Прадпрымальніка з Зэльвы Віктара Ламеку жорстка збівалі пры затрыманні


Праваабарончай валанцёрскай групе «MAYDAY» стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіК жорстка збівалі бізнесоўца з Зэльвы Віктара Ламеку падчас ягонага затрымання і пазней.

Затрыманне Віктара Ламекі. Скрыншот з відэа ГУБАЗіК

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, «сілавікі» моцна збілі мужчыну спачатку ў мікрааўтобусе, а пасля гэтага супрацоўнікі 9-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС РБ працягнулі збіваць Віктара Ламеку ў будынку ведамства. Яму моцна пашкодзілі нагу.

Віктар Ламека быў затрыманы 29 сакавіка. Спачатку на яго склалі пратакол паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд ці захоўванне экстрэмісцкай прадукцыі»). Суд Зэльвенскага раёну прызнаў мужчыну вінаватым і пакараў штрафам. Аднак у будынку суду Ламеку зноў затрымалі. Цяпер бізнесовец знаходзіцца ў СІЗА ў Баранавічах.

Праваабаронцы паведамляюць, што Ламеку выставілі абвінавачанне ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку (арт. 367 КК). Калі прадпрымальнік знаходзіўся ў следчым ізалятары, памерла ягоная маці.

21 красавіка праваабарончая супольнасць прызнала Віктара Ламеку палітвязнем.

На момант публікацыі гэтага матэрыялу за кратамі ў Беларусі знаходзіліся 1500 палітычных зняволеных, якім гэты статус быў нададзены афіцыйна. Колькасць асуджаных па «палітычных» артыкулах у Беларусі можа быць утрая большая.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў