Беларусь плануе імпартаваць мільён тон збожжа з прычыны нізкага ўраджаю


Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Сяргей Барташ у эфіры ОНТ паведаміў, што сёлетні ўраджай будзе на мільён тон меней за леташні. Менавіта мільён тон збожжа купяць за мяжою.

Поле са збожжам. Крупскі раён, побач з вёскай Нявераўшчына, Беларусь. 6 ліпеня 2021 года.
Фота: АЗ / Белсат

Летась у Беларусі, паводле звестак міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, сабралі больш за 10 млн тон збожжа з улікам рапсу. Сёлета будзе меней, прызнаў кіраўнік ведамства Сяргей Барташ:

«Каравай будзе больш сціплым больш чым на мільён тон, але стварыць падушку бяспекі ўсё-ткі неабходна, таму мы плануем каля мільёна тон закупіць звонку. Усё ж такі мы не ведаем, якім будзе наступны год, таму падушка бяспекі заўсёды мусіць быць».

Міністр упэўнены, што, каб не губляць ураджай, патрэбна «удасканальваць тэхналогіі».

«Тады мы не будзем залежаць ад умоваў надвор’я. Зона рызыкоўнага земляробства паволі будзе сыходзіць. Клімат мы не зможам змяніць, а тэхналогіі можам удасканальваць і зрабіць так, каб гэта было набліжана да таго клімату, што ў нас сёння складаецца», – сказаў чыноўнік.

Паводле звестак Мінсельгасхарчу на 27 жніўня, у Беларусі сёлета намалацілі амаль 6,9 млн тон збожжа з улікам рапсу.

Каментар
У выніку засухі ў траўні і пачатку чэрвеня Беларусь недаатрымае ўраджай
2023.06.09 21:29

У інтэрв’ю ОНТ Барташ таксама пахваліўся экспартам харчоў «на азіяцкія і афрыканскія рынкі».

«Мы сёння пастаўляем у азіяцкія краіны ўсю прадукцыю. Пастаўляем і на Далёкі Усход, у тым ліку і сырна-малочную прадукцыю. У Венесуэлу ідзе пастаўка, у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты», – запэўніў міністр.

Ён сцвярджае, што з Беларуссю хочуць мець супрацу і еўрапейскія бізнесоўцы, аднак гэтаму перашкаджае «палітыка, што сёння вядзецца». «Тое, што ім патрэбна, мы будзем пастаўляць ім, тое, што нам трэба, яны будуць пастаўляць нам. Крыху больш складана, але гэта – пытанне вырашальнае», – падсумаваў Барташ.

Паводле звестак Белстату, у 2021 годзе Беларусь толькі пшаніцы імпартавала на $51 млн, а агулам рознага збожжа – на $157 млн. Леташнія дадзеныя засакрэчаныя.

Меркаванні
«Каліф на гадзіну». Ці доўгім будзе кар’ерны век у новага міністра сельскай гаспадаркі і харчавання
2023.08.14 09:41

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў