Ад сардэчнага прыступу памёр былы прэм’ер-міністр Кітаю


Лі Кэ Цян, які ўзначальваў урад Кітаю цягам 10 гадоў (з 2013-га да 2023-га), памёр 26 кастрычніка ў Шанхаі, дзе быў на адпачынку, паведамляе кітайскае выданне «Xinhua»

Лі Кэ Цян.
Фота: knews.kg

Палітыку было 68 гадоў. У яго здарыўся сардэчны прыступ, медыкі спрабавалі яго ўратаваць, але не здолелі.

Лі Кэ Цян займаў пост прэм’ер-міністра Дзяржаўнай рады Кітаю з 2013-га да 2023 года. Ён пайшоў з пасады сёлета ў сакавіку. У кастрычніку 2022 года палітык не ўвайшоў у новы склад ЦК Кампартыі Кітаю.

Калі Лі Кэ Цян заняў пасаду, ён заявіў, што Дзяржаўная рада КНР, якая кантралюе і прымае пастановы ў занадта вялікай колькасці пытанняў, адмовіцца ад траціны сваіх функцыяў на карысць грамадства і рынку.

«Мы мусім адрадзіць прыватныя інвестыцыі і выдаткі з дапамогай дэрэгулявання і іншых рэформаў», – казаў Лі Кэ Цян.

Сваёй галоўнай задачай на чале ўраду Лі Кэ Цян называў уладкаванне комплексу сацыяльна-эканамічных пытанняў: беспрацоўе, розніца ў даходах гарадскога і вясковага насельніцтва, далейшая ўрбанізацыя краіны і гэтак далей.

Падчас пандэміі COVID-19 прэм’ер-міністр папярэджваў пра праблемы, з якімі сутыкнецца эканоміка ў выніку строгіх каранцінных абмежаванняў.

У Лі Кэ Цяна засталіся дачка і жонка, якая працуе прафесаркай у Сталічным універсітэце эканомікі і бізнесу ў Пекіне.

Hавiны
Лукашэнка не паехаў у Кітай на форум «Адзін пояс – адзін шлях»
2023.10.17 13:08

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў