«BYSOL» набірае былых палітвязняў на перанавучанне новай прафесіі


Фонд «BYSOL» прапануе былым палітычным вязням шэраг курсаў, каб перападрыхтавацца і атрымаць новую прафесію. Набор ужо ідзе, пачатак навучання – у канцы кастрычніка.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: depositphotos.com

Праграма перанавучання былых палітычных вязняў ад «BYSOL» скіраваная на беларусаў, якія былі ў месцах зняволення больш за тры месяцы. Пры гэтым афіцыйнае прызнанне палітвязнем неабавязковае.

На навучанне могуць прыходзіць таксама асуджаныя да «хіміі» – як з скіраваннем, так і «хатняй» – як тыя, хто адбывае пакаранне і ў каго яно ўжо скончылася.

«Рэальнасць паказала, што ўсе палітзняволеныя пасля вызвалення сутыкаюцца з цяжкасцямі пры пошуку працы. Тых, хто застаецца ў Беларусі, не бяруць праз перадузятасць ці перастрахоўку, а тыя, што з’язджаюць, не заўсёды могуць знайсці працу паводле сваёй спецыяльнасці. Мы запыталіся ў тых, хто звяртаўся па дапамогу ў «BYSOL», ці цікава ім прафесійнае перанавучанне. І шмат хто падтрымаў гэтую ініцыятыву», – кажа Мікіта, кіраўнік кірунку падрыхтоўкі «BYSOL».

Каб пачаць навучанне, трэба падаць заяўку і прайсці верыфікацыю – падаць дакументы, якія пацвярджаюць, што чалавек быў рэпрэсаваны, затрыманы, вызвалены. Можна адначасова падаваць заяўкі на некалькі курсаў. Калі месцаў на курсе будзе менш, чымся заявак, прыярытэт будзе аддавацца тым, хто яшчэ не браў удзелу ў праграмах перападрыхтоўкі.

Hавiны
«BYSOL» ужо выплаціў на падтрыманне палітвязняў 49 500 еўраў, сабраных падчас марафону салідарнасці
2023.10.23 14:54

Навучанне будзе праходзіць онлайн увечары ў сярэднім 2 разы на тыдзень цягам двух месяцаў на платформе «Zoom» па-расейску. У мэтах бяспекі, асабліва тых, хто застаецца ў Беларусі, «BYSOL» просіць падчас заняткаў не ўлучаць камеры, не размяшчаць фота і сапраўднага імя.

Набіраюцца групы на 10–20 чалавек. Пасля сканчэння навучання ўдзельнікі атрымаюць сертыфікаты.

Цяпер можна запісацца на наступныя курсы:

  • англійская мова,
  • SEO (пошукавы маркетынг),
  • SMM (прасоўванне ў сацыяльных сетках),
  • маркетынг,
  • асновы ўэб-дызайну.

Блізкім часам плануецца запусціць курсы барыста – цяпер вядуцца перамовы з такою школаю.

Пачытаць пра курсы падрабязней і запісацца можна па спасылцы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў