Літоўская тытунёвая асацыяцыя прапанавала ўзмацніць абмежаванне на ўвоз цыгарэтаў з Беларусі


Фізічныя асобы актыўна заняліся кантрабандай цыгарэтаў у Літву пасля таго, як Беларусь увяла бязвізавы рэжым для суседніх краінаў, расказаў «Delfi» кіраўнік Нацыянальнай асацыяцыі тытунёвых вырабаў Літвы Арнас Невяраўскас. Ён прапанаваў увесці такое абмежаванне: не больш за 80 цыгарэт на месяц. Мытнаму камітэту Літвы ідэя не спадабалася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Літоўская мытня зноў знайшла кантрабанду беларускіх цыгарэтаў. Гэтым разам – у запасных колах. 21 кастрычніка 2021 года.
Фота: Muitinės kriminalinė tarnyba / Facebook

Як растлумачыў Арнас Невяраўскас, за студзень-кастрычнік колькасць легальных пераходаў беларуска-літоўскай мяжы вырасла ў 9 разоў, і калі раней кантрабанда цыгарэтаў ішла па чыгунцы (там кантрабанда ішла партыямі на мільёны еўра), то цяпер цыгарэты возяць у асабістым транспарце. Чалавек можа цалкам легальна перасякаць мяжу па некалькі разоў на дзень і штораз вазіць без усялякіх падаткаў па 40 цыгарэт.

Невяраўскас мяркуе, што фізічныя асобы могуць вазіць праз мяжу цыгарэты не толькі для сябе, але і для продажу на «ценявым» рынку. Паводле даследавання кампаніі «NielsenIQ», у Літве кожная пятая цыгарэта кантрабандная, і Невяраўскас кажа, што 9 з 10 кантрабандных цыгарэтаў у Літве паходзяць з Беларусі.

Ён прапанаваў на дадатак да абмежавання ў 40 цыгарэт на візіт увесці абмежаванне ў 80 цыгарэт на месяц, увесці абавязковае дэклараванне цыгарэтаў, караць за перавышэнне ліміту як за кантрабанду. Цяпер за кантрабанду цыгарэтаў, у залежнасці ад аб’ёму партыі, могуць аштрафаваць на суму ад 200 да 6000 еўра, арыштаваць або нават пазбавіць волі на тэрмін да 10 гадоў.

Прадстаўнікі Міністэрства фінансаў Літвы сказалі «Delfi», што Мытны камітэт не падтрымлівае прапанову, бо яна вымагае непрапарцыйна высокай адміністрацыйнай нагрузкі і дадатковага часу праверкі на мяжы. Невяраўскас жа кажа, што такія абмежаванні ўжо ўвялі Латвія і Эстонія (40 і 80 цыгарэт на месяц адпаведна), а там гэта не выклікае дадатковых праблемаў.

Hавiны
У Літве затрымалі беларусаў, якія выгружалі кантрабандныя цыгарэты экскаватарам
2022.02.07 20:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў