У Еўразвязе назвалі сацсетку Х Маска галоўнаю платформаю расейскай дэзынфармацыі


Сацыяльную сетку X (раней Twitter) Ілана Маска назвалі найбуйнейшым каналам распаўсюду дэзынфармацыі. Пра гэта заявіла віцэ-прэзідэнтка Еўракамісіі Вера Ёўрава, паведамляе «The Bell» са спасылкаю на «Bloomberg».

Лагатып X на будынку. Здымак з відэа: france24.com

«Гэтая зброя масавых маніпуляцыяў коштам шмат мільёнаў еўраў, скіраваная і на расейцаў, і на ўвесь астатні свет. Буйныя кантэнтавыя платформы абавязаныя перадухіляць гэтую рызыку. Асабліва ў кантэксце імавернай актыўнасці Крамля – і не толькі – перад выбарамі ў ЕЗ», – заявіла Вера Ёўрава.

Асабліва гэта трэба ўлічваць у кантэксце таго, што Крэмль ды іншыя будуць актыўныя перад еўрапейскімі выбарамі, дадала віцэ-прэзідэнтка Еўракамісіі.

На думку Ёўравай, менавіта ў X (раней Twitter) «самая вялікая доля допісаў з скажэннямі і беспасярэдняю дэзынфармацыяй». Асаблівая актывізацыя расейскіх наратываў у сацыяльнай сетцы адзначаная перад нядзельнымі выбарамі ў Славаччыне, дзе ёсць умоўна прарасейскі кандыдат.

Таксама Еўразвяз заклікаў платформы Крамянёвай даліны павысіць сваю пільнасць у барацьбе з расейскаю «вайной ідэяў».

Нядаўна Еўракамісія выпусціла справаздачы пра стан барацьбы з дэзынфармацыяй на асноўных буйных лічбавых платформах, як Meta, Google, TikTok, X ды іншых. Большасць асноўных платформаў пагадзілася працаваць з ЕЗ над добраахвотным кодэксам паводзінаў, мэта якога – устанавіць стандарты для правярання фактаў ды іншых захадаў.

Лукавыя навіны. Выкрываем фэйкі
 Рэгіёны Расеі плацяць за прапаганду Крамля
2023.09.08 23:32

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў