Беларусь дапамагае ўкраінскаму алігарху Фірташу пазбегчы экстрадыцыі ў ЗША


Рэжым Лукашэнкі дапамагае пазбегчы выдачы ў Злучаныя Штаты ўкраінскаму алігарху Дзмітрыю Фірташу, ён атрымаў статус дарадцы сталага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у Вене. Пра гэта паведамляе DW.

Дзмітрый Фірташ.
Фота: dmitryfirtash.com

Паводле дакументу, які маеца ў распараджэнні DW, украінскі алігарх Дзмітрый Фірташ спрабуе атрымаць дыпламатычны імунітэт пры дапамозе працы ў Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў у справе прамысловага развіцця (UNIDO). «Дыпламатычная карʼера» Фірташа звязаная з рэжымам на чале з самаабвешчаным прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Высветлілася, што ў чэрвені 2021 года ўкраінец быў дэлегаваны ва UNIDO, мае статус дарадцы сталага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у Вене.

Спроба атрымання Дзмітрыем Фірташам з дапамогай Беларусі дыпламатычнага імунітэту пацвярджаецца тэкстам рашэння Найвышэйшага зямельнага суда Вены ў крымінальных справах ад 14 чэрвеня 2023 года, які ёсць у распараджэнні рэдакцыі DW. Дакумент налічвае больш за 30 старонак, на якіх пералічаны аргументы абароны Фірташа, у выніку чаго ён дамогся таго, што пасля амаль дзевяці гадоў судовай цяжбы аб экстрадыцыі ў ЗША разгляд справы будзе пачаты нанова. Пасада, якую бізнесовец заняў пры UNIDO, – вызначальны аргумент абароны. Адвакаты ўкраінскага алігарха звяртаюць увагу, што такая пасада прадугледжвае дыпламатычны імунітэт ад крымінальнага пераследу.

«У выніку суд апеляцыйнай інстанцыі ў сваім рашэнні ад 14 чэрвеня абавязаў суд першай інстанцыі пры паўторным разглядзе ўлічыць працу Фірташа ў структурах ААН і вызначыць, ці падпадае ён пад статус дыпламата. Калі адказ будзе станоўчым, украінец зможа пазбегчы экстрадыцыі ў ЗША, дзе яго абвінавачваюць у карупцыі і адмыванні сродкаў», – гаворыцца ў публікацыі DW.

Паведамляецца таксама, што міністэрства юстыцыі Аўстрыі звярнула ўвагу суду на тое, што Фірташ не акрэдытаваны належным чынам пры UNIDO і не мае адпаведнай акрэдытацыйнай карты ад аўстрыйскага міністэрства замежных спраў. Такім чынам, аўстрыйскі ўрад не лічыць украінца асобай з прывілеямі дыпламата і прававым імунітэтам.

DW падкрэслівае, што UNIDO – адно з малавядомых для шырокага кола міжнародных агенцтваў у структуры ААН, мэта якога – спрыяць індустрыялізацыі посткаланіяльных краінаў трэцяга свету. Сярод праектаў агенцтва ёсць стыпендыяльная праграма для жанчын Нігерыі, якія жадаюць гандляваць лядоўнямі і кандыцыянерамі. Дзмітрый Фірташ жа вядомы хіба толькі гандлем расейскім газам.

У адказ на запыт нямецкіх журналістаў у амбасадзе Беларусі ў Вене не змаглі патлумачыць, чым менавіта займаецца Дзмітрый Фірташ у статусе дарадцы сталага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у аўстрыйскай сталіцы і чым менавіта ён карысны Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў у справе прамысловага развіцця. Не вядома пакуль, ці ўзгадняў Аляксандр Лукашэнка прызначэнне Фірташа дарадцам у Вене. Таямніцай пакуль застаецца і тое, з чыёй ініцыятывы ўкраінец пачаў працаваць дарадцам пры прадстаўніцтве Беларусі.

Судовы працэс аб экстрадыцыі Дзмітрыя Фірташа ў Злучаныя Штаты доўжыцца больш за восем гадоў. Увесну 2014 года бізнесовец быў арыштаваны ў Вене на запыт ЗША. Да 2019 года Фірташ прайшоў усе інстанцыі, пацярпеўшы няўдачу. Пасля гэтага міністр юстыцыі Аўстрыі дазволіў экстрадыцыю. Аднак адвакаты ўкраінца падалі хадайніцтва аб паўторным разглядзе справы.

18 траўня 2023 года Служба бяспекі Украіны (СБУ) выставіла бізнесоўцу Дзмітрыю Фірташу і топ-менеджарам ягоных кампаніяў абвінавачанні ў махінацыях на 18 млрд грыўняў (больш за $ 480 млн). Паводле версіі СБУ, Фірташ і топ-менеджмент ягоных кампаніяў прысвоілі «дзяржаўны газ на мільярды грыўняў» у перыяд 2016–2022 гадоў, выкарыстоўваючы маштабную схему крадзяжу газу з газатранспартнай сістэмы Украіны праз Рэгіянальную газавую кампанію, якая кіруе 20 гарадскімі і абласнымі кампаніямі размеркавання газу, што складае 70 % усіх газаразмеркавальных сетак Украіны.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў