Швейцарскі суд апраўдаў былога спецназаўца Юрыя Гараўскага


Суд кантону Санкт-Гален у Швейцарыі апраўдаў былога спецназаўца Юрыя Гараўскага. Яго не прызналі вінаватым ў гвалтоўным знікненні апазіцыйных палітыкаў, паведамляе «DW Беларусь». Працэс адбыўся паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі.

Юры Гараўскі пакідае будынак суду ў Швейцарыі.
Фота: Медыязона. Беларусь / Telegram

Пракурор патрабаваў для экс-спецназаўца 3 гады зняволення, 2 з якіх – умоўна. Аднак суд прызнаў яго невінаватым у гвалтоўным знікненні палітыкаў, а таксама паводле артыкула аб увядзенні правасуддзя ў зман.

Тлумачачы прысуд, суддзя заявіў, што гэта асаблівы выпадак, у якім «замешаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя знікненні». «Гэтыя факты не павінны выклікаць сумненняў. Але на допыце абвінавачаны заблытаўся ў супярэчнасцях і ўхіляўся ад адказу», – растлумачыў сваё рашэнне суддзя.

Ён палічыў, што некаторыя з паказанняў Гараўскі прыдумаў. Суд прыйшоў да высновы, што Юрый Гараўскі, магчыма, служыў у САХРы, але ягоная роля ў выкраданнях застаецца незразумелай. «Магчыма, ён чуў пра гэта ад калегаў», – перадае словы суддзі DW.

Былы баец САХРу Юрый Гараўскі некалькі гадоў таму публічна заявіў пра датычнасць да знікнення ў 1999 годзе апазіцыйных палітыкаў Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара, а таксама бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Афіцыйнае расследаванне знікнення вынікаў не дало і цяпер не вядзецца.

Суд над Гараўскім праходзіў 19–20 верасня. Колішні спецназавец паказаў, што ўдзельнічаў у выкраданнях, але не забіваў. Паводле яго, у Захаранку, Ганчара і Красоўскага страляў тагачасны камандзір САХРу Дзмітрый Паўлічэнка. Такім чынам, Гараўскага абвінавачвалі толькі ў «гвалтоўным знікненні» – на гэтае злачынства распаўсюджваецца ўніверсальная юрысдыкцыя.

Каментар
«Мінімум 20-гадовы тэрмін». Дачка забітага Юрыя Захаранкі пракаментавала суд над Гараўскім
2023.09.21 00:39

Нягледзячы на гэта, юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк у каментары «Белсату» назваў справу Гараўскага ўнікальнаю, бо яна дайшла да суда. Адмысловец растлумачыў, што за катаванні можна пераследаваць і караць у шмат якіх краінах, бо на гэтыя злачынствы распаўсюджваецца ўніверсальная юрысдыкцыя:

«Універсальная юрысдыкцыя прадугледжана Канвенцыяй супраць катаванняў. Гэта дае нам падставы пераследаваць не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і на тэрыторыі ўсіх краінаў, якія падпісалі канвенцыю. Зараз такія справы адкрытыя ў Літве, Польшчы, Нямеччыне».

Катаваннямі лічыцца таксама збіццё чалавека з палітычных матываў з мэтаю запужаць, прымусіць нешта рабіць або, наадварот, нечага не рабіць: не галасаваць за пэўнага кандыдата, не ўдзельнічаць у выбарах, не абараняць свой голас.

Акрамя таго, пад універсальную юрысдыкцыю падпадае стварэнне невыносных умоваў у турмах, адзначыў Кірылюк. Ён мяркуе, што да сілавікоў, якія бяруць удзел у рэпрэсіях, «будуць вялікія пытанні пры любой уладзе».

Каментар
Што такое ўніверсальная юрысдыкцыя і хто з лукашэнкаўскіх чыноўнікаў панясе адказнасць паводле яе?
2023.09.19 16:13

«Зараз, вядома, беларускія сілавікі не імкнуцца выязджаць за мяжу, але хтосьці ж ездзіць. Калі нехта з ахвяраў, пацярпелых заўважыць на вуліцах Варшавы ці Вільні чалавека, падобнага на таго, хто збіваў, гвалтаваў у 2020 годзе, трэба неадкладна здаваць гэтага чалавека ў паліцыю, і тут, мяркую, усе сілы падключацца, каб чалавек быў пакараны», – сказаў юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Ён згадаў выпадак у Нямеччыне, дзе ў 2021 годзе ўпершыню вынеслі прысуд паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі. У 2018 годзе ў краіну прыехаў былы супрацоўнік сірыйскай паліцыі, і яго заўважылі і пазналі ўцекачы, якія на радзіме зазналі гвалт за ўдзел у акцыях супраць Башара аль-Асада ў 2011 годзе. Колішні сілавік атрымаў 4,5 гады турмы за суўдзел у злачынствах супраць чалавечнасці.

Гісторыі
У Швейцарыі пачалі судзіць чальца беларускага «эскадрону смерці». Завядзення справы дамагаліся 24 гады
2023.09.19 14:35

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў