«Усходняе партнёрства» – на раздарожжы. Што думаюць эксперты пра ўдзел іх краінаў у праекце ЕЗ


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выступіць на Стратэгічным форуме ў славенскім Блэдзе. 29 жніўня яна стане ўдзельніцай дыскусіі «Усходняе партнёрства ЕЗ на раздарожжы: новая рэальнасць – новыя падыходы», на якой сваё бачанне выкажуць таксама прадстаўнікі Арменіі і Грузіі. Мы спыталіся ў армянскага і грузінскага экспертаў, наколькі важны для іх краінаў удзел ва «Усходнім партнёрстве» і што ён дае гэтым краінам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Claudio Peri / Zuma Press / Forum

Еўрапейская ідэнтычнасць Арменіі

«Што дае? Найперш тое, што Арменія прыдала сваёй павестцы рэформаў еўрапейскую накіраванасць. Хай сабе і ў недастатковай меры. І тут трэба разумець, што мы яшчэ толькі на пачатку шляху. І другое – гэта еўрапейская ідэнтычнасць Арменіі, якая зараз вельмі важная для супрацьстаяння гібрыдным пагрозам, што сыходзяць ад Расеі», – кажа эксперт Армянскага інстытуту міжнародных стасункаў і бяспекі Рубэн Мэграб’ян.

На думку палітолага, удзел Арменіі ва Усходнім партнёрстве ЕЗ мае «жыццёвую важнасць», бо Еўропа для Арменіі – самы перспектыўны партнёр.

«Еўропа зʼяўляецца часткай нашай культуры, а нашая культура – частка еўрапейскай. Таму Еўропа – гэта наш партнёр, з якім мы падзяляем супольнасць мэтаў, інтарэсаў і каштоўнасцяў», – падкрэсліў Рубэн Мэграбʼян.

Эксперт заўважае, што Арменія толькі дэ-юрэ не лічыцца кандыдатам ва ўступленне ў Еўразвяз. Дэ-факта – бачыць сябе кандыдатам і імкнецца да гэтага.

«Грузія вельмі шмат атрымала ад праекту»

У сваю чаргу, грузінскі палітолаг Гія Нодыя заўважае, што Грузія пакуль вельмі пасіўна паводзіць сябе на еўрапейскіх пляцоўках, хоць пры гэтым пастаянна дэкларуе прыхільнасць палітыцы еўрапейскай інтэграцыі і жаданне атрымаць статус кандыдата на далучэнне да ЕЗ.

«Такая вось супярэчнасць грузінскай палітыкі на гэтым этапе. І ў гэтым сэнсе любыя сустрэчы і дыскусіі маюць вялікае значэнне, бо Грузія мусіць прадэманстраваць, наколькі сурʼёзна ставіцца да тэмы еўраінтэграцы», – гаворыць Гія Нодыя.

Ён лічыць, што, нягледзячы на не выкананыя патрабаванні Еўразвязу, Грузіі ўсё ж такі могуць надаць статус кандыдата – «з агульных геапалітычных меркаванняў».

«Увогуле ж, Грузія вельмі шмат атрымала ад удзелу ў праекце «Усходняе партнёрства». Нашыя грамадзяне атрымалі магчымасць вандраваць па Еўропе без візаў. Мы сталі асацыяванымі сябрамі ЕЗ, падпісалі дамову аб глыбокай і ўсёабдымнай супрацы ў эканамічнай сферы, то бок вельмі наблізіліся да Еўропы ў эканамічным сэнсе. І наступным этапам будзе атрыманне статусу кандыдата і пачатак працэсу прыняцця ў ЕЗ», – пералічвае палітолаг.

Сяброўства ж у Еўразвязе для Грузіі, як мяркуе Нодыя, будзе спрыяць бяспецы краіны, развіццю дэмакратыі і эканамічнаму росту.

Ці вернецца Беларусь ва «Усходняе партнёрства ЕЗ»

У панэлі «Усходняе партнёрства ЕЗ на раздарожжы: новая рэальнасць – новыя падыходы», якая пройдзе ў межах Стратэгічнага форуму ў Славеніі, апроч кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі Святланы Ціханоўскай возьмуць удзел намеснікі міністраў замежных справаў Грузіі і Арменіі Лаша Дарсалія і Ваан Кастанян.

У чэрвені 2021 года Аляксандр Лукашэнка заявіў пра прыпыненне сяброўства Беларусі ў ініцыятыве ЕЗ «Усходняе партнёрства» ў адказ на ўведзеныя супраць рэжыму санкцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pool / Reuters / Forum

Святлана Ціханоўская назвала тады выхад Беларусі з праекту «дэманстрацыяй няўпэўненасці рэжыму» і заявіла пра намер працягваць удзел Беларусі ва «Усходнім партнёрстве». Аднак на саміце ў Бруселі ў 2021 годзе Беларусь была прэзентаваная пустым крэслам і афіцыйным сцягам.

«Усходняе партнёрства» – праект Еўрапейскага звязу, які мае на мэце развіццё інтэграцыйных сувязяў ЕЗ з шасцю краінамі былога СССР: Азербайджанам, Арменіяй, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай і Украінай. Прыярытэтнымі кірункамі ў супрацы з ЕЗ для гэтых краінаў называюцца дэмакратыя, эканамічная інтэграцыя, энергетычная бяспека і развіццё кантактаў паміж людзьмі, то бок – лібералізацыя візавага рэжыму. Грамадзяне Украіны, Грузіі і Малдовы ўжо карыстаюцца бязвізавым рэжымам. У 2022 годзе Украіна і Малдова атрымалі статус кандыдатаў на сяброўства ў Еўразвязе.

Аб’ектыў
Беларусь вяртаецца ва «Усходняе партнёрства»
2021.12.14 22:04

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў