Журналісты вылічылі адміністратара праўладных гомельскіх паблікаў па фота аблокаў


Журналісты «Флагшток» даведаліся, хто адмініструе гомельскія паблікі, у якіх прапагандуюць рускі свет і дыскрэдытуюць апанентаў улады. Для гэтага спатрэбілася фота воблака і дапамога «Кіберпартызанаў».

Фота, якое дапамагло правесці расследаванне. Крыніца: lagshtok.info

Журналісты назіралі за праўладнымі паблікамі ў тэлеграме і ў «УКантакце» «Гомель ПРОТИВ» і «bez-b.by».

«Адміністратары груп у захапленні ад “рускага міра”. Першапачаткова яны прыцягнулі ўвагу расследвальнікаў не з-за цкавання актывістаў і журналістаў, а з-за агрэсіўнага прарасейскага кантэнту.

Аўтары груп не саромяцца посціць карыкатуры і пошлыя карцінкі, прысвечаныя заходнім палітыкам і падзеям ва Украіне. Падтрымліваюць агрэсію Расеі супраць Украіны, папулярызуюць сімвалы расейскай агрэсіі ва Украіне – лацінскія літары V і Z, агітуюць за вайну, распаўсюджваюць крамлёўскія фэйкі», – піша «Флагшток».

Мяркуючы па назіраннях расследавальнікаў, гэтыя групы вядуць адныя і тыя ж людзі.

Адзін з карыстальнікаў пад нікам «Сяргей Байкоў» прыцягнуў увагу сваёй актыўнасцю. Звычайна фэйкавыя старонкі не ўтрымлівалі сапраўдных фотаздымкаў, але ў 2015 годзе «Байкоў»  выклаў фота, на якім большую частку прасторы займае неба, кавалачак вады і дрэвы.

Скрыншот са старонкі «Байкова». Крыніца: lagshtok.info

Журналісты ўсё ж змаглі вызначыць, што здымак быў зроблены з вакна кватэры ў Гомлі на вуліцы Мележа, дом 12.

Дэталі, якія заўважылі журналісты, на здымку. Крыніца: lagshtok.info

З дапамогай «Кіберпартызанаў» журналісты даведаліся, што там прапісаны Яўген Бажок 1981 года нараджэння. Бажок публікаваў са свайго фэйкавага акаўнту паведамленні ў праўладнай групе «Гомель ПРОТИВ».

Яўген Бажок на фотаздымку ў пашпарце. Крыніца: lagshtok.info

Яму патэлефанаваў блогер Андрэй Павук пад выглядам знаёмага, каб удакладніць, ці з’яўляецца Бажок адміністратарам . Павука часта там цкавалі.

Андрэй Павук: «Я чуў, што ты «Гомель ПРОТИВ» адмініструеш, нармальна так».

Яўген Бажок: «Ээээээ. Не. Ээээээ. Так, гэта не тэлефонныя размовы. Глупства гэта ўсё, што ты зараз гаворыш».

Праз гадзіну Бажок змяніў аватарку свайго акаўнту ў тэлеграме і змяніў налады прыватнасці на больш закрытыя.

Па фатаграфіях Бажка пазнаў былы выкладчык БелДУТ і распавёў, што той быў куратарам універсітэту ад КДБ прыкладна з 2008 па 2012 гады.

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў