Беларусы пазбаўляюцца ілюзіяў. Сілавікі ваююць з народам добраахвотна і гатовыя працягваць столькі, колькі спатрэбіцца. Пуцін падтрымлівае Лукашэнку. Менавіта гэта дазваляла і дазваляе ўладам катаваць беларусаў, саджаць у турмы і выганяць з краіны. Як можна змяніць сітуацыю?
Дзве навіны за адзін дзень:
Што датычыць першай навіны, беларусы б здзівіліся, хутчэй, калі б запіс аказаўся падробленым. Увесь яго змест вельмі добра адлюстроўвае як імідж самога Караева, так і адпавядае палітыцы ды дзеянням хунты, пачынаючы з жніўня 2020-га:
«Пераследуйце тых, хто пагражае нам з вамі, чыноўнікам. Ну, і асабліва калі вам. Усё кідайце, знаходзьце гэтую пачвару і прыбірайце».
Што датычыць высновы СК, яна сапраўды гэтак жа адпавядае лініі паплечнікаў Лукашэнкі. Не важна, наколькі адпавядае рэальнасці, важна, наколькі яна адпавядае меркаванню начальства.
Ёсць у гэтым нейкі сюррэалізм. Як быццам у адзін і той жа дзень Юрый Караеў зноў кажа сілавікам: «Сіняю дупай уратавалі краіну», і Дзмітрый Гара са СК кідае ў твар скалечаным беларусам: «Вы самі прасілі збіць вас, каб стаць уцекачамі ў ЕЗ».
Які ўва ўсім гэтым сюррэалізме можа быць станоўчы момант? Усё менш людзей наіўна вераць, што без люстрацыі можна перайсці ад лукашэнкаўскай БССР да новай Беларусі.
У жніўні 2020-га многія не хацелі верыць у халодную жорсткасць сілавікоў і вылучалі свае версіі:
Усё гэта псіхалагічныя механізмы рацыяналізацыі ўбачанага. Спроба растлумачыць тое, што адбываецца, з гледзішча здаровага разумнага чалавека.
А што з боку дэмакратычных сілаў? Дзяўчаты выходзілі ў белым і з кветкамі. Аналітыкі выпускалі «канцэпцыі рэабілітацыі», якія абяцалі не прыцягваць да адказнасці альбо прыцягваць мінімальна тых, хто складзе зброю (або паверне яе супраць хунты).
Цяпер мы, беларусы, пазбаўляемся гэтых ілюзіяў.
У іх іншыя каштоўнасці, іншае паняцце пра чалавечнасць.
Так, для іх кватэра ў крэдыт важнейшая за вашыя вочы і ныркі.
Так, яны могуць хлусіць і пісьмова, і вусна, і ў судзе, і пад прысягаю.
Так, іх не бянтэжыць той факт, што сотні тысяч беларусаў з’едуць з краіны.
Яны не перажываюць з нагоды таго, што тысячы бязвінна асуджаных людзей сядзяць у турмах.
Іх не хвалюе давядзенне да самагубства і забойства.
Так, яны гатовыя працягваць столькі, колькі спатрэбіцца.
Для гэтага трэба зразумець, што дазволіла ім утрымаць уладу ў 2020 годзе.
Адзін з найлепшых, на мой погляд, тэлеграм-каналаў Беларусі пра палітыку – «Рефлексия и реакция» – напісаў лаканічны і дакладны матэрыял. Пра тое, што было галоўным фактарам захавання ўлады Лукашэнкі ў жніўні 2020-га. Тлумачаць на прыкладзе талібаў у Афганістане. Дазволю сабе тут кароткі пераказ з пераасэнсаваннем.
Вера ў сілу старэйшага брата.
Хіба гэта 2,5 тысячы жаўнераў амерыканскага войска два дзесяцігоддзі ўтрымлівалі ўладу ў Афганістане супраць больш як пяцідзесяці тысяч талібаў? Не. Уладу амерыканцаў утрымлівала вера ў тое, што ЗША абароняць зону сваіх інтарэсаў, сваіх салдатаў у ёй і гатовыя ваяваць. Толькі заява амерыканцаў пра сыход дазволіла атрымаць талібам уладу.
Дакладна гэтак жа вера беларускіх салдатаў, міліцыянтаў і генералаў у тое, што Пуцін падтрымае, дазволіла хунце Лукашэнкі ўтрымаць уладу. І мы пераканаліся на фактах, што падставы для гэтай веры былі і ёсць.
Я, разам з аўтарам каналу «Рефлексия и реакция», падзяляю гэтае перакананне і сцвярджаю, што без падтрымання Пуціна хунта не дажыла б да канца 2020 года. Падтрымка Пуціна дазваляла і дазваляе ўтрымаць хунце ўладу. Падтрымка Пуціна дазваляла і дазваляе Лукашэнку катаваць беларусаў, саджаць у турмы і выганяць з краіны. Так, савецка-расейская імперыя гістарычна сябе зжыла. Але атручваць жыццё суседзям можа яшчэ дзясяткі гадоў.
Беларуская армія не зможа супраціўляцца расейскай, а ўжо мірнае насельніцтва дакладна не зможа супрацьстаяць расейскай арміі.
Беларусь як краіна эканамічна моцна слабейшая за Расею.
Дык няўжо Беларусь застаецца ў безнадзейнай сітуацыі? Не. Фінляндыя была меншай і слабейшай. Чэхія была меншай і слабейшай. Літва, Польшча, Эстонія, Украіна – усе гэтыя краіны, нашыя суседкі, у свой час праходзілі цяжкі шлях вызвалення ад расейскага ўплыву.
Па-першае, сказаць пра гэта ўслых. Парадаксальная сітуацыя: большасць беларусаў супраць АРЛ. Але нават сярод тых, хто супраць АРЛ, ёсць тыя, хто да гэтага часу за Пуціна.
Калі мы хочам выніку хутчэй, нам варта ў гэта ўкласціся. Як мінімум, пагаварыць з сябрам, братам, суседам, калегам. Калі мы нічога не робім для перамогі, у нас няма права скардзіцца на тое, што яна не прыходзіць так хутка, як нам хацелася б.
Па-другое, трэба браць удзел у кампаніях эканамічнага супраціву, якія арганізуюць дэмакратычныя сілы: ад «банкамат – абменнік – банк» да лістоў палітыкам, якія ўплываюць на МВФ (не, гэтая кампанія яшчэ не скончаная).
Нашая задача не перамагчы ў лабавым сутыкненні (што немагчыма). Нашая задача – стаць тым самым чамаданам без ручкі, які нязручна несці (што аказалася магчыма для краінаў, якія ў той момант былі яшчэ меншымі і бяднейшымі за нас).
У той момант, калі Крэмль стоміцца гэты чамадан несці, усе ўбачаць, наколькі мала ідэйных прыхільнікаў у хунты, гатовых яе абараняць. Так было ў СССР і так будзе ў нас.
Гэта тэма для значна большага матэрыялу, але варта пазначыць важныя тэзісы.
Мы не павінны помсціць. Не мае быць месца пазасудовым расправам. Але мы і не павінны дазволіць пазбегчы адказнасці. Правасуддзе заўсёды паміж помстай і беспакаранасцю. Таму трэба выкарыстоўваць выключна прававыя механізмы.
Хачу адзначыць, што гэтыя прапановы ёсць прыватным меркаваннем і не адлюстроўваюць пазіцыі ў гэтым пытанні ні Каардынацыйнай рады, ні Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, якія я рэпрэзентую. Гэтая прапанова – хутчэй, запрашэнне да дыскусіі на вострую тэму.
Пасля распаду СССР толькі тры рэспублікі, як пішуць, цалкам забаранілі супрацоўнікам КДБ займаць дзяржаўныя пасады на тэрмін да 25 гадоў. І толькі гэтыя ж тры краіны здолелі стаць часткай Еўрапейскага Звязу. Літва, Латвія, Эстонія.
Калі мы хочам калі-небудзь дасягнуць узроўню законнасці, характэрнага для Еўрапейскага Звязу, мы не павінны баяцца ачысціць нашую краіну ад службовых злачынцаў.
Фота вокладкі: АК / АА / Белсат
Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.