Зэльвенскі райвыканкам адмовіў Бондаравай у патрабаванні знесці помнік Ларысе Геніюш


Інфаспецназаўка Вольга Бондарава атрымала адмову на ўласнае патрабаванне знесці помнік беларускай пісьменніцы і дысідэнтцы Ларысе Геніюш. Праўладная актывістка такі адказ атрымала ад Зэльвенскага райвыканкаму.

Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве.
Фота: holiday.by

Праўладная актывістка Вольга Бондарава напісала, што зэльвенскія чыноўнікі не падтрымалі ейнага патрабавання знесці помнік Ларысе Геніюш.

У адказе чыноўнікаў таксама напісана, што няма пацверджання законнасці ўсталявання помніка, але ў законе таксама няма нормаў, якія вызначаць дэмантаж самавольна ўсталяваных помнікаў. Помнік усталяваны на тэрыторыі бажніцы і ёсць уласнасцю рэлігійнага абʼяднання «Беларуская Праваслаўная Царква».

Бондарава абурылася такім адказам і нават патэлефанавала ў Зэльвенскі райвыканкам, але не знайшла там падтрымання.

Бондарава лічыць, што помнік парушае Закон РБ «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму». На ейную думку, ён прыносіць «невымоўныя пакуты ўсё яшчэ жывым ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і вязням нямецкіх канцлагераў». Таксама яна хоча, каб помнік знеслі «без прыцягнення непатрэбнай увагі грамадскасці».

Помнік беларускай паэтцы Ларысе Геніюш усталявалі ў 2003 годзе на тэрыторыі царквы Святой Жываначальнай Тройцы ў Зэльве. Усталяванне яго не ўзгаднілі з адміністрацыяй гораду, але на адкрыцці адслужылі паніхіду, а сам помнік атрымаў дабраславенне царквы.

Помнік Ларысе Геніюш у Зэльве.
Фота: radzima.org

Бондарава ўжо атрымала згоду на знос ад некалькіх чыноўнікаў. Знесці помнік пагадзіліся начальнік упраўлення ў ідэалагічнай рабоце і справах моладзі Гарадзенскага аблвыканкаму Ігар Булаўка і намесніца старшыні Зэльвенскага райвыканкаму ў ідэалагічнай рабоце Галіна Раманчук.

Разбор
Пад абцасам: як гарадзенская інфаспецназаўка стала гаспадыняй цэлага рэгіёну
2023.02.26 08:00

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў