Навальная заклікала Еўрапарламент перастаць быць «нудным» і змагацца з Пуціным як са злачынцам


Юлія Навальная – удава расейскага апазіцыйнага лідара Аляксея Навальнага – звярнулася 28 лютага да Еўрапейскага парламенту. Яна заклікала змагацца з рэжымам Уладзіміра Пуціна як з арганізаванай злачыннасцю, пераследаваць памагатых пуцінскай «­мафіі».

Перад прамовай Юліі Навальнай Еўрапарламенту паказалі кароткае відэа пра жыццё Аляксея Навальнага і ягоны ўдзел у акцыях пратэсту, цырымонію ўганаравання Навальнага прэміяй Сахарава, а таксама акцыі ў памяць аб Навальным пасля ягонай смерці.

Навальны памёр у няволі ў Расеі 15 ці 16 лютага. Праціўнікі рэжыму Уладзіміра Пуціна і шматлікія еўрапейскія палітыкі называюць смерць Навальнага забойствам, адказнасць за якое ляжыць асабіста на Пуціне. Калі старшыня Еўрапарламенту Рабэрта Мэтсаля прадстаўляла Юлію Навальную, яна казала пра смерць Аляксея Навальнага як пра забойства.

Hавiны
Паплечнікі Навальнага паведамілі месца і час яго пахавання
2024.02.28 13:28

Юлія Навальная расказала, што адным з улюбёных гарадоў яе і мужа быў Страсбур, дзе яна цяпер выступае без мужа. Таксама яна расказала, як думала, што будзе мець дастаткова часу падрыхтавацца да выступу, але сваякам трэба было тыдзень дамагацца выдачы цела нябожчыка, затым займацца выбарам могілак і труны. Пахаванне пройдзе праз дзень, але Навальная не ўпэўненая, ці будзе яно мірным, ці паліцыя не пачне арыштоўваць тых, хто прыйдзе развітацца.

Навальная расказала, што выступае, бо еўрапейскія выбарнікі маюць важнае пытанне, якое задаюць дэпутатам Еўрапарламенту, а тыя перадаюць ёй: як дапамагчы ейнаму змаганню.

Юлія Навальная выступае ў Еўрапарламенце
Юлія Навальная выступае ў Еўрапарламенце. Страсбур, Францыя. 28 лютага 2024 года.
Фота: Mathieu Cugnot / Europarl.europa.eu

Яна згадала, што нядаўна споўнілася два гады з пачатку брутальнага і падступнага поўнамаштабнага нападу Расеі на Украіну. Паводле яе, за два гады было шмат крыві, расчаравання, стомы, але Уладзімір Пуцін нікуды не знік, хоць ужывалі зброю, санкцыі, грошы.

«Нічога не спрацавала, адбылося найгоршае: усе звыкліся з вайною, – сказала Навальная. – Людзі пачынаюць казаць: ну, нам прыйдзецца ісці на пагадненне з Пуціным.

І тут Пуцін забівае майго мужа, Аляксея Навальнага. На ягоны загад Аляксея катавалі тры гады, ён галадаў у малюткай каменнай клетцы, адрэзаны ад вонкавага свету, пазбаўлены спатканняў і тэлефанаванняў, а потым і лістоў. Урэшце яны яго забілі. І нават пасля гэтага яны здзекаваліся з яго цела, з ягонай маці.

З аднаго боку, публічнае забойства зноў паказала, што Пуцін здольны на ўсё і што з ім нельга весці перамовы. Але з другога боку, я бачу, як усе шакаваныя. У многіх людзей ёсць адчуванне, што Пуціна зусім немагчыма перамагчы. І ў гэтым адчаі яны пытаюць мяне: як можна вам дапамагчы?»

Агляд
«Пакуль трэба не здавацца». Памёр Аляксей Навальны. Якім быў шлях расейскага апазіцыянера
2024.02.16 17:33

Яна адзначыла, што паспрабуе адказаць, як адказаў бы муж. Перад гэтым яна згадала мужа як вынаходніка, які заўсёды меў новыя ідэі, а таксама нагадала пра магчымасці дэпутатаў у агітацыі на будучых выбараў у Еўрапарламент і пра адсутнасць такіх магчымасцяў у пуцінскай Расеі. Навальны, нягледзячы на забароны, стаў, паводле яе, самым папулярным апазіцыйным палітыкам у «пуцінскім ГУЛАГу» і прасоўваў такія праекты, ад якіх пуцінскі рэжым панікаваў, «быў супрацьлегласцю ўсяму нуднаму».

«Гэта адказ на пытанне, – казала Навальная. – Калі вы праўда хочаце перамагчы Пуціна, вам трэба стаць наватарамі, вам трэба перастаць быць нуднымі.

Вы не можаце нашкодзіць Пуціну яшчэ адной рэзалюцыяй ці наступным наборам санкцыяў, які нічым не адрозніваецца ад папярэдніх. Вы не зможаце перамагчы яго, калі думаеце, што ён чалавек прынцыпаў, які мае мараль і правілы. Ён не такі, і Аляксей зразумеў гэта даўно. Вы маеце справу не з палітыкам, а з крывавым монстрам.

Пуцін – лідар арганізаванай злачыннай групоўкі, якая ўключае атрутнікаў і забойцаў. Але яны толькі пешкі. Самыя важныя – людзі, блізкія да Пуціна, ягоныя сябры, паплечнікі, захавальнікі грошай мафіі. Вы і мы ўсе мусім біцца са злачыннай бандай. І палітычная інавацыя тут – ужываць сродкі змагання з арганізаванай злачыннасцю, а не сродкі палітычнага спаборніцтва. Не дыпламатычныя ноты, а расследаванні фінансавых махінацыяў. Не выказванні занепакоенасці, а пошук звязаных з мафіяй у вашых краінах канкрэтных юрыстаў і фінансістаў, якія дапамагаюць Пуціну і ягоным сябрам хаваць грошы».

Аналітыка
Юлія Навальная: «Не здавацца – галоўны ўрок 2020 года». Ці стане яна расейскай Ціханоўскай?
2024.02.19 21:21

У гэтым змаганні, казала яна, ёсць надзейныя саюзнікі: дзясяткі мільёнаў расейцаў, якія супраць вайны, Пуціна і ягонага зла. Навальная заклікала не пераследаваць такіх расейцаў, а працаваць з імі.

«Пуцін мусіць адказаць за тое, што ён зрабіў з маёй краінай, – дадала Навальная. – Пуцін мусіць адказаць за тое, што зрабіў з суседняй мірнай краінай. І Пуцін мусіць адказаць за ўсё, што ён зрабіў з Аляксеем».

Аляксей Навальны ніколі не пабачыць, як выглядае цудоўная Расея будучыні, прызнала ўдава ў канцы выступу. Але мы павінны пабачыць такую Расею, сказала яна, бо зло прайграе, а цудоўная будучыня прыйдзе.

Юлія Навальная выступае ў Еўрапарламенце
Юлія Навальная выступае ў Еўрапарламенце. Страсбур, Францыя. 28 лютага 2024 года.
Фота: Mathieu Cugnot / Europarl.europa.eu

Ейны выступ дэпутаты Еўрапарламенту сустрэлі апладысментамі стоячы. Пасля выступу прамовіў шэраг дэпутатаў з розных групаў Еўрапарламенту, якія выказалі спачуванні і салідарнасць, заклікалі падтрымаць змаганне Навальнай і праціўнікаў Пуціна.

Эстонскі дэпутат групы «Ідэнтычнасць і дэмакратыя» Яак Мадысан сярод іншага заўважыў, што незалежныя апытанні паказалі падтрыманне бальшынёй расейцаў рэжыму Пуціна і расейскага імперыялізму: 70 % кажуць, што трэба «аднавіць вялікую Расею ў гістарычных межах», але 30 % не ўхваляюць гэтую ідэю – а гэта дзясяткі мільёнаў асобаў, якія хочуць нармальнага мірнага жыцця.

Рэпартаж
Расейская апазіцыя заклікала Еўрапарламент прызнаць нелегітымнасць Пуціна
2024.02.22 16:44

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў