Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і канцлер Нямеччыны Оляф Шольц правялі тэлефонную размову з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, паведаміла прэс-служба французскага прэзідэнта.
Размова прадстаўнікоў трох краінаў, ініцыяваная заходнімі лідарамі, доўжылася каля 80 хвілінаў і была прысвечаная вайне ва Украіне.
Заходнія лідары зноў настойвалі, што любое залагоджванне вайны мусіць быць дасягнутае шляхам перамоваў паміж Масквой і Кіевам пры шанаванні суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Яны зноў запатрабавалі спынення агню і заклікалі Пуціна як мага хутчэй пагадзіцца на непасрэдны абмен меркаваннямі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Таксама яны заклікалі Пуціна вызваліць каля 2500 абаронцаў «Азоўсталі», захопленых расейскімі войскамі.
Акрамя гэтага Макрон і Шольц настойвалі на тэрміновасці зняцця блакады Адэсы, каб зрабіць магчымым экспарт украінскага збожжа праз Чорнае мора і пазбегнуць сусветнага харчовага крызісу. Яны прынялі да ўвагі абяцанне прэзідэнта Расеі даць караблю доступ у порт для экспарту збожжа без ваеннай эксплуатацыі Расеяй, калі ён будзе папярэдне размінаваны, і заклікалі да хутчэйшага працягу працы, што праводзіцца з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацыяў.
У сваю чаргу Пуцін расказаў кіраўнікам Нямеччыны і Францыі апошнія навіны пра вайну ва Украіне і заявіў, што пастаўкі заходняй зброі Кіеву носяць небяспечны характар.
Таксама Пуцін абвінаваціў Кіеў у тым, што перамовы з украінскім бокам цяпер у замарожаным стане. Паводле ягоных словаў, расейскі бок адкрыты да аднаўлення дыялогу, аднак раней у Крамлі адмаўляліся ад наўпроставых перамоваў паміж Пуціным і Зяленскім.
Алена Рувіна belsat.eu