Бабруйская «Белшына» адмовілася ад турніру ў Жодзіне. Не знайшла $ 570?


Калі раней беларускія футбольныя клубы рыхтаваліся да сезону за мяжою, то цяпер яны не могуць сабе дазволіць нават паездку на спаборніцтвы ў іншы горад. Так, бабруйская «Белшына», верагодна, не змагла знайсці 1500 рублёў, каб выправіцца ў Жодзіна.

Футбалісты «Белшыны».
Фота: fcbelshina.by

У Жодзіне традыцыйна праходзіць міжсезонны футбольны турнір. Планавалася, што ў «Белазаўцы-2023», што пройдзе з 30 студзеня да 3 лютага, возьме ўдзел мясцовае «Тарпеда-БелАЗ», берасцейскае «Дынама», гарадзенскі «Нёман» і бабруйская «Белшына».

Але апошнія ад спаборніцтваў адмовіліся. Магчыма, не змаглі знайсці 1500 рублёў (або $ 570 паводле сённяшняга курсу) на заяўку ў турнір. Арганізатары былі вымушаныя замяніць «Белшыну» і выставіць замест яе сваю іншую каманду.

«Белшына», якая планавалася раней, не пацвердзіла ўдзел, таму «аўтазаводцы» будуць прадстаўлены ў турніры дзвюма камандамі», – гаворыцца ў паведамленні арганізатараў.

У мінулым сезоне «Белшына» заняла ў чэмпіянаце Беларусі 12-е месца. Да таго ж у клубу ўтварылася шмат пазыкаў. На сёння каманду пакінулі сем футбалістаў, на змену не падпісаны ніхто.

Нагадаем, што супраць асноўнага спонсара клубу шыннага камбінату «Белшына» дзеюць еўрапейскія санкцыі.

Фінансавыя праблемы цяпер у большасці футбольных клубаў краіны. Паведамляецца, што нават салігорскі «Шахцёр» мае пазыкі перад гатэлямі, у якіх спынялася каманда, а БАТЭ не можа разлічыцца з шэрагам гульцоў. ФК «Менск» пакінула большасць гульцоў, цяпер там плануюць зрабіць стаўку на студэнтаў, які будуць гуляць за мінімальны заробак.

Якуб Хруст / АЛ belsat.eu

Стужка навінаў