«Ганебная памылка». Прэм’ер-міністр Канады перапрасіў за шанаванне ветэрана СС у парламенце


Прэм’ер-міністр Канады Жустэн Трудо перапрасіў за запрашэнне ветэрана СС у парламент. «Гэта быў жахлівы здзек з памяці мільёнаў людзей, якія загінулі падчас Галакосту», – цытуе кіраўніка ўраду «CBC News».

Ветэран СС Яраслаў Гунька (справа) у парламенце Канады. 22 верасня 2023 года.
Фота: Patrick Doyle / Zuma Press / Forum

Прэм’ер-міністр Канады Жустэн Трудо назваў запрашэнне ў парламент ветэрана, які ваяваў на баку гітлераўскіх войскаў, «памылкаю, што зганьбіла парламент і Канаду»:

«Усе мы глыбока шкадуем, што стаялі і пляскалі ў далоні, хоць і не ведалі пра кантэкст. Гэта быў жахлівы здзек з памяці мільёнаў людзей, якія загінулі падчас Галакосту».

Трудо адзначыў, што ўшанаванне ветэрана СС было «глыбока балючым» для габрэяў, палякаў, цыганаў, ЛГБТ-супольнасці ды іншых групаў, якія знішчаў нацысцкі рэжым падчас Другой сусветнай вайны.

Канадскі прэм’ер таксама папрасіў прабачэння ў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага: тое, што ён пляскаў ветэрану СС, выкарыстала расейская прапаганда.

Інцыдэнт адбыўся 22 верасня, калі Зяленскі прыехаў у парламент Канады. Туды запрасілі 98-гадовага Яраслава Гуньку, якога рэпрэзентавалі як «украінска-канадскага ветэрана Другой сусветнай вайны, які змагаўся за незалежнасць Украіны і супраць расейцаў». Потым высветлілася, што ён ваяваў у дывізіі СС «Галічына».

Усю адказнасць за здарэнне ўзяў на сябе спікер палаты грамадаў Энтані Роўта. Ён пайшоў у адстаўку, заявіўшы, што не ведаў усіх акалічнасцяў біяграфіі Гунькі і запрашэнне ветэрана было ягонай асабістай ініцыятываю, пра якую не ведалі ні дэпутаты, ні ўкраінская дэлегацыя.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў