Сайт і сацсеткі газеты «Царква» прызналі «экстрэмісцкімі» матэрыяламі


Суд Ленінскага раёну Берасця прызнаў «экстрэмісцкімі» матэрыяламі сайт і сацыяльныя сеткі газеты «Царква», якая пісала пра жыццё грэка-каталіцкай супольнасці ў Беларусі. Пра гэта паведамляе берасцейская «Вясна».

Рашэнне прызнаць інтэрнэт-рэсурсы газеты «Царква» прымала 14 снежня 2022 года суддзя Алена Кавальчук. Міністэрства інфармацыі дадало ў экстрэмісцкі спіс сайт і сацыяльныя сеткі «Царквы» 26 снежня.

У пачатку лістапада 2022 года ў Берасці затрымлівалі рэдактара газеты Ігара Бараноўскага, а таксама святара грэка-каталіцкай царквы Ігара Кандрацьева. Бараноўскаму прысудзілі 15 содняў адміністратыўнага арышту, Ігару Кандрацьеву – 12 содняў.

Сярод інфармацыйных рэсурсаў, якія трапілі ў «экстрэмісцкі» спіс Міністэрства інфармацыі РБ за апошнія дні – пратэставы тэлеграм-канал Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту «Свободный ВГУ», суполкі ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» – «Докшицы Live», «Настоящая Беларусь», «Усатое Королевство», тэлеграм-канал «Конституция» ды іншыя.

Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў публікуецца і абнаўляецца на афіцыйным сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Спіс займае ўжо 477 старонак і абнаўляецца ледзь не штодзень.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў