Міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што краіны Балтыі павінны распрацаваць план таго, як супольна супрацьстаяць правакацыям на мяжы з Беларуссю і Расеяй.
Габрыелюс Ландсбергіс адзначыў, што «Расея і Беларусь – непрадказальныя і небяспечныя суседзі», таму трэба быць гатовымі да розных сцэнароў: «Усялякае можа адбыцца, і мы павінны быць да гэтага гатовыя. З’яўленне групы Вагнэра ў Беларусі вельмі выразна паказвае, што правакацыі з суседнімі краінамі ўсё яшчэ могуць быць».
Для таго каб супрацьстаяць правакацыям, Ландсбергіс заклікаў выпрацаваць агульны план сінхранізаваных дзеянняў.
І хаця, паводле міністра, на цяперашні момант няма ніякай інфармацыі аб тым, што пэўныя правакацыі адбываюцца, гэта не значыць, што яны не могуць мець месца.
«Таму мы хацелі б мець рэгіянальнае рашэнне ў сувязі з патэнцыйнымі пагрозамі нашай нацыянальнай бяспецы, сродкі для ацэнкі гэтых пагрозаў і план таго, як мы будзем на іх рэагаваць», – заявіў Ландсбергіс.
На думку міністра, неабходна «дамовіцца аб адзіных абмежаваннях транзіту праз нашыя межы, закрыцці памежных пунктаў – каб краіны, якія маюць мяжу з Расеяй і Беларуссю, былі сінхранізаваныя», – прыводзіць словы міністра выданне «Delfi».
Нагадаем, што 28 жніўня міністры замежных справаў Польшчы і краінаў Балтыі сустракаліся ў Варшаве, дзе абмеркавалі агульныя дзеянні для закрыцця мяжы з Беларуссю ў выпадку правакацыяў з тэрыторыі нашае краіны.
Але ўжо 4 верасня прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа дапусціў, што сітуацыя на мяжы з Беларуссю можа стабілізавацца, адзначыўшы, што пытанне поўнага закрыцця мяжы губляе актуальнасць.
Раман Шавель belsat.eu