Прапагандысты распавялі пра беларуса, які ваюе за РФ. У Беларусі ён уцёк з «хатняй хіміі»


Газета «Мінская праўда» апублікавала заметку пра беларуса Аляксея Яршова, які ваюе супраць Украіны на баку Расеі. Аднак прапагандысты ўтаілі важны факт: у 2017 годзе за ўдзел у вайне на Данбасе Яршоў быў асуджаны Віцебскім абласным судом.

Аляксей Яршоў. Фота са старонкі Вконтакте

«Мінская праўда» са спасылкай на данецкае прапагандысцкае выданне «Знамя Донбасса» распавяла пра капітана Аляксея Яршова (пазыўны «Беларус»), начальніка службы БПЛА 110-й гвардзейскай мотастралковай брыгады 1-га Данецкага армейскага корпуса. У заметцы адзначаецца, што на вайне Яршоў з 2016 года. Ён з Беларусі, адсюль і пазыўны. Служыў у войску, у 228-м палку радыёэлектроннай барацьбы ў Полацку.

Прапагандысты пры гэтым не захацелі распавесці пра яшчэ адзін важны факт біяграфіі Яршова. Справа ў тым, што восенню 2017 года Віцебскі абласны суд прысудзіў яму 2 гады «хатняй хіміі» за ўдзел у вайне на Данбасе. Ягоныя дзеянні былі кваліфікаваныя паводле арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу («Удзел ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы без прыкмет найміцтва»). Яршоў стаў увогуле першым беларусам, які быў асуджаны паводле гэтага артыкулу, які спецыяльна ўключылі ў КК у сувязі з вайной на Данбасе (усяго вядома пяць такіх выпадкаў).

ВІДЭА
«Я ведаў, што выйду на свабоду пасля суду», – беларус-баевік ДНР, асуджаны на 2 гады хатняй хіміі
2017.09.27 22:00

Яршоў тады распавёў у інтэрв’ю «Белсату», што вярнуўся з вайны дадому ў красавіку 2017 года. Неўзабаве да яго прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Ён быў узяты пад варту і да суду цягам некалькіх месяцаў утрымліваўся ў СІЗА. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме, бо, як сцвярджаў Яршоў, «там было шмат сакрэтных дадзеных». Баявік атрымаў надзвычай мяккі прысуд: абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Хаця арт. 361-3 прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад 2 да 5 гадоў.

Яршоў пасля вынясення выраку быў вызвалены з-пад варты. Амаль адразу пасля гэтага ён уцёк з «хатняй хіміі» і зноў паехаў на Данбас, пра што сам распавёў журналістам.

Hавiны
Злачынства без пакарання. Як Лукашэнка і ягоныя спецслужбы дазволілі баевікам «ЛДНР» вяртацца ў Беларусь
2020.06.28 16:29

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў