Урад Беларусі працягнуў контрсанкцыі на тавары з несяброўскіх краінаў яшчэ на год


Нашая краіна працягнула эмбарга на харчовыя тавары з несяброўскіх краінаў да 31 снежня 2024 года. Гэта вынікае з пастановы № 934, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дзеянне дакументу пачынаецца з моманту публікацыі. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Гэтак, урад працягвае дзеянне пастановы № 700, прынятай 6.12.2021, якая ўводзіць абмежаванне на тавары з несяброўскіх краінаў з 1 студзеня 2022 года.

У спіс забароненых тавараў уваходзяць мяса буйной рагатай жывёлы, авечак, козаў, мяса салёнае, у расоле, жывыя свінні і свініна, субпрадукты хатняй птушкі, арэхі, яблыкі, малако і малочная прадукцыя за выключэннем безлактознай, каўбасы. Пад дзеянне эмбарга трапляюць кандытарскія вырабы, гародніна, садавіна і арэхі ды інш.

У эмбарга некалькі разоў уносіліся змены. У чэрвені забаранілі імпарт піва і слабаалкагольных напояў з Літвы і Польшчы. У лістападзе ў спіс трапілі тавары, забароненыя для імпарту з Латвіі. У той жа час былі выпадкі, калі абмежаванні змякчаліся і з пераліку тавараў выключалі некаторую гародніну і садавіну.

У спісе несяброўскіх краінаў, на тавары з якіх распаўсюджваецца эмбарга, – краіны Еўразвязу, ЗША, Канада, Нарвегія, Албанія, Ісландыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, Чарнагорыя, Швейцарыя.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў