Лекары толькі на трэцім месцы. Якіх спецыялістаў не хапае ў Беларусі і што там у IT?


Недахоп працаўнікоў застаецца праблемай для беларускай эканомікі, але нейкія змены на рынку працы ўсё ж адбываюцца.  Так, дактары цяпер – не самая запатрабаваная прафесія, хоць дэфіцыт спецыялістаў і адчуваецца ў беларускіх паліклініках і шпіталях, асабліва ў раёнах. Цягам 2023 года значна ўзрасла патрэба ў адмыслоўцах тэхнічнага профілю – слесарах, зваршчыках, будаўніках. Усё больш не хапае кіроўцаў для міжнародных перавозак. Няма ў краіне і трактарыстаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: 1prof.by

У краіне працягвае зніжацца колькасць занятых у эканоміцы. Так, згодна са статыстыкай, за 2023 год гэтая лічба зменшылася на 50 тысяч (ці 1,2 %) чалавек. Толькі за студзень 2024 года гэты паказнік ўпаў яшчэ на 11,1 тысяч і працягвае пагаршацца.

Колькасць занятых скарачаецца пакрысе на працягу апошніх дзесяці гадоў. Але асабліва інтэнсіўна гэты працэс разагнаўся пасля 2020 года: так, агульная колькасць занятых за гэты час скарацілася на 450 тысячаў, з іх 50 тысяч асобаў – толькі за 2023 год. Пры гэтым адзначым цікавую акалічнасць: у 2023 годзе звальненняў было больш, чым працаўладкаванняў, на 62,8 тысячы.

Пабачым, якіх спецыялістаў бракуе найбольш.

На дадзены момант у Рэспубліканскім банку вакансіяў адкрытыя пазіцыі для 137 256 працаўнікоў. Рэзюмэ – 12 202. Гэтая лічба  павольна расце з 2022 года, калі мы зафіксавалі 10 698 вакансіяў. Традыцыйна ў колькасці вакансіяў лідаруюць Менск і Менская вобласць. Найменш прапановаў працы – на Магілёўшчыне.

1. Слесары

Першы радок нашага рэйтынгу самых запатрабаваных прафесіяў занялі… слесары. На сёння знаходзім 9228 вакансіяў. Патрабуюцца слесары для рамонту аўтамабіляў, абслугоўвання абсталявання, збору металаканструкцыяў і гэтак далей. Прапаноўваюць заробкі да 3000 рублёў (напрыклад, у ААТ «Горадняаўтасэрвіс» ці на «Менскводаканале»).

2. Кіроўца транспартных сродкаў

Кіроўцы былі на першым радку ў нашым папярэднім аглядзе. На пачатак вясны мы знайшлі 8751 вакансію. Тры месяцы таму патрабавалася 8435 спецыялістаў. Дэфіцыт, як бачым, працягвае расці.

Патрабуюцца кіроўцы хуткай дапамогі, грузавых аўтамабіляў, фураў для міжнародных перавозак. Вельмі запатрабаваныя застаюцца дальнабойнікі – ім гатовыя плаціць 3500–5500 рублёў. Магчыма, з закрыццём яшчэ двух памежных пунктаў на беларуска-літоўскай мяжы ахвотных ездзіць на фурах зробіцца яшчэ менш.

3. Дактары

На пачатак вясны ў Беларусі не стае 6513 дактароў-спецыялістаў. Лічба крыху меншая, чым была тры месяцы таму (6656 дактароў), але і год таму яна вагалася ў тым жа дыяпазоне (у снежні 2022 года шукалі 6286 адмыслоўцаў). То бок, праблема з дактарамі так і не вырашаецца ўжо больш за год. Найперш адчуваецца дэфіцыт медыкаў высокай кваліфікацыі: анколагі, анестэзіёлагі, хірургі і гэтак далей. Востра не хапае педыятраў у паліклініках.

Самы вялікі заробак прапаноўваюць галоўнаму доктару ў Берасцейскай гарадской больніцы хуткай медычнай дапамогі – 4000 рублёў. Заробак 3100–4000 рублёў прапануюць анэстэзіёлагу-рэаніматолагу ў РНПЦ ЗМР ім. Аляксандрава ў Бараўлянах.

Каментар
«Умовы працы лекараў у Беларусі блізкія да рабскіх». Эксперт – пра «аптымізацыю» кадраў у медыцыне
2023.12.21 20:48

Пра праблему з кадрамі ў медыцыне казалі нават так званыя кандыдаты ў дэпутаты на псеўдавыбарах, якія адбыліся 25 лютага. Паслухалі некалькі выступаў галоўных дактароў, якія зазбіраліся ў палітыку. Цікава, што ніхто не казаў пра прычыны недахопу лекараў, але ўсе разважалі пра тое, як яшчэ можна прывязаць маладых спецыялістаў да месцаў працы.

4. Электраманцёры

Усё так жа ў краіне не хапае электраманцёраў. На сёння мы знайшлі 4298 вакансіяў, на пачатак зімы шукалі 4181 адмыслоўца. Адзначым, што менавіта ў 2023 годзе адбыўся значны адток спецыялістаў гэтага профілю – так, у снежні 2022 года гэтая лічба была ў некалькі разоў меншая (1474).

Самы распаўсюджаны заробак – 2000–2500 рублёў. Самы высокі, 4000 рублёў, прапаноўвае ААТ «Буравая кампанія «Дэльта».

5. Медычныя сёстры

Больш за год не вырашаецца праблема з медсёстрамі. У снежні 2022 года патрабавалася 3750 спецыялістаў, у снежні 2023 года – 3985 адмыслоўцаў, а на пачатак вясны 2024 мы знайшлі 3884 вакансіі. Заробкі да 2000 рублёў (напрыклад, для галоўнай медсястры ў Жлобінскай ЦРБ). Медсёстры меншым рангам і атрымліваць будуць менш – 1200–1500 рублёў .

6. Трактарысты

Патрэба ў трактарыстах працягвае расці. Так, у снежні 2022 года шукалі 2534 спецыялістаў, у снежні 2023 года – 3305 адмыслоўцаў, а на пачатак вясны 2024 года патрэбныя 3615 чалавек.

Самая высокая планка ў заробку, які прапаноўваецца, – 3000 рублёў (сельсавет «Мажэйкава» Лідскага раёну). Самы малы заробак – 626 рублёў.

7. Прадаўцы

Не паляпшаецца сітуацыя з дэфіцытам прадаўцоў у краіне. У снежні 2023 года мы зафіксавалі 2529 вакансіі, а цяпер – 2603. Столь заробку – 1700 рублёў.

8. Кухары

На канец лютага мы бачым вакансіі для 2564 кухараў. Тры месяцы таму іх было крыху больш – 2927. Шмат адмыслоўцаў патрэбна ў дзіцячыя садкі і школы, дзесьці на палову стаўкі за 300 рублёў. Самы вялікі заробак, 3000 рублёў, будзе мець шэф-кухар у «АВЕГРО-МОС» у Горадні.

9. Зваршчыкі

Зноўку тэхнічная спецыяльнасць у нашым рэйтынгу. На пачатак вясны знаходзім 2283 вакансіі. Тры месяцы таму лічба была значна меншая – 1472. Пры гэтым ажно 6000 рублёў заробку прапануе »Буравая кампанія «Дэльта» на Гомельшчыне. Шмат адмыслоўцаў трэба на машынабудаўнічыя прадпрыемствы, напрыклад, МАЗ (заробак 2500 рублёў).

10. Швачкі

За тры месяцы адчувальна ўзрасла колькасць прапановаў працы для швачак. Так, у снежні 2023 года шукалі 1472 спецыялістаў, а цяпер – 1941. Столя заробку – 1600–1800 рублёў (ПУПП «БерасцеРЭСБуд»).

11. Будаўнікі

З дзясяткі найбольш дэфіцытных прафесіяў выпалі будаўнікі. Але яны ўсё гэтак жа патрэбныя ў краіне – знайшлі 1240 вакансіяў. Нагадаем, у снежні 2022 года іх патрабавалася 407, то бок утрая менш.

А што там у IT?

Справы ў калісьці прарыўным сектары беларускай эканомікі таксама не пазітыўныя. Паводле афіцыйных звестак Белстату, колькасць работнікаў у ІТ-галіне за 2023 год скарацілася на 15 %. А агульная колькасць спецыялістаў у ІТ аказалася мінімальнай за апошнія чатыры гады. За апошнія тры гады колькасць працоўных спецыялістаў у ІТ аказалася меншая за 100 тысяч.

На рынку ІТ-вакансіяў у канцы 2023 года было пакуль самае глыбокае дно. У снежні ў Беларусі было 3648 актыўных ІТ-вакансіяў – абсалютны антырэкорд за ўсю гісторыю назіранняў і мінус 15 % да лістапада. Падобны рэзкі правал назіраўся ў снежні 2022 года.

Агляд
На прадпрыемствах няма каму працаваць? Што адбываецца на рынку працы ў Беларусі
2023.12.27 16:50

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў