Хапуны на беларускіх прадпрыемствах: затрымалі работнікаў «Лідскага піва» і «Паліміру»


Праваабаронцам стала вядома пра масавыя затрыманні на беларускіх прадпрыемствах. Як мінімум шасцярых асобаў затрымалі ў кампаніі «Лідскае піва», трох – на заводзе «Палімір» у Наваполацку.

«Лідскае піва».
Фота: lida_grab_court/Telegram

На «Лідскае піва» сілавікі прыйшлі каля 10:00 27 кастрычніка. Былі затрыманыя прынамсі шасцёра работнікаў, з якой прычыны і дзе яны цяпер, невядома.

24 кастрычніка затрымалі трох работнікаў цэху № 201 заводу «Палімір». На аднаго з іх завялі крымінальную справу. Вядома, што мужчынаў затрымалі пасля ўдзелу ў чат-рулетцы па даносе правакатара Юрыя Комара.

Як паведамляе тэлеграм-канал «Нафтан» против экстремизма», падчас застолля сябры надумалі скарыстацца спецыялізаваным сэрвісам для відэа- і тэкставай камунікацыі, вядомай як «чат-рулетка». Яны апынуліся ў адным чаце з Юрыем Комарам. Падчас размовы былі закранутыя палітычныя тэмы. Запіс апублікавалі на YouTube, на яго падставе супраць аднаго з работнікаў «Паліміру» завялі крымінальную справу.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў