Расейская пастка і бяда з IT. Эканамічны прагноз уладаў на 2022 год цалкам не спраўдзіўся


Двухзначная інфляцыя, усе асноўныя паказнікі здароўя эканомікі – рэальныя заробкі беларусаў, ВУП, інвестыцыі, экспарт – у мінусе. Ніводзін з пунктаў эканамічнага прагнозу ўладаў не спраўдзіўся. Болей за тое, Беларусь страціла шматвектарнасць вонкавага гандлю і імідж IT-краіны. «Белсат» падвёў эканамічныя вынікі года разам з навуковым работнікам цэнтру BEROC Львом Львоўскім.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

Штогод улады Беларусі рыхтуюць прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны налета. Гэтыя прагнозы заўсёды вельмі аптымістычныя, і хутчэй іх можна назваць марамі, чымся грунтоўным планаваннем.

Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, ухваленым у снежні летась, у 2022 годзе ўсё мусіла вырасці: валавы ўнутраны прадукт – на 2,9 %, рэальныя заробкі – на 2 %, інвестыцыі ў асноўны капітал – на 3,3 %, экспарт тавараў і паслуг – на 6,3 %. Чакалася, што інфляцыя не перавысіць 6 %.

Гэтае планаванне выявілася марным.

  • За 11 месяцаў сёлета ВУП абрынуўся на 4,7 % у параўнанні са студзенем – лістападам летась.
  • Рэальныя заробкі, то бок тыя грошы, што застаюцца на руках пасля выплаты падаткаў ды ўнёскаў і ўлічваюць інфляцыю, у студзені – кастрычніку сёлета ўпалі на 3,9 % у параўнанні з тым жа перыядам летась.
  • Інвестыцыі ў асноўны капітал за 11 месяцаў перавысілі Br 4,24 млрд – гэта амаль на 8 % меней, чым было ў студзені – лістападзе летась.
  • Тавараў і паслуг экспартавалі за студзень – кастрычнік амаль на $ 37,8 млрд. За 10 месяцаў летась было на 4,6 % болей.
  • Інфляцыя за студзень – лістапад склала 15,4 % год да года.

Што праўда, у сваіх прагнозах памыліліся не толькі беларускія ўлады. Такіх «бліскучых» эканамічных вынікаў не чакаў ні Міжнародны валютны фонд, ні Сусветны банк, ні Еўразійскі банк развіцця.

У кастрычніку летась аналітыкі МВФ меркавалі, што беларуская эканоміка вырасце на 0,5 %, а інфляцыя складзе 8,3 %.

Сусветны банк у ацэнках ВУП, як выявілася, быў бліжэйшы да ісціны, спрагназаваўшы мінус 2,8 %. Затое інфляцыю там чакалі на ўзроўні 7,1 %.

ЕАБР у лістападзе летась паведамляў, што «ў базавым сцэнары» беларуская эканоміка вырасце ў 2022-м на 0,7 %, а інфляцыя не перавысіць 7,4 %.

Вайна абрынула ўсе прагнозы

Летась у снежні свой прагноз на 2022 год «Белсату» даў старэйшы навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі. Тады ён казаў, што «ў базавым сцэнары эканоміка будзе пагаршацца», але рэзкага абвалу не будзе. У прыватнасці, эканаміст чакаў, што ВУП упадзе на 0,5–0,8 %.

Цяпер ён прызнае: усе прагнозы абрынула вайна, якой «ніхто не чакаў». У выніку беларуская эканоміка пацярпела ад санкцыяў і хуткасці іх ухвалення. Да таго ж, шмат якія кампаніі сышлі з Беларусі не праз абмежаванні, а з прычыны таксічнасці краіны, што зрабілася суўдзельніцаю вайны.

Канец шматвектарнасці

Усё гэта прывяло да двух галоўных вынікаў года, сказаў Леў Львоўскі «Белсату». Першы: на шматвектарнасці вонкавага гандлю пастаўлены крыж.

«Поўны канец шматвектарнасці нашай эканомікі. З нашых топ-3 эканамічных партнёраў гандаль з Украінай скараціўся амаль да нуля, гандаль з ЕЗ упаў на 60 %, гандаль з Расеяй павялічыўся на 30 % і працягвае расці. Доля Расеі ў нашым замежнагандлёвым абароце падыходзіць да 70 %. Уся рыторыка – і абсалютна слушная – аб тым, што Беларусі неабходная шматвектарнасць вонкавага гандлю, – усё гэта сышло», – канстатаваў эксперт.

Эксперт цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі. Кіеў, Украіна. 27 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Львоўскі звярнуў увагу на небяспеку такой вялікай залежнасці ад адной краіны, бо любая ўраза ў Расеі імгненна паўплывае на Беларусь.

«Да любога эканамічнага шоку ў Расеі будзем схільныя і мы, калі гэта наш галоўны рынак. Расейская эканоміка сама па сабе не расце хутка, няма ніякіх падставаў лічыць, што яна перастане стагнаваць. Яна будзе расці павольней, чым свет у сярэднім. Гэта значыць, што гэтыя нізкія тэмпы росту будуць перадавацца і на Беларусь», – адзначыў суразмоўца «Белсату».

Бяда з IT

Другая вялікая праблема – падзенне IT-галіны, у тым ліку рэлакацыя праграмістаў, кажа Львоўскі. Перспектывы тут змрочныя: галіна ў крызісе акурат з прычыны таксічнасці Беларусі, і ўлады нічога не робяць, каб гэтую прычыну прыбраць.

«Гэта быў важны сектар для Беларусі. Дзякуючы яму нават пачаў складвацца міжнародны імідж Беларусі, што Беларусь – гэта не толькі трактар, але і IT-краіна. Гэты сектар хутка рос і даваў нам да паловы росту ВУП. І гэты сектар вырашаў частку праблемаў на нашым рынку працы, ён забіраў усё больш і больш кадраў, што вызваляліся ў іншых галінах. Было шмат праграмаў перанавучання для адмыслоўцаў з іншых сфераў, што не маглі знайсці сабе годнай працы, перавучваліся і сыходзілі ў IT», – патлумачыў эканаміст.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Ён адзначыў, што 2022-і – першы год, калі IT-сфера падае: «Падае дададзеная вартасць гэтага сектару, рэзка пачала падаць занятасць у гэтым сектары». Прычым нельга гарантаваць, што, калі «стане ўсё добра», кампаніі і рэлакаваныя айцішнікі вернуцца.

«Калі таксічнасць нейкім чынам знікне, будзе больш шанцаў аднавіцца, але гэта не абавязкова. Нават калі заўтра стане ўсё добра, гэта не азначае, што ўсе кампаніі вернуцца, перавезеныя працаўнікі захочуць ехаць назад», – падкрэсліў Львоўскі.

«Беларусь атрымала чорную метку»

«Дрэнна, але магло быць значна горш», – гэтак пра сёлетнія вынікі выказаўся іншы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC, Дзмітрый Крук. Падчас дыскусіі, якую зладзіў Прэс-клуб, ён заявіў, што патэнцыйна санкцыі супраць Беларусі маглі прывесці да падзення эканомікі на 20 %.

«А мы страцілі каля 4 %. Да санкцыяў удалося прыстасавацца, гэта можна напалову распісаць і на шанцаванне, і на заслугу цяперашніх уладаў – коштам таго, што яны ўсё больш падвесіліся на расейскі кручок і ўзмацнілі залежнасць ад Расеі. Сапраўды, эфект санкцыяў у нейкай ступені нівеляваны, але гэта пакуль. У любы момант можа адбыцца падзенне ў штопар», – мяркуе эксперт.

Экономист Дмитрий Крук, Исследовательский центр BEROC
Дзмітрый Крук, эканаміст і старэйшы навуковы работнік цэнтру BEROC. Кіеў, Украіна. 16 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Крук адзначыў: запусцілася эрозія бізнес-асяроддзя. Наступствы гэтага будуць адчувацца ледзь не дзесяцігоддзямі.

«Калі пасля 2020 года мы казалі, што ёсць запас трываласці ў выглядзе чалавечага капіталу, у выглядзе сучасных бізнесаў прыватнага сектару, то ў 2022 годзе – і нават не праз санкцыі, а менавіта ў сувязі з вайной – гэтая эрозія пачала адбывацца вельмі актыўна», – сказаў Крук.

Таксама ён указаў на кардынальнае пагаршэнне іміджу Беларусі ў свеце праз суўдзел у вайне.

«Раней на нас глядзелі як на крыху звар’яцелую сваячку, але Беларусь маглі крэдытаваць, з беларускімі прадпрыемствамі, з бізнесам спакойна вялі справы – гэтая сітуацыя змянілася. Беларусь як краіна атрымала чорную метку», – рэзюмаваў Дзмітрый Крук.

Крыху адштурхнёмся ад дна

Разважаючы пра імаверныя прагнозы на 2023 год, Леў Львоўскі ў размове з «Белсатам» адзначыў, што шмат будзе залежаць ад таго, ці здарацца нейкія шокавыя падзеі. Паводле базавага сцэнара, эканоміка будзе паступова адаптавацца да санкцыяў, але перадумоваў росту няма ніякіх.

«Падаць больш не будзем ці будзем нямоцна, калі не будзе новых шокаў. Але падставаў для росту ніякіх няма. Ніхто з прычынамі нашага падзення разбірацца не збіраецца. Мы не бачым, каб у Аляксандра Лукашэнкі і ўраду Беларусі былі якія-небудзь планы выкаранення прычынаў крызісу: вырашэнне ўнутрыпалітычных праблемаў, у выніку якіх накладзеная частка санкцыяў, і пытанне аб статусе суагрэсара, з прычыны якога накладзеная іншая частка санкцыяў і які надае статус таксічнасці», – кажа аналітык.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускі металургічны завод.
Фота: BelSteelWorks / Facebook

Імавернасць шокаў высокая, адзначыў Львоўскі. І асноўная праблема, што гэта вонкавыя выклікі, на якія Беларусь паўплываць не можа. Перш за ўсё тут важна, як будуць развівацца падзеі ва Украіне. Таксама ёсць пагроза сусветнай рэцэсіі, пра якую папярэджваюць некаторыя назіральнікі.

«Гэта азначае спад попыту на розныя тавары, асабліва на нафтапрадукты. Гэта азначае шок для Расеі і, адпаведна, для нас», – заўважыў суразмоўца «Белсату».

Ну і самі ўлады могуць сваймі рукамі ўчыніць крызіс. Апошні прыклад – змаганне з цэнамі.

«Наш урад таксама здольны на генераванне нейкіх ідэяў, некаторыя з якіх могуць быць вельмі небяспечнымі. Мы ведаем, што ўрад у наступным [2023-м. – Заўв. belsat.eu] годзе сабраўся друкаваць грошы. Раман Галоўчанка заяўляў, што чакае рост інвестыцыяў на 22 %, але зразумела, што ні пра які інвестклімат гаворкі не ідзе. Гэта азначае, што ўрад збіраецца гэтыя 22 % інвестыцыяў надрукаваць. Калі гэта рабіць акуратна, то гэта будзе азначаць павышаную інфляцыю. Калі гэта рабіць неакуратна, то гэта можа прывесці і да вострага крызісу», – папярэдзіў Львоўскі.

Кірмаш сельскагаспадарчай прадукцыі ў мікрараёне Уручча. Менск, Беларусь. 7 лістапада 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

Калі ўявіць, што налета вайна ва Украіне скончыцца, санкцыі супраць Расеі і Беларусі хутка не скасуюць.

«Каб адмяніць санкцыі, якія ўводзяць супраць вас з прычыны вайны, трэба неяк даказаць, што гэты прэцэдэнт больш не паўторыцца, даказаць, што вы больш не пачняце вайны ці, у выпадку Беларусі, што вы больш не будзеце даваць сваёй тэрыторыі для чужых арміяў. Даказаць гэта даволі складана», – падсумаваў аналітык.

Аналітыка
«Глеба пад нагамі ператварылася ў багну». Эканаміст Крук зрабіў прагноз для Беларусі на 2023 год
2022.12.12 06:20

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў