Колькі выдаткоўвае на вайну Украіна, Захад і Расея


На мінулым тыдні прэзідэнт Джо Байдэн запрасіў у Кангрэса ЗША дадатковае фінансаванне для Украіны ў памеры $61,4 млрд (у гэтую суму ўваходзіць як вайсковай падтрымка, так і макрафінансавая дапамога). Ці ўхваліць Кангрэс такія выдаткі, пакуль невядома. Belsat.eu вырашыў разабрацца, колькі ўвогуле каштуе вайна Расеі і Украіны з фінансавага пункту гледжання. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Рышы Сунак на сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у кулуарах саміту NATO у Вільне, Літва. 12 ліпеня 2023 года.
Фота: Ukraine Presidency / Ukraine Presi / Zuma Press / Forum

Украіна: выжыванне за кошт дапамогі саюзнікаў

Паводле звестак Стакгольмскага інстытуту даследавання праблем міру (SIPRI), ваенныя выдаткі Украіны ў 2022 годзе выраслі да $44 млрд. Як патлумачыў кіраўнік камітэту Вярхоўнай Рады па пытаннях фінансаў, падатковай і мытнай палітыкі Данііла Гетманцава, у першым паўгоддзі 2023 года на забеспячэнне ЗСУ пайшло 47, 7% выдаткаў агульнага фонду дзяржаўнага бюджэту.

У верасні 2023 году тагачасны міністр абароны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што адзін дзень вайны каштуе Украіне прыкладна $100 млн. Такім чынам, штомесяц, імаверна, выдаткоўваецца прыкладна $3 млрд, а ў год – да $36,5 млрд.

Пры гэтым незразумела, што канкрэтна ўваходзіць у гэтую лічбу, бо некаторыя ўкраінскія чыноўнікі прыводзяць іншыя звесткі. Напрыклад, у сакавіку 2023 года міністр фінансаў Сяргей Марчанка адзначыў, што Украіна марнуе на вайну прыкладна па 130 мільярдаў грыўняў у месяц (то бок каля $3,4 млрд штомесяц і $40,8 млрд у год).

Прэм’ер-міністр Дзяніс Шмыгаль у жніўні 2023 году распавёў журналістам, што фактычна вайна і падтрымка ЗСУ каштуе Украіне каля 2 трыльёнаў грыўняў у год (па цяперашнім курсе больш за $52,5 млрд).

Прэм’ер растлумачыў, што гэта «больш, чым даходная частка бюджэту мірнага часу» (у мірны час даходная частка складала 1,3 трлн грн), таму дзяржава трымаецца за кошт фінансавай падтрымкі саюзнікаў, а таксама дзякуючы грантам і крэдытам.

«Мы страцілі каля 30% нашай эканомікі і прадпрыемстваў. Мы страцілі 3,5 млн працоўных месцаў. У першы год вайны страцілі 29,5% нашага ВУП», – адзначыў ён.

ЕЗ і ЗША: зброя, эканоміка і ўцекачы

Выдаткі Захаду на вайну ўключаюць у сябе вайсковую, фінансавую і эканамічную дапамогу, а таксама выдаткі на перамешчаных асобаў і ўцекачоў.

Паводле ўкраінскага Нацбанка, у 2022 годзе Украіна атрымала $ 32,14 млрд ад міжнародных партнёраў. У тым ліку ад ЗША – $12 млрд, Еўразвязу – $8 млрд, МВФ – $2,7 млрд, Канады – $1,9 млрд.

За пяць першых месяцаў 2023 года міжнародная дапамога склала яшчэ $ 19,79 млрд: У тым ліку ад ЕЗ $8,12 млрд, ад ЗША – $6 млрд, ад МВФ – $2,7 млрд, ад Канады – $1,76 млрд, ад Сусветнага банка – $547 млн.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскі жаўнер стаіць ля танкаў Leopard 2 на вайсковай базе падчас вучэнняў, якія з’яўляюцца часткай вайсковай дапамогі Еўразвязу Украіне. Сьвентошаў (Świętoszów), Польшча. 13 лютага 2023 года.
Фота: Michal Dyjuk / AP Photo

Агулам Украіна чакае ў 2023 годзе $42 млрд міжнароднай дапамогі і столькі ж разлічвае атрымаць у 2024 годзе. Гэта без уліку выдаткаў Захаду на пастаўкі зброі і дапамогу ўцекачам.

Паводле афіцыйных звестак, Еўразвяз (як на ўзроўні еўрапейскіх інстытуцыяў, так і на нацыянальным узроўні) па стане на канец верасня 2023 году агулам выдаткаваў на падтрымку Украіны € 82 млрд. З іх 31 млрд еўра – гэта фінансавая, эканамічная і гуманітарная дапамога з бюджэту ЕЗ, а €9,4 млрд – гэта гранты, пазыкі і гарантыі, прадастаўленыя дзяржавамі-чальцамі Еўразвязу. Яшчэ €17 млрд – дапамога перамешчаным асобамі і ўцекачам з Украіны. На вайсковую падтрымку Украіны Еўразвяз выдзеліў €25,17 млрд.

У Злучаных Штатаў вайсковы складнік дапамогі наадварот пераважае.

Паводле выдання «The Washington Post», толькі за паўтара года вайны агульная сума выдаткаў ЗША на Украіну склала $66 млрд. З іх на дапамогу ўкраінскаму бюджэту прыпадае $20,5 млрд, а яшчэ больш за 2,6 млрд – на падтрымку перамешчаных асоб і ўцекачоў. Амаль $43 млрд (65% ад усёй сумы) – гэта вайсковая дапамога. Сюды ўваходзіць $23,5 млрд непасрэдна на зброю і рыштунак, $18 млрд – на іншую дапамогу (навучанне, кансультаванне, лагістыку і абсталяванне), $1,5 млрд – на гранты і пазыкі іншым краінам для закупаў узбраення і тэхнікі.

Не ўсе пагаджаюцца з высновамі «The Washington Post». Паводле амерыканскай недзяржаўнай арганізацыі «Рада па міжнародных стасунках» (Council on Foreign Relations), выдаткі ЗША ўжо на канец ліпеня 2023 году склалі $76,8 млрд. А тэлеканал «Fox News» і некаторыя сенатары-рэспубліканцы ўвогуле называюць лічбу ў больш чым $100 млрд.

Што тычацца выключна вайсковай дапамогі з боку Захаду, то тут ацэнкі таксама адрозніваюцца. У верасні 2023 году міністр Рэзнікаў ацэньваў яе прыкладна ў $100 млрд, у тым ліку каля $60 млрд ад ЗША. Аднак кіраўнік Пентагону Лойд Осцін таксама ў верасні распавядаў, што ЗША і іх партнёры выдаткавалі на абарону Украіны толькі $76 млрд.

Hавiны
Байдэн паабяцаў не дапусціць перамогі «Хамасу» і Пуціна
2023.10.20 08:44

Расея: непразрыстасць і вялікія маштабы

Непразрыстасць бюджэту РФ (частка артыкулаў бюджэту засакрэчана) не дазваляе падлічыць усё выдаткі, звязаныя з вайной і супрацьстаяннем з Захадам. Аднак нават з тых няпоўных дадзеных, якія прыводзяць медыі, можна зрабіць выснову, што Расея інвестуе ў вайну істотна больш, чым Украіна і Захад.

Паводле падлікаў выдання «Forbes», Расея штодзень на вайну з Украінай выдаткоўвае каля $300 млн (то бок у некалькі разоў больш, чым Украіна на вайну з РФ).

Прамыя ваенныя выдаткі і кошт страчанай тэхнікі Расеі за 18 месяцаў вайны склалі каля $167 млрд. Гэтая ацэнка не ўключае пастаянныя выдаткі на абарону, не звязаныя з баявымі дзеяннямі. Лічба ўражвае: для параўнання вайсковая дапамога ЕЗ і ЗША для Украіны склала за той жа перыяд ад 76 да 100 млрд долараў.

Найбольш буйныя артыкулы расейскіх ваенных расходаў: забеспячэнне баявых дзеянняў ($51,3 млрд), заробкі вайскоўцам ($35,1 млрд), кампенсацыі семʼям загінулых ($25,6 млрд) і параненых ($21 млрд) і кошт знішчанай тэхнікі ($34 млрд).

Што тычыцца агульнага вайсковага бюджэту РФ, то летась ён складаў не менш за $86,4 млрд (падлікі SIPRI), а ў 2023 годзе – больш за $100 млрд (звесткі Reuters). У 2024 годзе выдаткі Расеі на вайну маюць яшчэ больш вырасці.

Усе гэтыя падлікі не ўлічваюць эканамічныя і ўскосныя страты, панесеныя Расеяй ад санкцыяў і эканамічнай ізаляцыі. Напрыклад, паводле Міжнароднага энергетычнага агенцтва, РФ толькі ў студзені 2023 года страціла 8 млрд ад зменаў коштаў на нафту.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў