Палітзняволены анархіст Ігар Аліневіч абвесціў галадоўку


Стала вядома, што Ігар Аліневіч, які цяпер знаходзіцца ў турме №8 у Жодзіна, перастаў прымаць ежу ў знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі турмы, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на маці палітвязня.

Ігар Аліневіч.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Галадоўку Аліневіч абвесціў яшчэ 20 верасня. 24 верасня, у дзень нараджэння палітвязня яго змясцілі ў ШІЗА.

«З 20 верасня ў знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі турмы ён перастаў прымаць ежу. Патрабаванні яго цалкам канкрэтныя, гарантаваныя законам, у тым ліку тое, што скаргі яго не адпраўляюцца па месцы прызначэння, – напісала маці Ігара Валянціна Аліневіч.

Жанчына зазначае, што раней ейны сын ніколі не звяртаўся да такой скрайняй меры і быў супраць галадавання, але цяпер, «напэўна, у Ігара проста не было іншага выйсця».

«Цалкам уяўляе ўсе наступствы. Добра ведаючы цэласнасць яго натуры і нешматслоўнасць, вельмі трывожна. P.S. Адміністрацыя турмы не заўважае гэтага», – напісала маці палітвязня.

39-гадовага актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, асуджанага да 20 гадоў зняволення, у канцы траўня этапавалі ў мазырскую калонію. З таго часу на палітвязня бесперапынна ціснуць, паведамлялі праваабаронцы: утрымлівалі ў штрафным ізалятары 30 дзён, пасля чаго перавялі ў памяшканне камернага тыпу.

Hавiны
Палітвязня Ігара Аліневіча плануюць перавесці на турэмны рэжым
2022.08.05 19:26

Потым стала вядома, што 8 жніўня над палітвязнем адбыўся суд аб узмацненні рэжыму і пераводзе яго ў турму. Справу разглядала суддзя Мазырскага раёну Валянціна Новікава. У выніку Ігару ўзмацнілі рэжым. 11 жніўня яго этапавалі ў следчую турму № 8 у Жодзіне.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў