Вагнэраўцы ў Беларусі. Што далей?


Ці звязаныя паміж сабой прыезд у Беларусь ПВК Вагнэра і размяшчэнне ў нашай краіне расейскай ядравай зброі, ды чаго можна чакаць беларусам ад размяшчэння на нашай тэрыторыі лагеру наймітаў? Гэтыя пытанні ў жывым эфіры «Белсату» абмеркавалі журналісты Аляксандр Атрошчанкаў («Reform.by») і Руслан Шошын (газета «Rzeczpospolita»).

Цалкам размову глядзіце ў відэа:

«Я б гэтыя небяспекі не звязваў, усё ж гэта два абсалютна розныя трэкі», – кажа Аляксандр Атрошчанкаў наконт сувязі паміж размяшчэннем у Беларусі лагера ПВК Вагнэра і расейскай ядравай зброі. «Рашэнне аб увозе ядравай зброі прымалася не за адзін дзень, а за некалькі гадоў. Шмат гадоў ішоў гэты працэс інтэграцыі беларускага войска ў расейскае войска, сінхранізацыя гэтых вайсковых машын. А падзея з «Вагнэрам» – гэта ўсё ж падзея апошняга часу», – тлумачыць ён. Але, вядома ж, што абедзьве падзеі – гэта небяспека для краіны, адзначае журналіст.

Руслан Шошын звяртае увагу на тое, што на сітуацыю цяпер не ў стане паўплываць не толькі беларусы, але і сам Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадвае, што ў ПВК Вагнэра акрамя зэкаў шмат дасведчаных вайскоўцаў з вайсковай выведкі, напрыклад, ГРУ, якія працягнуць падпарадкоўвацца Крамлю і выконваць любы загад зверху.  Лукашэнку застанецца толькі назіраць за падзеямі на сваёй жа тэрыторыі, канстатуе суразмоўца.

Беларускія вайскоўцы з байцамі ПВК Вагнэра адпрацоўваюць вучэбна-баявыя задачы на палігоне Берасцейскі паблізу мяжы з Польшчай. 20 ліпеня 2023 года. Крыніца: Оркестр Вагнера | Wagner / Telegram

«Для Беларусі гэта такі чарговы элемент залежнасці, непрадказальнасці, як з той жа зброяй ядравай, якой можа там і не шмат, але ў нейкай надзвычайнай сітуацыі хто яе будзе ахоўваць? Ці можна выключыць, што зойдуць спецыяльныя расейскія падраздзяленні, якія зоймуць нейкія абʼекты і скажуць, што яны ахоўваюць ядравую зброю ў Беларусі?» – задаецца пытаннямі журналіст газеты «Rzeczpospolita».

Ён лічыць, што такімі дзеяннямі Масква яшчэ больш прывязвае да сябе Беларусь.

«Я б задаў пытанне: ці зʼяўляецца ўвогуле Лукашэнка нейкім субʼектам, ці пыталіся ў яго аб гэтым, ці яго інфармавалі, у якім выглядзе вагнэраўцы прыедуць. Таму што, калі на гэтых перамовах з Пуціным у Пецярбурзе, ну, выглядала, што Лукашэнка не тое што прыехаў перамаўляцца, прыехаў высветліць, на якіх умовах і колькі іх будзе», – дадае Аляксандр Атрошчанкаў, падкрэсліваючы, што аўтарытэту такія абставіны не дадаюць ні Лукашэнку, ні ягоным камандзірам.

Журналіст «Reform.by» лічыць, што прысутнасць наймітаў – пагроза і для будучыні беларускага войска. Маўляў, навошта працягваць свой кантракт там, калі можна падпісаць новы з ПВК Вагнэра, дзе заробкі нашмат вышэйшыя. У сувязі з гэтым нельга забываць, што кіруе той, хто плоціць, а ў выпадку з вагнэраўцамі гэта не Беларусь.

«Вагнэраўцы не сядзяць у гэтых намётах бясплатна. Яны атрымліваюць вельмі добрыя грошы, як на варункі расейскія, так і на варункі беларускія. Таму пытанне, хто за гэта плоціць.  Мы можам разважаць, што гэта нейкая прыватная фармацыя, але добра вядома, што гэтыя грошы ідуць з Крамля. Пытанне толькі, у якіх мэтах Крэмль працягвае фінансаваць гэтую структуру», – пакідае адкрытым пытанне Руслан Шошын.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў