Зась сказаў, што АДКБ «не ў поўнай меры» гатовая да «гібрыдных атак»


Арганізацыя дамовы калектыўнай бяспекі стваралася як чыста ваенна-палітычная і за 20 гадоў не адаптавалася да пагрозаў тэрарызму, наркатрафіку, кібератак і санкцыяў, расказаў Генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ.

Генеральны сакратар АДКБ Станіслаў Зась. 26 траўня 2020 года.
Фота: odkb-csto.org

Да супрацьдзеяння «гібрыдным атакам» АДКБ «не ў поўнай меры цяпер гатовая», прызнаў Станіслаў Зась. Але на тое ёсць «аб’ектыўныя прычыны», дадаў ён: трансфармацыя АДКБ трывае ўжо 20 гадоў, «да гэтага мы ідзем».

Супрацоўніца АНТ згадала: часта кажуць, што АДКБ непатрэбная. Зась на гэта адказаў, што не мае сумневаў у тым, што АДКБ мае перспектыву, калі ў прыярытэце будзе ўрэгуляванне канфліктаў у зоне адказнасці АДКБ.

Аналітыка
Канфліктныя Азербайджан – Арменія, Кыргызстан – Таджыкістан. Глядзім, ці закончыліся баі і дзе АДКБ
2022.09.22 07:11

Адно з пытанняў да Зася тычылася армяна-азербайджанскага канфлікту ў Нагорным Карабаху. Перастрэлкі, прызнаў ён, адбываліся на мяжы нават калі там была «назіральная місія». АДКБ пакуль толькі прапануе Арменіі «розныя захады», якія «агулам-та знайшлі падтрымку ўсіх дзяржаваў», але не ўдалося дасягнуць «кансалідаванай ацэнкі» сітуацыі.

12 верасня Азербайджан напаў на Арменію, абстраляў гарады на міжнародна прызнанай тэрыторыі Арменіі, а не ў Нагорным Карабаху. АДКБ, у якую ўваходзіць Арменія, але не ўваходзіць Азербайджан, адказала не ваеннай дапамогай свайму чальцу, а выпраўленнем назіральнай місіі з Засем на чале.

На пытанне пра словы Аляксандра Лукашэнкі аб ужыванні ядравай зброі (якія словы, АНТ не канкрэтызавала) Зась адказаў, што ядравую зброю ў АДКБ мае толькі Расея, усе ў АДКБ разумеюць катастрафічныя наступствы ўжывання такой зброі, таму асабіста Зась выключае яе ўжыванне «ў цяперашніх умовах». Вайну ва Украіне ў відэа АНТ не згадвалі.

Разбор
Ядравы ўдар па Беларусі не выключаны? Ці праўда ўсё так сур’ёзна і як з гэтым жыць
2022.09.29 07:30

На саміце АДКБ таксама падпісалі рашэнне аб стварэнні каардынацыйнай рады ў біялагічнай бяспецы, «тэма біялабараторыяў будзе абмярковацца». Раней Расея пужала іншыя дзяржавы ўкраінскімі біялабараторыямі, але Зась сказаў, што раз асобныя краіны (не сказаўшы наўпрост пра Расею) бачаць пагрозу, то «важная кансалідаваная ацэнка, экспертаў, спецыялістаў, што на самой справе за гэтым стаіць, якога маштабу пагрозы ад гэтага ёсць).

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў