«Кроў на траве». На YouTube адбылася прэм’ера фільму Маргарыты Ляўчук пра гвалт дзяржаўнай сімволікаю


На YouTube выйшаў дакументальны фільм опернай спявачкі Маргарыты Ляўчук пра катаванне колерамі дзяржаўнай сімволікі. Стужка называецца «Кроў на траве» – гэтак сын адной з палітзняволеных некалі апісаў чырвона-зялёны сцяг.

«Гэта мой дэбют у ролі аўтаркі, сусцэнарысткі, супрадусаркі і гераіні ў кадры поўнага метра», – напісала Маргарыта Ляўчук у сваім Instagram.

Яна адзначыла, што мэтавая аўдыторыя – не толькі беларусы, але і «увесь свет»:

«Праз сваю творчасць і свае праекты хачу распавесці ўсяму свету, хто такія беларусы, што робіць рэжым Лукашэнкі з тымі, хто прагне жыць у вольнай і дэмакратычнай краіне. Спадзяюся, што разам мы зможам данесці важныя наратывы як самім беларусам, так і прадстаўнікам іншых нацыяў і краінаў».

«Кроў на траве» – гэта фактычна даследаванне пытання, ці магчымы візуальны гвалт дзяржаўнай сімволікаю. Аўтарка распытвае пра гэта дызайнераў, стылістку, урбаніста, а таксама былых палітзняволеных беларусаў.

У фільме закранаецца гісторыя чырвона-зялёнага сцяга, аспекты якой замоўчвае альбо скажае прапаганда рэжыму, а таксама падаецца гісторыя паходжання арнаменту на беларускім сцягу, паведамляе анатацыя да стужкі.

Кадр фільму Маргарыты Ляўчук «Кроў на траве». Крыніца: Margarita Levchuk.Soprano / YouTube

На паказе фільму ў Вільні 27 чэрвеня Маргарыта Ляўчук прызналася, што ёй чырвона-зялёны сцяг не быў блізкі яшчэ да пратэстаў 2020 года. Спявачка згадала, як у 2017-м выступала на Тэнэрыфэ і за спінай на экране паказалі гэты сцяг. У выніку ад разгубленасці яна не вельмі добра выканала першую арыю, піша «Наша ніва».

Спадарыня Маргарыта цяпер заканчвае магістратуру ў ЕГУ. Тэму гвалту дзяржаўнай сімволікаю яна даследавала ў сваёй магістарскай працы, і стужка сталася вынікам гэтага даследавання.

Рэпартаж
«Але гэта страшная рэч, праўда?» Пабывалі на здымках фільму Мары Тамковіч пра турму і каханне
2023.05.26 15:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў