гэта ў іх атрымацца. Настасся Лузгіна лічыць, што ў іх гэта атрымаецца ў тым выпадку, калі гэтага захочуць самі іншаземныя кампаніі. Як, напрыклад, «AliExpress», які ўжо ўвёў падатак на дадатковую вартасць, пасля чаго для беларусаў тавары з гэтага рэсурсу падаражэлі.

«Гэта будзе залежаць ад таго, наколькі той ці іншай пляцоўцы будзе цікавы беларускі рынак, наколькі сыход з гэтага рынку нясе для яе страты ў параўнанні з неабходнасцю рэгістрацыі ў Беларусі і аплаты ў ёй падаткаў», – адзначыла Настасся Лузгіна.

Эканамістка сказала, што, хутчэй за ўсё, расейскія пляцоўкі будуць выконваць усе гэтыя патрабаванні. Датычна ж пляцовак з іншых краін, то, калі яны палічаць, што рынак Беларусі для іх нязначны, асабліва ў выпадку блакавання іхных сайтаў на тэрыторыі Беларусі, яны проста сыдуць з беларускага рынку.

Цалкам магчыма, адзначае эканамістка, што больш дробныя кампаніі, дый і буйныя таксама, папросту не ўбачаць эканамічнай выгады ад захавання сваёй прысутнасці на беларускім рынку. Таму што трэба разумець, што калі прадпрыемствы будуць плаціць ПДВ, то тавары апрыёры будуць станавіцца даражэйшымі. І калі на «AliExpress» прадаюцца зусім недарагія тавары, то нават з сумай ПДВ яны ўсё адно будуць заставацца ў адносна танным сегменце. А ў той жа час на больш дарагія рэчы папросту не будзе таго ж самага попыту, і таму кампанія можа палічыць, што ёй ужо эканамічна нявыгадна прысутнічаць на рынку нашай краіны, адзначыла Настасся Лузгіна.

Hавiны
Падаткавікі патрабуюць ад банкаў звесткі аб плацяжах беларусаў у замежныя інтэрнэт-крамы
2023.08.29 13:04

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў