Хто такая Ганна Хмялеўская, на якую быў зарэгістраваны беларускі аналаг ПВК Вагнера?


Альянс расследавальнікаў Беларусі вывучыў прабелы ў дзейнасці імперыі «Глобалкастом» і прыйшоў да высновы: у «мутных» схемах былога кіраўніка кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі Віктара Шэймана была задзейнічана не толькі будучая жонка, але і сваякі былой. Падрабязнасці – у фільме-расследаванні.

Імя Ганны Хмялеўскай упершыню прагучала ў медыя ў сувязі з ТАА «Глобалкастом». Гэтая кампанія створана ў 2015 годзе, пасля таго, як Расея ўвяла прадуктовае эмбарга ў адказ на заходнія санкцыі, і блізу двух гадоў «Глобалкастам» незаўважна для шырокай грамадскасці займаўся пастаўкамі падсанкцыйнай прадукцыі праз Беларусь у Расею, пакуль у 2017 годзе гэтая схема не выявілася.

Выпіска з «ЕГРЮЛ» аб рэгістрацыі кампаніі «Глобалкастом». Дакументы прадастаўлены рэдакцыі

Паводле звестак РБК ад іх крыніцы ў ФМС, «Глобалкастом» быў адной з 29 кампаній, якія пастаўлялі ў Расею санкцыйныя прадукты харчавання.

Пазней высветлілася, што кампанія таксама ўдзельнічала ў схеме рээкспарту кветак і паставак адзення як у Расею, так і ў Беларусь.

Належаў «Глобалкастам» двум Ганнам – Пушкаровай і Хмялеўскай, 60% і 40% долі адпаведна. Журналісты БРЦ высветлілі, што за Ганнай Пушкаровай стаіць былы кіраўнік спраў і памочнік Аляксандра Лукашэнкі па асаблівых даручэннях Віктар Шэйман.

Ганна Хмялеўская доўгі час заставалася ў ценю сваёй бізнес-партнёркі. Інтэрнэт-выданне  «Искра» сцвярджала, што Хмялеўская – гэта звычайная жыхарка Адэсы, у якой скралі дадзеныя пашпарту, аформілі на яе кампаніі ў Беларусі з рахункамі на мільёны еўра, і абставіны гэтай гісторыі будзе высвятляць СБУ.

Невядома, што высветлілі ўкраінскія спецслужбы, але Альянсу расследавальнікаў Беларусі ўдалося ўстанавіць, што «простая грамадзянка Украіны» Ганна Хмялеўская ў Беларусі цесна звязана з сям’ёй Віктара Шэймана. 30 верасня 2012 года былая жонка Віктара Шэймана Алена Шэйман (у дзявоцтве Шлычкова) і Ганна Хмялеўская разам едуць цягніком у Адэсу. Менавіта там Хмялеўская і была зарэгістравана з сямʼёй.

Дакументы прадастаўлены рэдакцыі
Дакументы прадастаўлены рэдакцыі
Дакументы прадастаўлены рэдакцыі

Пад Адэсай, у горадзе Белгарад-Днястроўскі, як вынікае з сацыяльных сетак, жыве таксама свякроў Ганны – Галіна Хмялеўская. Да замужжа яна мела тое ж прозвішча, што і Алена Шэйман – Шлычкова.

У адкрытым доступе ў профілі сацыяльных сетак Ганны Хмялеўскай у яе сябрах адзначана Галіна Хмялеўская, якая на сваёй старонцы паказала, што ў дзявоцтве яна была Шлычкова. У сацсетках Алены Шлычковай (цяпер яна носіць прозвішча мужа – Шэйман) у сябрах таксама Галіна Хмялеўская, якая пражывае ў Белгарадзе-Днястроўскім. Алена Шэйман (Шлычкова) нарадзілася ў Усць-Бальшарэцку Камчацкай вобласці. Яе бацька – Міхаіл Пятровіч Шлычкоў. Чалавека з такімі ж дадзенымі сваім бацькам у сацыяльных сетках называе і Галіна Хмялеўская. І нават паказвае яго сувязь з Камчаткай. Такім чынам, Алена Шэйман і Галіна Хмялеўская – родныя сёстры.

Ганна Хмялеўская ў Мінску. Здымак прадастаўлены рэдакцыі

Агульных фотаздымкаў сясцёр у адкрытым доступе практычна няма. Але Альянсу расследавальнікаў Беларусі ўдалося знайсці здымак Алены Шэйман у сацыяльных сетках Галіны Хмялеўскай, размешчаны ў лютым 2016 года, а таксама фота Алены Шэйман у хатняй абстаноўцы.

Алена Шэйман крайняя справа. Здымак прадастаўлены рэдакцыі

У сацыяльных сетках Галіны Хмялеўскай вельмі шмат здымкаў, вось, напрыклад, фота з подпісам «Нявестка з унучкай», на якой адзначана і сама Ганна Хмялеўская – жонка яе сына Віталя. Адсюль вынікае, што Ганна Хмялеўская – гэта нявестка Галіны Хмялеўскай.

Ганна Хмялеўская (злева) – нявестка Галіны Хмялеўскай (у цэнтры). Здымак прадастаўлены рэдакцыі

Такім чынам, другой саўладальніцай кампаніі «Глобалкастом» была жонка пляменніка Алены Шэйман, былой жонкі Віктара Шэймана.

Раней Ганна Хмялеўская пражывала ў Адэсе, працавала стылістам у салоне «Mara by Nikitochkin». Цяпер яна жыве ў Іспаніі. Тут можна паглядзець відэа са старонкі сацыяльных сетак «Mara by Nikitochkin», дзе можна заўважыць Ганну Хмялеўскую.

Больш за 10 апошніх гадоў Ганна Хмялеўская рэгулярна наведвала Беларусь. Аднак, калі да 2015 года, моманту рэгістрацыі ТАА «Глобалкастом», Ганна Хмялеўская падарожнічае на цягніку ці аўтамабілем, то пасля 2015 года выключна на самалёце. Менск яна наведвае з кароткатэрміновымі візітамі, на дзень-два. У васьмі з дзевяці выпадкаў рэгістрацыі яна жыла ў гасцініцы «Президент-Отель», якая належыць кіраўніцтву спраў прэзідэнта, на той момант яго узначальваў Віктар Шэйман.

Дакументы прадастаўлены рэдакцыі

Акрамя «Глобалкастом» Хмялеўская разам з Пушкаровай была саўладальніцай яшчэ некалькіх кампаній з падобнымі назвамі – ТАА «ГлобалКастом-комерс» і ТАА «Глобалкастом-менеджмент», правапапярэднікам якога быў «Глобалкастом». «Глобалкастом-менеджмент» у чэрвені 2021 года трапіла пад санкцыі ЕЗ, як кампанія, звязаная з Віктарам Шэйманам, і якая займаецца «кантрабандай тавараў у Расею, што было б немагчыма без згоды рэжыму».

У 2019 годзе «Глобалкастом-менеджмент» стварыў кампанію «БелСекьюритиГрупп», якая ў студзені 2020 года змяніла назву на «ГардСервис».

Дакументы прадастаўлены рэдакцыі
Дакументы прадастаўлены рэдакцыі

Кампанія займаецца «забеспячэннем бяспекі прыватных асобаў і маёмасці» – прасцей кажучы, з’яўляецца прыватным ахоўным прадпрыемствам. У чэрвені 2020 года Лукашэнка падпісаў указ, якім надзяліў «ГардСервис» правам прымяняць і захоўваць службовую зброю. Такіх прывілеяў у Беларусі няма ні ў якой іншай ахоўнай фірмы.

Дакументы прадастаўлены рэдакцыі

Літаральна праз пяць дзён пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, празмернага ужывання сілы супраць мірных дэманстрацыяў і пагрозы новых санкцый у дачыненні да Лукашэнкі і яго атачэння, запісаныя на Пушкарову і Хмялеўскую кампаніі перааформілі на трэція асобы. 14 жніўня 2020 года жанчыны былі выведзены з заснавальнікаў ТАА «Глобалкастом-комерс» і ТАА «Глобалкастом-менеджмент», а ў кастрычніку 2020 года і з заснавальнікаў ТАА «Глобалкастом». Кампаніі перапісалі на трох чалавек, «асабліва набліжаных да Шэймана»: Яўгена Жаўнера, Аляксандра Раманоўскага і Антона Новіка.

Са звестак ад «Кіберпартызан» стала вядома, што Раманоўскі і Новік – гэта былыя супрацоўнікі Службы бяспекі Лукашэнкі. Яўгена Жаўнера ў медыя называлі «даверанай асобай» Віктара Шэймана.

АРБ удалося высветліць, што Віктар Шэйман некалькі гадоў перамяшчаўся на аўтамабілі, зарэгістраваным на брата Яўгена Жаўнера – Юрыя. Ён таксама неаднаразова перасякаў мяжу на аўтамабілі з такім жа нумарам.

Дакументы прадастаўлены рэдакцыі

На дадзены момант гэтая тройка выведзена са складу «Глобалов», а самыя кампаніі па розных схемах праходзяць працэдуру ліквідацыі. ТАА «Глобалкастом» у снежні 2020 года далучылі да ТАА «Росэлектрод», гэта таварыства ліквідавана.

ТАА «Глобалкастом-менеджмент» у чэрвені 2022 года перайменавалі ў ТАА «Ордозавод», які ў выніку рэарганізацыі спыніў дзейнасць у снежні 2022 года.

Практычна ўсе правапераемнікі «глабалаў» і кампаніі, якімі яны кіравалі ліквідаваныя або праходзяць ліквідацыю.

ТАА «Глобалкастом-комерс» падзелены на два таварыствы з абмежаванай адказнасцю – «Красный фломастер» і «Зеленый фломастер». Цікавая візуалізацыя. Абедзве канторы былі створаны ў красавіку 2022 года, зарэгістраваны ў розных абласцях Беларусі. «Красный фломастер» – у Брэсцкай вобласці (Баранавіцкі раён, Гарадзішчанскі сельсавет, аг. Міцкевіча, дом 12, пакой 3). «Зеленый фломастер» – у Менскай (Менскі раён, Бараўлянскі сельсавет, в. Баравая, дом 1, пакой 518). Уласнік «фламастараў» ТАА «Кадыф».

Уладальнікі «глобалаў» шматкроць змяняліся, уласнасць перапісвалася на розныя ТАА і ПУПы, якія бясконцую колькасць разоў дзяліліся, зліваліся, далучаліся, але ўсе гэтыя рэарганізацыі ў канчатковым выніку прыводзяць да аднаго менскага адрасу: вуліца Леаніда Бяды, дом 29, дзе знаходзіцца цэнтр ліквідацыі прадпрыемстваў. Яго ўладальнікам з’яўляецца Сапежынскі Ілля Канстанцінавіч. Менавіта на яго былі перааформлены правапераемнік ТАА «Глобалкастома» – ПУП «Сквозь время» і ТАА «Глобалкастом-комерс» – ТАА ПУП «СТЕПВИК».

Такім чынам закрыццё «глабальнага» бізнэсу, афіліраванага з Віктарам Шэйманам, даверылі спецыялістам, якія «праводзяць працэдуры ліквідацыі юрыдычных асобаў любога маштабу пад ключ», як сцвярджаецца на іх сайце.

Схема ўсіх кампаній, прадастаўлена рэдакцыі

З кампаній, калі-небудзь афіляваных з вышэйпералічанымі «глобаламі», паўнавартасна працягвае працаваць толькі ТАА «ГардСервис». У жніўні 2020 года яе ўласнікам стаў кіраўнік фонду «Память Афгана» і добры знаёмы Віктара Шэймана Аляксандр Мятла.

Ахоўнае прадпрыемства змяніла адрас: з офіснага будынка па вуліцы Няміга, 40 пераехала на вуліцу Карвата, 85, у памяшканні, дзе раней размяшчаўся «Центр повышения квалификации руководящих работников и специалистов “Центр специальной подготовки”» (ЦСП).

Як пісала Еўрарадыё ў сваім расследаванні, « ЦСП – міжведамасная структура, створаная ў 1991 годзе для падрыхтоўкі падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння Беларусі. З 2007 года там трэніравалі спецназ замежных дзяржаў. Сярод супрацоўнікаў цэнтру былі былыя і дзеючыя афіцэры, якія маюць баявы досвед, сілаў спецыяльных аперацый розных сілавых ведамстваў Беларусі».

У снежні 2021 года кампанія «ГардСервис» патрапіла пад санкцыі ЗША, як кампанія, «якая працуе ў сферы бяспекі Беларусі».

У дадзены момант «ГардСервис « у разы павялічыў колькасць супрацоўнікаў і рыхтуецца да ўдзелу ў вайне супраць Украіны. Пра гэта распавёў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай па абароне і нацбяспецы Валерый Сахашчык. Паводле яго інфармацыі, Уладзімір Пуцін інвеставаў вельмі сурʼёзную суму грошай у «ГардСервис» і з яе рыхтуюць беларускі аналаг ПВК Вагнера.

Такім чынам, былыя ўладальніцы «ГардСервиса» і кампаній з прыстаўкай «Глобал» людзі не выпадковыя, а якія маюць непасрэднае дачыненне да «правай рукі Лукашэнкі» Віктара Шэймана і якія зʼяўляюцца часткай яго сямейнага бізнесу. Гэты бізнес апераваў мільёнамі долараў у розных сферах, атрымліваў прэферэнцыі і спецыяльныя дазволы на вядзенне незаконнай дзейнасці. Асабліва прывабны кірунак – кантрабанда паміж ЕЗ і Беларуссю / Расеяй.

Прыватная імперыя Шэймана – прыклад таго, як пад санкцыйным ціскам даводзіцца распрацоўваць усё больш мудрагелістыя схемы сыходу ад абмежаванняў, а ў выніку хаваць канцы ў ваду. Структура «Глобал» – імперыі носіць выключна складаны характар. А гэта ж толькі частка актываў! Кожная кампанія зʼяўляецца прыкрыццём для некалькіх іншых.

Падрабязнае расследаванне аб Ганне Хмялеўскай можна паглядзець тут.

Дзякуем «Кіберпартызанам» за дапамогу ў расследаванні. Іншыя расследаванні АРБ можна паглядзець тут.

Альянс расследавальнікаў Беларусі

«Белсат» / Авер

Стужка навінаў