Савет бяспекі Беларусі: «Маем падставы прасекчы калідор праз Літву з дапамогай зброі»


Першы намеснік дзяржсакратара Савету бяспекі Беларусі Павел Муравейка выказаў думку, што Беларусь у адказ на забарону Літвою транзіту беларускіх тавараў праз сваю мяжу мае падставы прасекчы гэты калідор ваенным шляхам, піша «Вечерний Минск».

Павел Муравейка.
Фота: minpolit.com

«Літва фактычна забараніла нам перамяшчаць свае тавары праз мяжу. Паводле ўсіх нормаў міжнароднага права такі крок адносіцца да эканамічнай агрэсіі. З гледзішча банальнай логікі мы маем усе падставы, каб прасекчы жыццёва важны для нас калідор моцай зброі. І ў іншых бы ўмовах нас бы ніхто ў свеце не асудзіў, думаю. Але не ў цяперашніх, калі на краіну ажыццяўляецца беспрэцэдэнтны ціск з боку Захаду», – заявіў Павел Муравейка на ідэалагічным семінары, арганізаваным Менгарвыканкамам.

Прадстаўнік Савету бяспекі паскардзіўся таксама, што Міжнародная арганізацыя працы падтрымала санкцыі супраць Беларусі і такім чынам заблакавала развіццё эканомікі нашай краіны, а Літва не выдае візаў беларусам і праз гэта правакуе транспартавы калапс на мяжы. Увядзенне санкцыяў Муравейка назваў «нядобрасумленнай канкурэнцыяй» і «захопам» месца Беларусі на сусветных рынках.

Меркаванні
Санкцыі бессэнсоўныя – ці ўсё ж працуюць?
2023.10.24 16:22

Намеснік дзяржсакратара Савету бяспекі заявіў, што беларуская эканоміка паказала сваю трываласць, аднак прызнаў і наяўнасць шэрагу праблемаў, у прыватнасці, з атрыманнем запчастак і пэўных рэсурсаў, са збытам прадукцыі.

«Часам узнікаюць праблемы з поўнай занятасцю працаўнікоў на месцах ці з выплатай заробкаў. Гэта аб’ектыўная рэчаіснасць. Інфармацыя такога плану сістэмна даводзіцца да кіраўніцтва краіны і рэгіёнаў. У выніку дзяржаўныя органы маюць магчымасць прыняць неабходныя меры рэагавання, каб стабілізаваць сітуацыю і не дапусціць эканамічнага калапсу», – сказаў Муравейка.

Таксама чыноўнік зазначыў, што ўскладнілася правядзенне трансакцыяў у доларах і еўрах.

«Санкцыйная палітыка зрабіла негатыўны ўплыў на функцыянаванне пэўных фінансавых сістэмаў. <…> Разам з тым больш інтэнсіўна сталі задзейнічацца магчымасці Кітаю: усё актыўней ажыццяўляецца ўзаемны разлік з замежнымі контрагентам у юанях. Удасканальваюцца механізмы аплаты беларускім суб’ектам гаспадарання здзейсненых паставак на праблемныя для нас рынкі праз банкі Кітаю», – распавёў Муравейка.

Hавiны
МЗС Літвы: Краінам Балтыі трэба мець план для супрацьдзеяння правакацыям на мяжы
2023.09.09 16:02

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў