Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту ды выбух газу ў Катовіцах. Галоўныя падзеі ў здымках


Візіт Зянона Пазняка ва Украіну, пратэст з-за спаленага Карану ў Сектары Газу, Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту, марш памяці загінулых за Украіну беларусаў у Кіеве ды самая суровая зіма за апошнія гады ў Афганістане – сабралі галоўныя падзеі свету ў фотападборцы.

Палестынскія студэнты ўдзельнічаюць у акцыі пратэсту з-за спаленага экзэмпляру Карану ўльтраправым палітыкам Расмусам Палуданам (Rasmus Paludan) ля амбасады Турцыі ў Стакгольме. Хан-Юніс (Khan Yunus), Сектар Газа, Палестынская аўтаномія.
Фота: APAImages / Shutterstock / East News
Украінскія вайскоўцы едуць на танку Т-80 непадалёк ад Ліману ў Данецкай вобласці, Украіна.
Фота: Анатоля Сцяпанава / AFP / East News
Лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ і прадстаўнік руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк размаўляе з тройчы параненым на фронце Дзянісам Урбановічам падчас сустрэчы палітыка з беларусамі і ўкраінцамі ў Кіеве, Украіна.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Людзі хаваюцца на станцыі метро падчас паветранай трывогі з-за масіраванага расейскага ракетнага ўдару па ўкраінскіх  гарадах. Кіеў, Украіна.
Фота: Viacheslav Ratynskyi / Reuters / Forum
Ізраільскія вайскоўцы атакавалі лагер бежанцаў у Палестыне, бо ў ім маглі знаходзіцца байцы ўзброенага апалчэння Палестыны. Дзевяць палестынцаў былі забітыя падчас гэтага ваеннага рэйду на акупаваным Заходнім беразе ракі Ярдань. Джэнін (Jenin), Палестына.
Фота: Ayman Nobani / Xinhua / East News

 

У выніку выбуху газу абрынуўся трохпавярховы дом, плябанія евангельска-аўгсбургскай парафіі ў Катавіцах (Katowice). Медычную дапамогу атрымалі чатыры чалавекі, яшчэ двое, маці і дачка, загінулі. Катавіцэ, Польшча.
Фота: Arkadiusz Gola /Polska Press / East News
Дзеці збіраюцца вакол вогнішча пасля снегападу ў Кабуле (Kabul). Афганістан перажывае самую суровую зіму за апошнія гады: у асобных раёнах тэмпература апусцілася да мінус 30°C. Асабліва ў апошнія два тыдні людзі не могуць знайсці ежу і паліва. Марознае надвор’е стала прычынай гібелі дзясяткаў людзей. Кабул, Афганістан.
Фота: Wakil Kohsar / AFP / East News
Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту. 78 гадоў таму савецкія войскі вызвалілі палонных з лагеру смерці Аўшвіц-Біркенаў (больш вядомага пад назвай «Асвенцім»), дзе былі знішчаныя больш за 1,3 млн чалавек. Асвенцім, Польшча.
Фота: Beata Zawrzel / Reporter / East News
Марш памяці загінулых за Украіну беларусаў адбыўся ў Кіеве. Беларусы разам з украінцамі ды беларускімі ваярамі з палку Кастуся Каліноўскага прайшліся пад бел-чырвона-белымі сцягамі да народнага мемарыялу беларусу Міхасю Жызнеўскаму, які бяззбройным загінуў 2 студзеня 2014 года ад кулі «Беркута» падчас Еўрамайдану. Кіеў, Украіна.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат
Альпініст у касцюме супергероя вітае дзяцей у больніцы ў рамках акцыі найбуйнейшай дабрачыннай польскай арганізацыі «The Great Orchestra Of Christmas Charity». Кракаў, Польшча.
Фота: Jakub Porzycki / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum
Эрыка Сэдлачэк (Erika Sedlacek) балансуе на падвешаным паміж будынкамі тросе на вышыні 114 метраў у Сан-Паўлу, Бразілія.
Фота: Carla Carniel / Reuters / Forum

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў