«Трохі дзіўна». У «Белай Русі» не ацанілі крытыку Азаронка гарадзенскай актывісткаю


Намесніца старшыні Гарадзенскага абласнога аддзялення «Белай Русі» Святлана Вараніца назвала прапагандыста Рыгора Азаронка ўтрапёным. У арганізацыі палічылі гэта «трохі дзіўным».

Намесніца старшыні Гарадзенскага абласнога аддзялення «Белай Русі» Святлана Вараніца.
Фота: Светлана Варяница / Facebook

У апараце рэспубліканскага савету «Белай Русі» адрэагавалі на меркаванне сваёй гарадзенскай актывісткі.

«Мы крыху самі лічым гэта дзіўным», – заявілі ў арганізацыі, не ўдакладніўшы, ці чакаюць іхную паплечніцу нейкія наступствы, і адмовіўшыся ад далейшых каментароў.

Намесніца старшыні Гарадзенскага абласнога аддзялення «Белай Русі» Святлана Вараніца ў допісе ў сваім Telegram-канале адзначыла, што «не хоча азаронкаўшчыны і бондараўшчыны».

«Калі б у жыцці не сустракалася, не ведала, то пастанавіла б, што слухаю ўтрапёную асобу. Адчуванне, што ён стаў закладнікам вобраза на тэлевізіі, які ці то сам сфармаваў, ці то гэта камандная праца», – заявіла Вараніца, разважаючы пра праграму Рыгора Азаронка.

Яна пераказала размову са сваёй маці, якая папрасіла не чапаць прапагандыста, «хай сабе кажа, што хоча», адкрыта прыніжае і запужвае, і не вядома, «якія людзі на якіх пасадах яму за гэта б’юць у ладкі», таму могуць адпомсціць.

«Я маці разумею, толькі не магу не думаць пра сваіх дзяцей, унукаў, пра краіну. Я не хачу, каб мая краіна станавілася азаронкаўшчынай і бондараўшчынай, не хачу, каб іх запужвалі казематамі Лубянкі і новым Жданавым са Сталіным», – адзначыла праўладная актывістка.

Hавiны
«Не хачу азаронкаўшчыны». Сябра праўладнай «Белай Русі» назвала прапагандыста з СТВ ўтрапёным
2023.08.27 21:02

belsat.eu

Стужка навінаў