У Менску судзяць маці і дачку за перадаванне звестак у «ЧКБ». Яны працавалі ў «МТБанку»


У Менскім гарадскім судзе 26 снежня пачаўся працэс над работніцамі «МТБанку» Інай і Валерыяй Глінскімі. Маці і дачку судзяць за перадачу ў 2020 годзе звестак сілавікоў у «Чорную кнігу Беларусі», паведамляюць праваабаронцы.

Іна і Валерыя Глінскія на судзе.
Фота: spring96.org

Іну і Валерыю Глінскіх затрымалі 28 снежня 2021 года супрацоўнікі ГУБАЗіКу, іх амаль год утрымліваюць у СІЗА № 1.

Глінскіх вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 3 арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных звестак»), арт. 352 («Неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй»). Справу разглядае суддзя Таццяна Фалькоўская, працэс адкрыты.

Іна Глінская на судзе.
Фота: spring96.org

У справе праходзяць пяцёра пацярпелых – міліцыянты і суддзя. Напрыклад, супрацоўніца Партызанскага РУУСу Менску Ліліяна Жылянкова асабіста з маці прыйшла на суд. Паведамляюць, што ў адной з прыватных медычных установаў, у якой раней абслугоўвалася супрацоўніца, сказалі, што цяпер ёй у медычных паслугах адмаўляюць.

Тэлеграм-канал «Чорная Кніга Беларусі» утварыўся пасля выбараў-2020 дзеля пошуку імёнаў і фота адказных за пераслед і рэпрэсіі ў Беларусі. З верасня 2020 года і да канца траўня 2021 года ў каманду «ЧКБ» трапіў агент ГУБАЗіКу Артур Гайко. Цягам 9 месяцаў ён мог бачыць асабістыя звесткі інфарматараў праекту: нікнэймы і нумары тэлефонаў, калі карыстальнікі іх не схавалі. Дакладна не вядома, якая інфармацыя праз гэта стала даступная для беларускіх сілавікоў. Былая рэдактарка «Чорнай кнігі» Яніна Сазановіч першая агучыла гэтую інфармацыю ў медыях.

Пасля гэтага прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці заклікалі тых, хто што-небудзь дасылаў у «ЧКБ», змяніць нумар тэлефона і выдаліць ​​акаўнт у Telegram. Таксама тым, у каго ёсць магчымасць, раілі пакінуць Беларусь.

«Я расчаравалася ў нашых дэмакратычных лідарах». Размова з Янінаю Сазановіч, былой адміністратаркаю «ЧКБ»

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў