Маці палітычнага вязня Ягора Дуднікава просіць улады Расеі забраць сына з турмы ў Беларусі


Юлія Дуднікава ў лістах у Міністэрства юстыцыі Расеі і пасольства Расеі ў Менску просіць забраць сына з беларускай турмы ў расейскую калонію. Яна не можа атрымаць спаткання з Ягорам, бо жыве з малодшым сынам у Расеі, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Маці палітычнага вязня просіць расейскае ведамства скарыстацца дамоваю паміж Беларуссю і Расеяй, якая дазваляе перадаваць асуджаных для далейшага адбывання пакарання ў краіну, грамадзянамі якой яны ёсць.

Ягор Дуднікаў. Фота з сямейнага архіва

Менскі гарадскі суд у лістападзе летась прыгаварыў 22-гадовага расейца Ягора Дуднікава да 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. З лістапада 2020-га да свайго затрымання ў траўні 2021-га Дуднікаў агучваў ролікі для апазіцыйнага тэлеграм-каналу. Яго прызналі вінаватым у двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: «Распальванне варожасці» і «Заклікі ў інтэрнэце да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі».

Ягора адправілі адбываць пакаранне ў бабруйскую ПК № 2. Адміністрацыя калоніі неаднаразова карала маладзёна за парушэнні правілаў і ў выніку дамаглася ягонага пераводу ў турму. Імаверна, гэтак КДБ адпомсціў Дуднікаву за публічныя заявы, як пасля арышту ў траўні 2021 года ў яго выбівалі прызнальныя паказанні.

Раней Ягор распавядаў, што пры затрыманні яго білі нагамі і рукамі, пасля ператрусу надзелі на галаву мяшок і сказалі, што паедуць закопваць.

Маці вязня ўпэўненая: такі ціск звязаны з тым, што ў Ягора «палітычны» артыкул.

«Сталі ўстаўляць палкі ў колы і чапляцца да ўсякага глупства: пыл не так выцер, не так устаў, не так сеў. І ў выніку ўсё запісвалі ў парушэнні, казалі пісаць тлумачальныя. Ён пісаў іх, каб не ісці на канфлікт, а па факце яны павярнуліся супраць яго», – распавяла Юлія Дуднікава.

У чэрвені 2022 года мясцовы суд пастанавіў змяніць пакаранне Ягору з узмоцненага рэжыму на турэмны на 3 гады.

Артыкулы
Як у Беларусі катуюць палітвязняў. 10 гісторыяў пра нечалавечае стаўленне
2022.06.21 12:45

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў