Дзмітрыю Завадскаму сёння споўнілася б 50 гадоў. У 2000-м журналіст знік без вестак


За выкраданне Завадскага яшчэ ў 2002 годзе асудзілі двух афіцэраў МУС. Але жонка Завадскага не паверыла, што справа завершаная.

Дзмітрый Завадскі ў 1998 годзе.
Фота: zavadsky.org

Дзмітрый Завадскі нарадзіўся 28 жніўня 1972 года ў Менску. Вучыўся ў Інстытуце культуры, але кінуў навуку і пайшоў працаваць на беларускае тэлебачанне, у 1994–97 гадах быў асабістым аператарам Аляксандра Лукашэнкі. Але ў 1997-м пайшоў працаваць на расейскі тэлеканал ОРТ.

Працаваў разам з Паўлам Шараметам, быў затрыманы з кіроўцам Яраславам Аўчыннікавым за «незаконны пераход мяжы»: журналісты ў сюжэце паказалі, якая ненадзейная ахова была на беларуска-літоўскай мяжы. Вызвалення журналістаў патрабаваў тагачасны прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын. Пасля месяца ў няволі Завадскага і Аўчыннікава вызвалілі, потым асудзілі на ўмоўныя тэрміны. Завадскі працягнуў працу з Шараметам, у 1999–2000 гадах яны ездзілі ў Чачэнію, дзе знялі фільм «Чачэнскі дзённік».

Удзень 7 ліпеня 2000 года па дарозе ад свайго дому ў Менску ў аэрапорт Дзмітрыя Завадскага выкрала, паводле следства, узброеная група з 5-6 чалавек. Следства сцвярджае, што сярод выкрадальнікаў былі баец спецпадраздзялення ў барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» МУС Рэспублікі Беларусь Максім Малік і былы афіцэр гэтага ж падраздзялення Валерый Ігнатовіч. За выкраданне журналіста ў 2002 годзе суд пакараў Ігнатовіча і Маліка пажыццёвым зняволеннем.

Аднак далейшы лёс Завадскага ні органамі папярэдняга расследавання, ні судом да цяперашняга часу не высветленыя. Цела не знайшлі. У 2020 годзе Следчы камітэт адмовіў жонцы Завадскага ў аднаўленні расследавання. Што было з Завадскім пасля выкрадання, усё яшчэ невядома.

Палітыкі, журналісты і праваабаронцы лічаць, што Завадскага, а таксама Юрыя Захаранку, Віктара ГанчараАнатоля Красоўскага выкралі так званыя эскадроны смерці. Паводле папярэдняга заключэння праваабаронцаў, асноўныя падазраваныя ў справе аб выкраданнях і забойствах Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага – Аляксандр ЛукашэнкаВіктар Шэйман (тагачасны кіраўнік Савету бяспекі), Юрый Сівакоў і Уладзімір Навумаў (у розныя часы міністры ўнутраных справаў), Дзмітрый Паўлічэнка (тагачасны камандзір в/ч 3214) і Мікалай Васільчанка (тагачасны начальнік Службы бяспекі прэзідэнта). Высновы беларускіх праваабаронцаў былі пацверджаныя ў 2004 годзе ў адмысловым дакладзе дэпутата Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Хрыстаса Пургурыдыса, які праводзіў уласнае расследаванне.

Сям’я Змітра Завадскага, палітыкі, журналісты і грамадскія актывісты цягам дваццаці гадоў праводзілі акцыі з патрабаваннем да ўладаў расследаваць знікненне журналіста, а таксама Захаранкі, Ганчара і Красоўскага.

16 снежня 2019 года з’явілася інтэрв’ю з былым байцом СОБРу Юрыем Гараўскім, у якім той распавёў пра ўдзел у выкраданні і забойстве вядомых апазіцыянераў – Захаранкі і Ганчара, а таксама бізнесоўца Красоўскага. На ягоную думку, байцы падраздзялення маглі быць датычныя і да забойства Дзмітрыя Завадскага.

Размова
Чаму ля Бягомля не вядуцца пошукі ў справе зніклых палітыкаў?
2020.01.20 21:20

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў