На мэрыі польскага Элку 25 сакавіка вывесяць беларускі сцяг – на знак салідарнасці


У Дзень Волі, 25 сакавіка, мэрыя польскага гораду Элку зноў вывесіць беларускі бел-чырвона-белы сцяг. Пра гэта ў каментары «Белсату» паведаміў прэзідэнт гораду Томаш Андрукевіч, адказваючы на пытанне пра адпаведны зварот прадстаўнікоў беларускай дыяспары.

Беларускі і польскія сцягі на ўрадзе ў горадзе Элк, Польшча. 24 сакавіка 2023 года.
Фота: ЛМ / Белсат

«Гісторыя польскага змагання за дэмакратыю з аднаго боку поўная рашучасці і веры ў перамогу, а з другога – ахвяраў, у тым ліку і ўласным жыццём. Я ведаю, што беларуская апазіцыя таксама кожны дзень здае самы цяжкі іспыт – іспыт на патрыятызм і вернасць найсвяцейшым каштоўнасцям.

Гісторыя паказвае, што перамагчы можна, нават калі змаганне вельмі цяжкае і шанцы на перамогу падаюцца нікчэмнымі.

Зычу ўсім беларусам, якія мараць жыць у вольнай, незалежнай краіне, каб гэтыя мары спраўдзіліся.

У знак маёй (нашай) салідарнасці з беларускай апазіцыяй у Дзень Волі 25 сакавіка на будынку ўраду гораду Элк будуць з гонарам лунаць побач два сцягі: бел-чырвона-белы і бела-чырвоны.

Няхай гэта будзе прадвеснікам вашай перамогі. ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!!!» – гаворыцца ў адказе Томаша Андрукевіча.

Элк – гэта павятовы цэнтр на мяжы Вармінска-Мазурскага і Падляскага ваяводстваў Польшчы, сталіца рэгіёну Мазуры. Бел-чырвона-белыя сцягі на знак салідарнасці з беларусамі ўжо вывешвалі ў Элку ў верасні 2020 года і з нагоды Дня Волі ў 2023-м.

Фота
На будынку гарадскога ўраду польскага Элку вывесілі беларускі сцяг
2023.03.24 22:26

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў